Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

Слава працы

Слава працы

Сёння ён там узначальвае ўчастак цеплавой гаспадаркі. Паважаюць Мікалая Міхайлавіча за чуласць, уменне лічыцца з меркаваннем іншых, за добрыя арганізатарскія здольнасці. За тое, што ўмее ўзяць адказнасць на сябе, не перакладаючы яе на іншых. У працоўнай кніжцы Мікалая Пыско ўсяго два запісы. Першы — з ААТ «Семежава». У 1979 годзе пасля заканчэння тэхнікума малады спецыяліст прыйшоў у гаспадарку і практычна да пачатку двухтысячных працаваў там. Па спецыяльнасці ён — тэхнік-электрык. — А потым захацелася паспрабаваць сябе ў чымсьці новым, — распавядае Мікалай Пыско. — Вырашыў вывучыць цеплавую гаспадарку. Так і прыйшоў у ЖКГ: адразу майстрам, а пасля кіраўніцтва прапанавала праявіць сябе на пасадзе начальніка ўчастка. Ды так і застаўся. Мой занятак мне падабаецца, хоць часта бываюць складанасці. Увогуле, цяжкасцей хапала з самага пачатку маёй працоўнай дзейнасці ў жылкамунгасе. Калі прыйшоў, абсталяванне было зусім зношаным, часта ламалася. З часам усё мянялі, рамантавалі. Праца ў Мікалая Міхайлавіча сапраўды адказная. Пад яго кантролем знаходзяцца ўсе кацельні ва ўстановах адукацыі. У падначаленні — трыццаць пяць чалавек. Менавіта каманда Пыско адказвае за тое, каб школа не засталася без цяпла, асабліва ў люты мароз. Як кажуць, рыхтуй сані летам... Так і ў супрацоўнікаў цеплавога ўчастка лета — гарачая пара. Трэба адрамантаваць і падрыхтаваць кацельні да ацяпляльнага сезона, назапасіць дровы, раскарчаваць дрэвы. Але, нягледзячы на напружаныя працоўныя будні, Мікалай Пыско паспявае ўдзяліць час сям’і і свайму хобі — рыбалцы. Жыве мужчына ў аграгарадку Семежава, і пару разоў на месяц пасядзець з вудай на беразе рэчкі — святая справа. Сяды-тады выязджае і за межы мясцовага вадаёма. Самы вялікі ўлоў — дваццацідвухкілаграмовы сом. — Ох, і смачны ж быў! — кажа рыбак-аматар. Мікалай з жонкай Антанінай выхавалі дачку Наталлю. У шчаслівых бабулі і дзядулі ёсць дзве ўнучкі — Ксенія і Ганна. Малодшая Анюта любіць суправаджаць дзядулю на рыбалцы, тым больш, практычна ўсё лета дзяўчынкі праводзяць у Семежаве. Дарэчы, яшчэ адна любімая справа Пыско — пагуляць па лесе ў грыбны сезон. Але вось парадокс: есці грыбы мужчына не любіць, толькі збіраць. — З роляй дэгустатараў выдатна спраўляецца мая сям’я, — усміхаючыся, гаворыць Мікалай Міхайлавіч. Наша сустрэча была нядоўгай, герой майго матэрыялу спяшаўся па сваіх неадкладных справах. Аднак нават за гэты кароткі час можна зразумець: такія людзі заўсёды працуюць якасна і з душой, хварэюць за сваю справу. Прычым будуць дасягаць поспехаў усюды, бо для іх важна выканаць працу на ўсе сто.
