Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

41

Почти 25 лет Николай Пыско отдал работе в Копыльском ЖКХ

25.08.2023
Сёння ён там узначальвае ўчастак цеплавой гаспадаркі. Паважаюць Мікалая Міхайлавіча за чуласць, уменне лічыцца з меркаваннем іншых, за добрыя арганізатарскія здольнасці. За тое, што ўмее ўзяць адказнасць на сябе, не перакладаючы яе на іншых. У працоўнай кніжцы Мікалая Пыско ўсяго два запісы. Першы — з ААТ «Семежава». У 1979 годзе пасля заканчэння тэхнікума малады спецыяліст прыйшоў у гаспадарку і практычна да пачатку двухтысячных працаваў там. Па спецыяльнасці ён — тэхнік-электрык. — А потым захацелася паспрабаваць сябе ў чымсьці новым, — распавядае Мікалай Пыско. — Вырашыў вывучыць цеплавую гаспадарку. Так і прыйшоў у ЖКГ: адразу майстрам, а пасля кіраўніцтва прапанавала праявіць сябе на пасадзе начальніка ўчастка. Ды так і застаўся. Мой занятак мне падабаецца, хоць часта бываюць складанасці. Увогуле, цяжкасцей хапала з самага пачатку маёй працоўнай дзейнасці ў жылкамунгасе. Калі прыйшоў, абсталяванне было зусім зношаным, часта ламалася. З часам усё мянялі, рамантавалі. Праца ў Мікалая Міхайлавіча сапраўды адказная. Пад яго кантролем знаходзяцца ўсе кацельні ва ўстановах адукацыі. У падначаленні — трыццаць пяць чалавек. Менавіта каманда Пыско адказвае за тое, каб школа не засталася без цяпла, асабліва ў люты мароз. Як кажуць, рыхтуй сані летам... Так і ў супрацоўнікаў цеплавога ўчастка лета — гарачая пара. Трэба адрамантаваць і падрыхтаваць кацельні да ацяпляльнага сезона, назапасіць дровы, раскарчаваць дрэвы. Але, нягледзячы на напружаныя працоўныя будні, Мікалай Пыско паспявае ўдзяліць час сям’і і свайму хобі — рыбалцы. Жыве мужчына ў аграгарадку Семежава, і пару разоў на месяц пасядзець з вудай на беразе рэчкі — святая справа. Сяды-тады выязджае і за межы мясцовага вадаёма. Самы вялікі ўлоў — дваццацідвухкілаграмовы сом. — Ох, і смачны ж быў! — кажа рыбак-аматар. Мікалай з жонкай Антанінай выхавалі дачку Наталлю. У шчаслівых бабулі і дзядулі ёсць дзве ўнучкі — Ксенія і Ганна. Малодшая Анюта любіць суправаджаць дзядулю на рыбалцы, тым больш, практычна ўсё лета дзяўчынкі праводзяць у Семежаве. Дарэчы, яшчэ адна любімая справа Пыско — пагуляць па лесе ў грыбны сезон. Але вось парадокс: есці грыбы мужчына не любіць, толькі збіраць. — З роляй дэгустатараў выдатна спраўляецца мая сям’я, — усміхаючыся, гаворыць Мікалай Міхайлавіч. Наша сустрэча была нядоўгай, герой майго матэрыялу спяшаўся па сваіх неадкладных справах. Аднак нават за гэты кароткі час можна зразумець: такія людзі заўсёды працуюць якасна і з душой, хварэюць за сваю справу. Прычым будуць дасягаць поспехаў усюды, бо для іх важна выканаць працу на ўсе сто.

Слава працы Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей