Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

artiom

artiom

У ААТ “Скабін” разлікі на ўраджай добрыя

20.12.2024
Адкрытае акцыянернае таварыства “Скабін” адным з першых у раёне распачало ўборачную і паказвае самыя высокія яе тэмпы. Па стане на 24 ліпеня тут зжата і абмалочана 30,4% плошчаў збожжавых культур, намалочана 1820 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 52 цэнтнеры з гектара (і гэта другі па велічыні паказчык у раёне). У панядзелак, бліжэй да паўдня, разам з тэхналагічнай групай упраўлення райсельгасхарчу ў складзе начальніка інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Валянціны Кухарчык і в.а. начальніка аддзела вытворчасці ўпраўлення райсельгасхарчу Андрэя Цвірко давялося наведацца ў гаспадарку. На палетку з азімай пшаніцай гатунку Багатка працавалі пяць камбайнаў, работу якіх кантраляваў галоўны аграном гаспадаркі Іван Грыбок. Члены тэхналагічнай групы ўважліва абгледзелі валкі саломы, дарэчы, вельмі аб’ёмныя, што, безумоўна, сведчыць пра стан збожжавай культуры. — Ніякіх заўваг няма, — адзначыў Андрэй Цвірко. — Уборка вядзецца з выкананнем усіх неабходных тэхналагічных патрабаванняў. На палетку прысутнічае адказны спецыяліст, стаіць трактар з бочкай, у якой на ўсякі выпадак знаходзіцца вада. Абмалот каласоў вядзецца якасна — пад валкамі на адным квадратным метры знайшлі ўсяго пару зярнят. За камбайнамі ўвесь час ходзяць памочнікі, якія падымаюць палёглыя сцябліны, абрываюць і кідаюць у жатку прапушчаныя каласы. Словам, працэс у сельгаспрадпрыемстве наладжаны як след. — Паглядзіце, якія зярняты буйныя, прыгожыя, — уступае ў гутарку Валянціна Кухарчык. — Так і хочацца іх пасмакаваць. Вільготнасць зерня ў норме, і гэта сведчыць, што пшаніца ўжо паспела. Іван Грыбок, нягледзячы на свой малады ўзрост, ужо даволі вопытны аграном. Дакладна вывучыўшы асаблівасці скабінскіх палеткаў, ён ведае, якія намаганні неабходна прыкласці, каб атрымаць добры рэзультат. І з года ў год вынікі працы ўсё больш і больш радуюць. Вось і сёлета, спадзяецца Іван Яраслававіч, у ААТ “Скабін” валавы збор збожжа павінен быць большым, чым летась. “Гэта, калі надвор’е нам паспрыяе”, — нібы пакідае шляхі да адступлення галоўны аграном. Канечне, не кажы гоп, пакуль не пераскочыў, сцвярджае народная мудрасць. Таму, пакуль не ўбралі апошняе зярнятка, трэба быць асцярожнымі з прагнозамі. Аднак, нават нявопытнаму воку відаць, што сёлета ўраджай у ААТ “Скабін” вырас добры. І ўбіраюць яго такія ж добрыя спецыялісты. Як адзначыў Іван Яраслававіч, усе сем камбайнавых экіпажаў складзены з вопытных механізатараў, якія ўжо не адзін год працуюць на жніве. Да прыкладу, для Івана Лук’яновіча гэта ўжо дзясятая ўборачная. І трэці сезон у яго ў памочніках сёлетні выпускнік Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Яўген Валуевіч. Юнак атрымаў накіраванне на працу ў Ліду, але вырашыў перад пачаткам самастойнай дзейнасці дапамагчы гаспадарцы на ўборачнай. Ды і грошы на ўладкаванне ў незнаёмым горадзе можна зарабіць добрыя. “Да напружанай працы ўжо прызвычаіўся, — дзеліцца Яўген. — Прыходжу на мехмайстэрню ў сем гадзін раніцы, а на полі даводзіцца быць да дзевяці—дзесяці гадзін вечара. Думаю, што пазней, калі ўборачная выйдзе на свой пік, будзем працаваць яшчэ даўжэй”. Ёсць на рахунку сельгаспрадпрыемства і здадзеная ў лік дзяржзаказу збажына. Дарэчы, ААТ “Скабін” таксама распачало гэту справу адным з першых. Ужо прададзена дзяржаве больш за 200 тон піваварнага ячменю выдатнай якасці, гэтак жа высока цэніцца і скабінская харчовая пшаніца, якую таксама ўжо пастаўляюць на хлебапрыёмны пункт. Прыемна было назіраць, як дружна рухаліся па полі камбайны, раз-пораз да іх пад’язджалі МАЗы, і праз хвіліну ў прычэпы сыпалася залацістае буйное зерне, пад імклівы струмень якога так і хацелася падставіць рукі. А на палетку стаяў асаблівы водар, у якім змяшаліся пах збажыны, зямлі і сонца. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара На здымку: Іван Лук’яновіч (справа) і Яўген Валуевіч.  

