Чаго толькі не было на цэнтральнай плошчы нашага горада ў мінулую суботу!
І дранікі, і каўбаса з бульбы, і цудоўныя мастацкія вырабы з гэтай агародніны, і нават скульптуры… каларадскага жука. Ды не дзіва гэта! Ужо другі год запар Капыль святкуе Бульба-фэст, і, як адзначыў старшыня райвыканкама Анатоль Ліневіч, працягваць традыцыю — падрастаючаму пакаленню.

Падзея і на самай справе адбылася яскравая. Вось гасцей свята вітаюць Бульбіна і Бульбаш (дырэктар Лясноўскага СДК Наталля Валога і самадзейны артыст Антон Шышмароў). Як сапраўдныя гаспадары, яны запрашаюць на сцэну дарагіх гасцей: дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людмілу Ніжэвіч, старшыню райвыканкама Анатоля Ліневіча, старшыню раённага Савета дэпутатаў Ірыну Кісляк, дырэктара ААТ «Старыца-Агра» Уладзіміра Рудакоўскага.
— Мне асабліва прыемна адзначыць, што ў гэтым годзе фестываль прадстаўлены больш шырока, — сказала Людміла Ніжэвіч. — Таму жадаю ўсім весела адпачыць і ў наступным годзе запрасіць на свята яшчэ больш сваіх сяброў і знаёмых.
Пад гукі музыкі на плошчы з’явіліся роставыя лялькі, якія вырабілі ва ўстановах адукацыі нашага раёна: Старыцкай, Быстрыцкай, Доктаравіцкай СШ, Семежаўскім ВПК д/с-СШ, а над касцюмамі гаспадароў свята Бульбіны і Бульбаша працавала майстар раённага Цэнтра традыцыйнай культуры Бярнарда Лявоненка. Далей шэсце прадоўжыла сельскагаспадарчая тэхніка, якая працуе на палях і дапамагае чалавеку вырошчваць бульбу. Бульбасаджалкі, бульбаўборачныя камбайны і іншыя машыны прадставілі ААТ «Душава», «Старыца-Агра», «Піянер-Агра», КСУП «Доктаравічы».

А колькі навокал было смакаты! Дранікі, бульба, запечаная з салам, розныя бутэрброды — усяго не пералічыш! А прадстаўнікі гаспадарак з задавальненнем частавалі гасцей. Вельмі «смачныя» і гасцінныя былі падворкі ў Семежава і Старыцы.
Тут жа, на плошчы, разгарнуў свае гандлёвыя рады і сельскагаспадарчы кірмаш, дзе можна было набыць садавіну і агародніну па даволі танным кошце. Таксама свае вырабы прадстаўлялі народныя майстры.

Каля самага раённага Цэнтра культуры размясцілася фотагалерэя, дзе Яе Вялікасць Бульба была прадстаўлена ва ўсёй сваёй прыгажосці. Побач — скульптуры яе і таго самага галоўнага ворага каларадскага жука. Мабыць, для таго, каб у наступным годзе ён сышоў з нашых палёў. Але гэта былі не проста выставы, а конкурсы, вынікі якіх падводзіла кампетэнтнае журы пад началам старшыні раённага Савета дэпутатаў Ірыны Кісляк. На сцэне самадзейныя творчыя калектывы раёна выконвалі цудоўныя музычныя кампазіцыі. Ствараць святочны настрой дапамагалі і вядучыя мерапрыемства: супрацоўніца РЦК Людміла Давідоўская і яе калега з раённага Цэнтра традыцыйнай культуры Вячаслаў Курчык.

Нарэшце загучалі фанфары і на сцэну паднялося журы, каб назваць імёны пераможцаў. У конкурсе фотаздымкаў першае месца атрымала рэдакцыя газеты «Слава працы», другое — ААТ «Старыца-Агра», трэцяе — яслі-сад № 3 г. Капыля. У конкурсе пано пераможцам стаў Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Капыльскага раёна, другое месца — у Капыльскага дзяржаўнага каледжа і трэцяе — у філіяла «Лакнея». Сярод скульптур каларадскага жука лепшай была прызнана скульптура, якую вырабілі супрацоўнікі Капыльскага РБУ, другой — райаграсэрвісу, трэцяй — райспажыўтаварыства. ААТ «Праснакі» перамагло ў конкурсе скульптур, вырабленых з бульбы, другім стала ААТ «Піянер-Агра», трэцім — КСУП «Доктаравічы». А вось самыя смачныя дранікі, на думку журы, прыгатавалі супрацоўнікі ААТ «Прагрэс 2010», затым ААТ «Скабін» і «Семежава». Усе пераможцы атрымалі каштоўныя падарункі, якія прадаставілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённае аб’яднанне прафсаюзаў, раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК, Капыльскі ТЦСАН, РКБА і РБУ, РК ГА «БРСМ», ФАЦ, «Капыльскае прадмесце».
Свята завяршылася, але водгукі яшчэ доўга будуць гучаць над Капыльшчынай, каб запрасіць жыхароў раёна і яго гасцей у наступным годзе. Да новых сустрэч, Бульбіна і Бульбаш!
З першых вуснаў:
Ларыса Нікалаева, былая настаўніца:
— Свята мне вельмі падабаецца. На ім я ўжо другі год. Хачу падзякаваць яго арганізатарам за тое, што мы маем цудоўную магчымасць яшчэ раз сустрэцца ў такой святочнай атмасферы.
Іван Чарніковіч, аграгарадок Цімкавічы:
— Усё проста супер! На свята я завітаў выпадкова: прыехаў проста купіць капусты, але з вялікім задавальненнем застаўся. Дзякуй арганізатарам!
Дзіяна ТКАЧЭНКА