Уся працоўная дзейнасць Мікалая Сячко прайшла ў ААТ «Семежава». Ён — асоба вядомая не толькі ў родным сельгаспрадпрыемстве, але і ў раёне. Хаця б таму, што сёлета быў самым старэйшым камбайнерам падчас уборачнай кампаніі. На заслужаны адпачынак Мікалай Іванавіч пайшоў з пасады галоўнага заатэхніка. Аднак жаданне быць карысным роднай гаспадарцы не пакінула дзейнага пенсіянера, ды і энергіі яшчэ з лішкам хапала не толькі на хатнія клопаты. Вось таму і пайшоў прыглядаць за «калгасным» пчальніком. Ды яшчэ паралельна шмат іншых работ выконваў. Жыццё, праведзенае ў працы, прывучыла вяскоўца быць пастаянна ў руху. А ў гаспадарцы прапанавалі яшчэ і на камбайне папрацаваць. «Чаму б і не», — падумаў Сячко і, не раздумваючы, стаў хлебаробам. І летам вось ужо сёмы сезон запар уносіць свой уклад у агульны каравай раёна. У памочніках — сыны, адразу быў Вадзім, пасля — Аляксандр. Справы ў сямейнага экіпажа ідуць добра і зладжана. Пра гэта сведчаць высокія паказчыкі: не аднойчы Сячко станавіліся лідарамі па намалотах у сваёй гаспадарцы. Акрамя бязмернай павагі, заслужанай карпатлівай працай, Мікалай Сячко адбыўся і як сем’янін. Пра такіх кажуць: і жнец, і швец, і на дудзе ігрэц... У ветэрана пяцёра дзяцей, ён з гонарам носіць статус шматдзетнага бацькі. Акрамя Вадзіма і Аляксандра, у Мікалая Іванавіча ёсць яшчэ сыны Сяргей і Алег, а таксама дачка Наталля. З жонкай Зінаідай Карпаўнай вось ужо амаль паўстагоддзя крочаць адной дарогай. Пазнаёміцца з гэтым выдатным чалавекам аўтару радкоў Крысціне Жогаль пашчасціла яшчэ ў мінулым годзе. Сустрэчу запомніла. Ды і як інакш: вочы Мікалая Іванавіча ззялі нейкім асаблівым святлом, якое зараджала дабром і пазітывам усё вакол. Сюды ж можна дадаць і цудоўнае пачуццё гумару. Вось так глядзіш на чалавека і разумееш: на зямлі ён — госць невыпадковы!
На старонках раённай газеты «Слава працы» не раз публікаваліся вершы Алены Острыкавай. За тонкай натурай паэта-аматара не адразу можна заўважыць рысы адказнага кіраўніка — старшыні Цімкавіцкага сельскага выканаўчага камітэта. Алена Мечыславаўна больш за 26 гадоў карыстаецца заслужаным аўтарытэтам у жыхароў 30 населеных пунктаў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета. Острыкава добра ведае ў сваёй акрузе практычна кожнага жыхара. Яна ўвесь час на сувязі з вяскоўцамі, ставіцца да іх з разуменнем і павагай. Прыярытэтнымі з года ў год застаюцца работы па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на роднай зямлі, якія праводзяцца сістэмна і ахопліваюць усе населеныя пункты. У сельскім выканаўчым камітэце ўжо сфарміравана брыгада, якая на чале з вопытным кіраўніком кожны дзень займаецца навядзеннем парадку. Гэта работнікі апарата сельвыканкама, сельгаспрадпрыемстваў, школ і іншыя прадстаўнікі сацыяльнай сферы. На асаблівым кантролі Алены Мечыславаўны шматдзетныя сем’і, а іх на тэрыторыі сельсавета 52. Для іх актыўна вядзецца будаўніцтва і рэканструкцыя жылля. Некаторыя дамы ўжо ўведзены ў строй у 2023 годзе. Выдзелены ўчасткі пад будаўніцтва 15 дамоў па вуліцах Маладзёжнай і Новай у аг. Цімкавічы, а таксама ў вёсках Агароднікі, Руднае і Чарнагубава. Для моладзі плануецца ў аг. Цімкавічы і в. Руднае ўстаноўка дзіцячых пляцовак. Мясцовая ўлада наладзіла добрыя адносіны і з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў ААТ «Капыльскае», філіяла ААТ «Крыніца» «Вялікая Раёўка» і СГФ «Руднае», якія аказваюць добрую дапамогу. Трэба адзначыць, што на тэрыторыі сельсавета ў 2018 годзе рэалізаваны духоўны праект. Так, праведзена рэканструкцыя праваслаўнай капліцы ў цэнтры аграгарадка і будаўніцтва капліцы ў в. Навасёлкі. А ў маі бягучага года мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін здзейсніў чын асвячэння капліцы ў гонар Казанскай іконы Божай Маці ў вёсцы Вялікая Раёўка.
