53
02.04.2013
У сям’і Цыбуляў сын нарадзіўся, калі дачцы ішоў ужо пятнаццаты год. І вагу меў добрую, і тварык прыгожы. Але чамусьці развіваўся слабавата разумова. Таму за пяць гадоў вучобы асіліў толькі тры класы. Бацькі за гэта яго не лаялі, бо Валодзя быў паслухмяны, спакойны хлопчык, з ахвотай дапамагаў па хатняй гаспадарцы. Што ні загадаюць яму бацькі – зробіць акуратна. Праўда, іншы раз пойдзе да калодзежа за вадой, дый прастаіць там ледзь не паўгадзіны, слухаючы спеў шпакоў. Або прывядзе ў двор бадзяжнага сабаку, важдаецца з ім, корміць, калючкі з поўсці выдзірае. Увогуле, сабак ён аніяк не баяўся. Да самага злоснага звяругі падыходзіў, як да сябра. І той пераставаў брахаць і кідацца, віляў хвастом, падпаўзаў на пузе да Валодзі. Хлапчына ніколі не злаваўся. І калі малыя спрабавалі дражніць яго, у адказ толькі ўсміхаўся. У тых прападала ўсялякая ахвота да свайго занятку. Дый не сквапны быў зусім – скажуць прынесці хлеба або малака, то без слоў бег дадому, прыносіў.
Мусіць за гэтую паслухмянасць і бездакорнасць і празвалі яго – Пыля. Маўляў, прыпылены, пыльным мяшком прыстукнуты. А хлапец адгукаўся як на імя, так і на мянушку.
Валодзя вельмі любіў кіно. На вячэрнія сеансы яго, як і іншых малых, не пускалі. Затое, калі двойчы ў тыдзень прывозілі фільмы для дзяцей, Пыля прыходзіў да клуба за гадзіну-дзве. Паглядзець бясплатна кіно можна было, калі прынясеш посцілку ці пакрывала, каб завесіць вокны, бо ў клубе штор па тым часе не было. Валодзя посцілкі не насіў, заўсёды меў “пятак”, які бацькі яму выдавалі з ягонай пенсіі па інваліднасці.
Вядомасць да хлапчыны прыйшла, калі бацьку прызначылі конюхам. Пыля быў з коньмі і на канюшні, і ў лузе. Ён мог цягаць іх за хвост, браць за губу. І не было выпадку, каб конь брыкнуў яго або ўкусіў. У гурце быў вельмі наравісты конь, які і мянушку меў адпаведную – Дзік. Жывёліна была моцная, цягавітая, але вельмі лянівая. Каб надзець аброць, а потым запрэгчы, бралі лейцы, і чалавекі тры-чатыры лавілі хітруна. А той, выгуляны, гладкі, як лінь, іншы раз валяў па лузе мужыкоў, як алавяных салдацікаў, і вырываўся на волю. Тады клікалі Валодзю. Той праз увесь гурт ішоў да Дзіка, стукаючы адна аб адну невялікімі, сантыметраў па дваццаць, струганымі палачкамі. Конь, як зачараваны, глядзеў на яго і слухаў гэты рытмічны пастук. Хлопец спакойна браў каня за грыву, надзяваў аброць і вёў да часовага гаспадара. Конь, як загіпнатызаваны, ішоў за тым мужчынам.
Увогуле, палачкі Пылі былі нейкія магічныя, чароўныя. Звычайна брыгадных коней пасвілі каля рэчкі ва ўрочышчы Крапіўніца. Дык вось, калі коней пасвіў Валодзя, бацька быў спакойны і за іх, і за сына. Пыля звычайна садзіўся на беразе, перакусваў, слухаў шапаценне трыснягу, плёскат рыбы. Коні, як правіла, пасвіліся непадалёку. Але варта было якой-небудзь жывёліне далекавата адыйсціся ад гурта, як Валодзя браў у рукі палачкі, пачынаў рытмічна пастукваць імі. І бяглец хуценька вяртаўся. Было цікава назіраць, як коні вяртаюцца з пашы. Наперадзе ідзе Валодзя, пастукваючы палачкамі, а за ім дружнай чарадою крочаць сытыя конікі.
Любіў Валодзя розныя святы і гульбішчы. На выбары, вяселле або хрэсьбіны, нават на хаўтуры ён прыходзіў без запрашэння, але не лез за стол, а ціхенька стаяў убаку. Калі ж даходзіла да яго чарга, садзіўся дзе-небудзь з краю. Выпіваў. Але чарку-дзве: дужа горка, я лепей дома малака выпью.
На Вялікдзень або Радуніцу ў вёсцы гулялі ў біткі – біліся пафарбаванымі яйкамі. Пыля прыходзіў на пляц каля Цімохі Дразда або на кладаўе з поўнымі кішэнямі яек. Калі прайграваў, вельмі перажываў, і мужыкі, каб не засмучаць нябогу, вярталі яму пабітае яйка. І хлапчына хваліўся бацькам пасля гэтага: во колькі я набіў, нават Бэньку з яго цэсаркамі перамог!
Цікавая і яшчэ адна дэталь. Хоць у школе ён не мог адолець табліцу множання, але ведаў усіх вяскоўцаў не толькі па імені, а і па бацьку. Але часцей звяртаўся проста: дзядзька, цётка.
Фізічна Пыля быў даволі моцным, практычна ніколі не хварэў. Еў усё падрад, нават сырую рыбу, толькі што злоўленую ў рэчцы. І мы, малыя блазнюкі, нават біліся аб заклад: колькі Пыля зможа з’есці жывых печкуроў.
Жанчыны-ўдовы, што жылі ў тым жа пасёлачку Слабада, часта звярталіся да Валодзі за дапамогай: то воз з бульбай разгрузіць, то сена пад павець знесці, то яшчэ што. І ён ніколі нікому не адмаўляў. Радаваўся, калі яму дзячылі жменяй карамелек.
Памёр Пыля нечакана. Яму было ўжо за трыццаць. Не хварэў, ні на што не скардзіўся. Проста лёг спаць, а раніцай ужо не падняўся. Хавалі яго ўсёй вёскай, бо лічылі яго блажэнным, Божым чалавекам. І міжволі прыходзіць у галаву думка: а ці многія з нас жывуць так проста, як ён, па-людску, без крыўды, без тлуму і кіданняў па жыцці, у сугучнасці з прыродай, жывёламі і птушкамі, без зла ў сэрцы і залішніх амбіцый…
Іван СУРМАН