З ПРАЦОЎНАЙ ПЕРАМОГАЙ! (CMigrator copy 1)

20.12.2024
Словы асаблівага прызнання адрасую сёння экіпажам з адкрытага акцыянернага таварыства “Ціміразеўскі” ў складзе Алега Аляксандравіча ПЯЦІГОРЦА і Уладзіміра Мікалаевіча ДРОЖЖЫ, Сяргея Аляксандравіча ПЯЦІГОРЦА і Паўла Генадзьевіча ЛІННІКА, якія першымі ў раёне намалацілі па тысячы тон збожжа новага ўраджаю. Дасягнутае стала магчымым дзякуючы не толькі высокай арганізацыі ўборачнай кампаніі ў гаспадарцы, але і асабістай стараннасці механізатараў, іх руплівасці і адказнасці за даручаную справу. Шчыра ўдзячны лідарам жніва за разуменне пастаўленых задач і ўпэўнены, што іх працоўныя дасягненні стануць прыкладам для іншых камбайнераў раёна. Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, новых працоўных дасягненняў.   З павагай — старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль ЖДАНЕНЯ  

Экран уборачнай (па стане на 24 ліпеня 2012 года)

20.12.2024
Гаспадаркамі раёна ўбрана 13,3% плошчаў збожжавых і зернебабовых культур, намалочана 20140,9 тоны збажыны, сярэдняя ўраджайнасць складае 42 ц/га. Найбольш хуткія тэмпы работ у ААТ “Скабін” — убрана 30,4% плошчаў, “Капыльскае” — 22,1%, “Ціміразеўскі” — 20%. Самая высокая ўраджайнасць збожжавых культур зафіксавана ў ААТ “Семежава” —  59,8 ц/га,  “Скабін” — 52 ц/га, “Піянер-Агра” — 50,2 ц/га. Не прыступілі пакуль да вядзення ўборачных работ толькі ў філіяле “В. Раёўка”.

Ад уборкі да… парадку на СТА

20.12.2024
На чарговай планёрцы ў старшыні райвыканкама Анатоля Жданені, якая праводзіцца звычайна раніцай у панядзелак з кіраўнікамі служб, упраўленняў, аддзелаў, асноўная ўвага была звернута на ўборку збожжавых. “Сёння гэта самае галоўнае, — адзначыў старшыня. – І калі надвор’е дазваляе, трэба прыкласці максімум намаганняў, каб убраць хлеб якасна і ў тэрмін. Нельга дапускаць прастояў камбайнаў, як гэта здарылася ў РСУП “С “Прамень”, дзе і сёння самыя нізкія тэмпы”. Анатоль Іосіфавіч засяродзіў увагу прысутных на ролі адказных ад райвыканкама, якія павінны кантраляваць ход уборачнай на замацаваных за імі гаспадарках, са-дзейнічаць зладжанай арганізацыі жніва на месцах. А. Жданеня даручыў свайму першаму намесніку начальніку ўпраўлення райсельгасхарчу Ірыне Кісляк разгледзець расцэнкі на работу камбайнаў у іншых сельгаспрадпрыемствах. “Ужо на выхадзе са жніва ААТ “Скабін”, за ім і некаторыя іншыя гаспадаркі, — адзначыў Анатоль Іосіфавіч. – Таму неабходна прадумаць, як будзе арганізавана перакідванне тэхнікі ў гаспадаркі з нізкімі тэмпамі”. Анатоль Жданеня нагадаў аб прыездзе на Капыльшчыну губернатара Мінскай вобласці Барыса Батуры ў мінулую пятніцу, калі адбылося ўшанаванне першых тысячнікаў на Міншчыне. Імі сталі камбайнавыя экіпажы з ААТ “Ціміразеўскі” – Алег Пяцігорац і Уладзімір Дрожжа, Сяргей Пяцігорац і Павел Ліннік. Кіраўнік Мінскай вобласці цікавіўся не толькі ходам уборачнай на Капыльшчыне, але і рэканструкцыяй малочнатаварных ферм, якая павінна быць своечасова закончана. У ходзе планёркі падымаліся пытанні арганізацыі выбарчай кампаніі, падрыхтоўкі школ да новага навучальнага года, рамонту бальніцы. Было разгледжана таксама пытанне арганізацыі работы станцый тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў. “Калі няма шыльды, не абазначаны рэжым работы, адсутнічае пералік выконваемых работ, то пра які сэрвіс можна гаварыць? – адзначыў кіраўнік раёна. – Да таго ж, прылягаючая тэрыторыя СТА павінна быць добраўпарадкавана”. А. Жданеня  патрабаваў  ад  свайго  намесніка  Алы Раманоўскай навесці парадак у дзейнасці СТА, падключыўшы да гэтага адпаведныя службы. Марыя ШЭІНА  