Ды і як яно магло быць інакш, калі нарадзіўся ён у невялікай вёсачцы, якая знаходзіцца на тэрыторыі Белавежскай пушчы. Усё дзяцінства і школьныя гады праходзілі побач ці непасрэдна ў лесе. Бацька Валодзі працаваў у лесе і сына прыцягваў да гэтай справы. Вось чаму пасля заканчэння школы ён пайшоў у лясніцтва і працаваў на лесапавале. Пасля службы ў арміі юнак скончыў Шацкі лясны тэхнікум, а затым і Беларускі тэхналагічны інстытут. Прайшоўшы мноства прыступак лясной іерархіі, Уладзімір Уладзіміравіч зразумеў, што акрамя ведаў лясной справы яшчэ неабходны велізарная працавітасць і павага да людзей працы. У маі 2005 года У.У. Васілько прызначаны галоўным ляснічым Капыльскага вопытнага лясгаса. Увогуле ж лясной гаспадарцы ён аддаў 40 гадоў. Глыбокія прафесійныя веды і багаты практычны вопыт садзейнічалі паспяховай рабоце. Шмат увагі надаваў пытанням аднаўлення, аховы лесу, рацыянальнага выкарыстання яго рэсурсаў, добраўпарадкаванню, павышэнню прадукцыйнасці і ўстойлівасці. За гады яго службы многа зроблена па навядзенні парадку, створаны месцы адпачынку ў лясных насаджэннях. За час працы Уладзіміра Уладзіміравіча на пасадзе галоўнага ляснічага быў рэалізаваны праект па стварэнні новага гадавальніка ў аг. Цімкавічы і дэндрапарка ў г. Капылі. Ён узнагароджаны шматлікімі граматамі міністэрства, абласнога аб’яднання, нагрудным знакам «Ганаровы лесавод». Ён добры сем’янін, бацька траіх дзяцей, у якіх выхаваў беражлівае стаўленне і любоў да лесу.
Аб працоўнай дзейнасці старшыні праўлення Капыльскага райспажыў-таварыства Віктара Смусянка можна гаварыць доўга. І не дзіўна, бо сваёй прафесіі ён прысвяціў больш за 40 гадоў жыцця, заўсёды і ва ўсім кіраваўся дэвізам «Жыць клопатамі вяскоўцаў». Спажывецкая кааперацыя Капыльшчыны —шматгаліновая структура, якая ахоплівае ўсе асноўныя сферы эканомікі: гандаль, грамадскае харчаванне, прамысловасць, нарыхтоўчую дзейнасць, транспарт, паслугі і будаўніцтва. Сёння ў райспажыўтаварыстве занята больш за 600 чалавек, якія абслугоўваюць 52,5 тысячы патэнцыяльных пакупнікоў. За непрацяглы перыяд паспяхова выкананы прагнозныя паказчыкі. Ствараюцца новыя працоўныя месцы, ідзе рэканструкцыя і мадэрнізацыя гандлёвых кропак. Галіна мае 128 гандлёвых прадпрыемстваў (з улікам Салігорскага, Слуцкага і Уздзенскага раёнаў). Ад вялікіх сетак рознічнага гандлю райспажыўкааперацыя адрозніваецца тым, што работнікі сістэмы абслугоўваюць усе сельскія населеныя пункты, у тым ліку ў маршрутах аўтамагазінаў самыя аддаленыя і глухія вёсачкі. — Спажывецкая кааперацыя была і застаецца адной з найстарэйшых і шматлікіх сацыяльна-эканамічных арганізацый, — кажа Віктар Смусянок. — Менавіта дзякуючы ёй ёсць упэўненасць, што ні адзін чалавек не застанецца без увагі. Нягледзячы на высокую канкурэнцыю, нам удалося захаваць тую цэласнасць структуры, якая была і 10, і 20 гадоў таму. Доказ зладжанасці і эфектыўнасці працы — высокія паказчыкі. Капыльскае райспажыўтаварыства на працягу трох гадоў запар па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці сярод раённых спажывецкіх таварыстваў Мінскай вобласці займае I месца. Віктар Васільевіч упэўнены — прафесію трэба любіць, быць адданым і ўкладваць у яе душу. І толькі тады можна дасягнуць станоўчых вынікаў.
Страница 822 из 4904