109
23.10.2018
Дзейнічаюць назіральныя камісіі на працягу некалькіх гадоў. Асноўная іх задача — стварэнне бяспечных умоў пражывання грамадзян. З гэтай мэтай праводзяцца сумесныя абследаванні домаўладанняў і кватэр, гаспадарам указваюць на недахопы, якія ствараюць пагрозу бяспецы. Таксама арганізуюцца прафілактычныя гутаркі аб недапушчэнні дзеянняў, якія садзейнічаюць гібелі і траўматызму людзей.
У склад такіх фарміраванняў, як правіла, уваходзяць прадстаўнікі мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, РАНС, РАУС, ЦРБ, райЦГЭ, ТЦСАН, энерганагляду, газавай службы, устаноў адукацыі і іншыя. Узначальваюць назіральныя камісіі ў сельскіх выканаўчых камітэтах старшыні сельвыканкамаў.
На дадзены момант у Капыльскім раёне створана 11 назіральных камісій. 10 дзейнічаюць пры сельскіх выканаўчых камітэтах, 1 — у райцэнтры. Іх работу кантралюе раённая камісія на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Аляксандрам Ліпніцкім. Па словах Аляксандра Мікалаевіча, найбольш эфектыўна працуюць камісіі пры Доктаравіцкім, Цімкавіцкім, Капыльскім, Пацейкаўскім, Бучацінскім сельвыканкамах, ёсць пытанні да работы фарміравання, створанага пры Блеўчыцкім сельвыканкаме.
Члены назіральных камісій звяртаюць увагу на пажарную бяспеку, абследуюць санітарны стан жылля, агульны стан здароўя жыхароў, наяўнасць неабходных прадуктаў харчавання. Агляду падлягае і прылеглая да домаўладання тэрыторыя. Падчас візітаў насельніцтва інфармуецца пра неабходнасць правядзення рамонту элементаў пячнога ацяплення, электраправодкі, устаноўкі аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка, замены газавага абсталявання ў дамах састарэлых бацькоў. Па кожным выяўленым факце парушэння ўмоў пражывання прымаюцца меры рэагавання. Гаспадарам прадпісваецца ліквідаваць недахопы ў пэўны тэрмін пасля абмеркавання іх з домаўладальнікамі. Ступень ліквідацыі выяўленых парушэнняў кантралюецца членамі назіральных камісій падчас іх работы. У выпадку невыканання прадпісання складаюцца пратаколы, якія прадугледжваюць пакаранне рублём. Людзі, вінаватыя ва ўзнікненні, напрыклад, пажараў, нясуць дысцыплінарную, матэрыяльную, адміністрацыйную і нават крымінальную адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам.
Варта адзначыць, што ў нашым раёне налічваецца 9607 грамадзян сацыяльна слабай катэгорыі. З іх 759 адзінокіх, 4603 адзінока пражываючыя, 44 ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і асобы, якія пацярпелі ад яе наступстваў, 1162 інваліды І і ІІ груп, 378 мнагадзетных сем’яў, 55 сем’яў, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, 87 сем’яў, у якіх выхоўваецца дзіця-інвалід, 20 асоб з ліку дзяцей-сірот ва ўзросце да 23 гадоў і іншыя катэгорыі грамадзян.
У дзень прафілактыкі (па чацвяргах) члены назіральных камісій право-дзяць прафілактычныя мерапрыемствы. Напрыклад, днямі раённая камісія выехала для аказання практычнай і метадычнай дапамогі ў Семежаўскі сельвыканкам. Пасля інструктыўнай нарады, праведзенай начальнікам Капыльскага РАНС Віталем Ільючыкам, былі правераны домаўладанні 13 адзінока пражываючых, 3 адзінокіх грама-дзян, 11 мнагадзетных сем’яў. Па выніках агляду рэкамендавана ў чатырох дамах частковая замена электраправодкі, у двух — устаноўка прытопачных лістоў у адпаведнасці з патрабаваннямі. Усім наведаным уручана наглядная агітацыя на тэму бяспекі. Таксама прайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі гандлёвых і іншых аб’ектаў, падчас якіх звярталася ўвага на наяўнасць і насычэнне інфармацыйных стэндаў «МНС інфармуе».