Усё пачынаецца з нарада

20.12.2024
17 гадзін. Заканчваецца працоўны дзень у гарадскіх установах, арганізацыях, на большасці прадпрыемстваў — адключаюцца камп’ютары, зачыняюцца дзверы вытворчых памяшканняў, людзі спяшаюцца дамоў, да сваіх сем’яў. Зусім па-іншаму на вёсцы, асабліва вясной ці летам. Працоўны дзень тут яшчэ ў поўным разгары. У дыспетчарскай РСУП “Бабоўня” ўжо сабраліся галоўныя спецыялісты, каб разам з кіраўніком абмеркаваць план работы на наступны дзень. Пачалі, напэўна, з самага важнага —  навядзення парадку. Слова ўзяла старшыня Бабаўнянскага сельвыканкама Ірына Запольская, якая і назвала аб’екты, якія сёння ў першую чаргу патрабуюць увагі. Вызначыўшыся з гэтым напрамкам дзейнасці, дырэктар РСУП “Бабоўня” Віталь Курачаў пачаў абмяркоўваць з падначаленымі, хто і якімі відамі работ заўтра будзе займацца. Нарад заняў не больш за 20 мінут, але за гэты час была выстраена стратэгія дзеянняў на бліжэйшы час. “Пытанні ёсць? Калі няма — можаце разыходзіцца”, — закончыў вытворчую нараду дырэктар, і ўсе заспяшаліся да выхаду. Ды толькі не дамоў: на палетках яшчэ ідзе нарыхтоўка кармоў, на фермах рыхтуюцца да вячэрняй дойкі, і за ўсім гэтым патрэбны кантроль. Адправіліся і мы разам з дырэктарам Віталем Курачавым і галоўным заатэхнікам Ігарам Шалікам у невялічкае падарожжа па РСУП “Бабоўня”. Куранят  увосень лiчаць “Знаёмцеся — гэта адзін з нашых лепшых механізатараў Аляксандр Званковіч, — прадставіў Віталь Іванавіч мужчыну, які разам з галоўным аграномам сельгаспрадпрыемства Віталем Юха стаяў ля магутнага “Беларуса 3022”. — Ён у нас гэтай вясной амаль усе культуры пасеяў”. Аляксандр Рыгоравіч у Бабоўні ўжо 27 гадоў, сюды, як кажа сам, жонка перацягнула. За гэты час праз яго рукі прайшло з паўдзясятка трактароў і іншай энерганасычанай тэхнікі. “Цяпер вось заканчваем сеяць сарго (размова была яшчэ у маі. — Аўт.), і буду рыхтаваць трактар да корманарыхтоўкі, — расказвае механізатар. — Здыму з “Беларуса” спараныя колы — і ў сянажную яму, на трамбоўку”. На маё пытанне, як ідуць справы ў раслінаводстве, Віталь Курачаў даў ухілісты адказ. Маўляў, пра рэзультаты будзем размову весці пасля ўборкі ўраджаю. Яно і зразумела: кожны ведае, што куранят увосень лічаць. Ды і гаспадарку малады кіраўнік узначаліў толькі са студзеня бягучага года. А будучы ўраджай, як вядома, ужо ўвосень закладваецца. Тым не менш, Віталь Іванавіч расказаў, што ўжо сёлета ў гаспадарцы пачалі паспяхова займацца арганікай. Пад ураджай бягучага года ўнеслі больш за 30 тысяч тон  і стараліся — пад кукурузу. Было пасеяна 650 га азімай пшаніцы і 350 га азімага рапсу. — Вялікія надзеі ўскладваем на цукровыя буракі, — расказвае дырэктар. — Менавіта ад гэтай культуры мяркуем атрымаць асноўныя даходы. З года ў год нас праследуе праблема — адсутнасць свайго збожжафуражу. Звычайна даводзіцца прадаваць збажыну ў лік пазык, ды і ўраджайнасць палеткаў не радавала. Таму вырашылі больш увагі надаваць і гэтаму напрамку. Працуем з мікраэлементамі, імкнемся прытрымлівацца сучасных тэхналогій. Аднак вывады пакуль рабіць рана. Будзе  малако — будуць  i  грошы Пра раслінаводства Віталь Курачаў расказваў нешматслоўна, маўляў, усё яшчэ напера-дзе, аднак, калі размова зайшла пра жывёлагадоўлю, відавочна ажывіўся. Па ўсім было відаць, што менавіта гэта галіна пакуль выйшла на першы план. Яно і не дзіўна, паколькі ў структуры выручкі прыкладна 60% прыпадае на жывёлагадоўчую прадукцыю, да таго ж грошы паступаюць круглы год, у адрозненне ад раслінаводства. У расказе пра свае першыя крокі ў РСУП “Бабоўня” Віталь Іванавіч добрым словам узгадаў кіраўніка ААТ “Душава” Мікалая Байраша, намеснікам якога ён працаваў больш за тры гады. Менавіта Мікалай Мікалаевіч у свой час пачынаў сваю дзейнасць у гаспадарцы з навядзення парадку на фермах. І яго прыклад вырашыў пераняць малады дырэктар. Вынікі старанняў відавочныя. Сёння гаспадарка ў ліку тых нямногіх прадпрыемстваў раёна, што выконваюць даведзенае заданне па вытворчасці малака. Дарэчы, гэта было адзначана на выязной калегіі камітэта аблсельгасхарчу, што адбылася днямі. Плюс да ўзроўню мінулага года складае 1,7 кг, да таго ж малако прадаецца на масласырзавод экстра-класам. Цвёрда ўпэўненыя, што будучае за перадавымі тэхналогіямі і сучасным абсталяваннем, у РСУП “Бабоўня” распачалі рэканструкцыю малочнага блока на МТФ “Рымашы”, дзе будзе ўстаноўлены сучасны халадзільнік закрытага тыпу. “Нам у яго набыцці паспрыяў Капыльскі масласырзавод, — расказвае Віталь Курачаў. — Знойдзецца прымяненне і для двух старых халадзільнікаў. У малочнай вядзём рамонт памяшканняў, паклалі на падлогу новую плітку, дарэчы, набылі яе у Капыльскай ЖКГ – якасная, прыгожая і недарагая”. На гэтай жа малочнатаварнай ферме ідзе рэканструкцыя жывёлагадоўчага памяшкання. — Мы ўжо перакрылі дах, — працягвае расказ дырэктар, — пры тым выкарыстоўвалі лісты празрыстага шыферу для павелічэння асветленасці памяшкання і змяншэння энергазатрат. Тут будзе стаяць перасоўная даільная ўстаноўка на восем месцаў, арганізавана бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы на глыбокай падсцілцы, мабільная раздача кармоў, сучаснае гноевыдаленне. У памяшканні будуць раздойваць першацёлак (не менш за 100 галоў). На вядзенне рэканструкцыі было выдзелена 290 млн рублёў з бюджэту, аднак гэтага яўна не хапае. Таму, па словах кіраўніка, давядзецца браць крэдыт, каб закончыць усе работы прыкладна да 10 кастрычніка. Ёсць у планах дырэктара будаўніцтва даільнай залы на 450 галоў, што дазволіць крыху зменшыць кадравую праблему, якая, як і ў многіх гаспадарках, стаіць востра. З’явіцца ў хуткім часе і новая збожжасушылка. Не  пакормiш — не  атрымаеш РСУП “Бабоўня” адным з першых у раёне распачало нарыхтоўку кармоў. Галоўнае, упэўнены кіраўнік, нарыхтаваць іх добрай якасці. Тады будзе надзея, што і ў зімовы час прадукцыйнасць ферм не знізіцца. На палетку, куды мы пад’ехалі, працавалі два КЗРы, а дакладней будзе сказаць, у механізатараў і вадзіцеляў, занятых на адвозцы, быў невялікі перапынак — прывезлі падвячорак. Калі за плячыма Аляксандра Шахоўскага 40 гадоў працоўнага стажу (усе ў РСУП “Бабоўня”), то яго малады калега Дзмітрый клочка толькі набіраецца вопыту. Аднак аб’ядноўвае мужчын стараннасць і адданасць сваёй справе. Ды і тэхніка такая, што можа выконваць усе віды работ — ад сяўбы, падборкі зялёнай масы, да ўборкі цукровых буракоў. Паскорыць  вядзенне корманарыхтоўкі і набыццё новай касілкі на 9,5 м. “Увогуле, — адзначае Віталь Іванавіч, — адчуваецца добрая пад-трымка з боку раённага кіраўніцтва. Пастаянна цікавіцца нашымі справамі старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, заўсёды параіць, дапаможа ў вырашэнні праблем. Знайшлі агульную мову і з дырэктарам ААТ “Капыльскі МСЗ” Іванам Горбачам. Дзякуючы падтрымцы аблсельгасхарчу сёлета атрымалі новую тэхніку — “Амкадор”, пратручвальнік насення, касілку, трактар МТЗ-82. Усё гэта надае ўпэўненасць у тым, што ўсё задуманае ў нас атрымаецца”. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара На здымках: Віталь Курачаў Ідзе нарад В. Юха з дачкой і  А. Званковіч Рамонт у малочным блоку Д. Клочка    
Страница 17 из 36