Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

50

У ААТ “Скабін” разлікі на ўраджай добрыя

24.07.2012
Адкрытае акцыянернае таварыства “Скабін” адным з першых у раёне распачало ўборачную і паказвае самыя высокія яе тэмпы. Па стане на 24 ліпеня тут зжата і абмалочана 30,4% плошчаў збожжавых культур, намалочана 1820 тон зерня пры сярэдняй ураджайнасці 52 цэнтнеры з гектара (і гэта другі па велічыні паказчык у раёне). У панядзелак, бліжэй да паўдня, разам з тэхналагічнай групай упраўлення райсельгасхарчу ў складзе начальніка інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Валянціны Кухарчык і в.а. начальніка аддзела вытворчасці ўпраўлення райсельгасхарчу Андрэя Цвірко давялося наведацца ў гаспадарку. На палетку з азімай пшаніцай гатунку Багатка працавалі пяць камбайнаў, работу якіх кантраляваў галоўны аграном гаспадаркі Іван Грыбок. Члены тэхналагічнай групы ўважліва абгледзелі валкі саломы, дарэчы, вельмі аб’ёмныя, што, безумоўна, сведчыць пра стан збожжавай культуры. — Ніякіх заўваг няма, — адзначыў Андрэй Цвірко. — Уборка вядзецца з выкананнем усіх неабходных тэхналагічных патрабаванняў. На палетку прысутнічае адказны спецыяліст, стаіць трактар з бочкай, у якой на ўсякі выпадак знаходзіцца вада. Абмалот каласоў вядзецца якасна — пад валкамі на адным квадратным метры знайшлі ўсяго пару зярнят. За камбайнамі ўвесь час ходзяць памочнікі, якія падымаюць палёглыя сцябліны, абрываюць і кідаюць у жатку прапушчаныя каласы. Словам, працэс у сельгаспрадпрыемстве наладжаны як след. — Паглядзіце, якія зярняты буйныя, прыгожыя, — уступае ў гутарку Валянціна Кухарчык. — Так і хочацца іх пасмакаваць. Вільготнасць зерня ў норме, і гэта сведчыць, што пшаніца ўжо паспела. Іван Грыбок, нягледзячы на свой малады ўзрост, ужо даволі вопытны аграном. Дакладна вывучыўшы асаблівасці скабінскіх палеткаў, ён ведае, якія намаганні неабходна прыкласці, каб атрымаць добры рэзультат. І з года ў год вынікі працы ўсё больш і больш радуюць. Вось і сёлета, спадзяецца Іван Яраслававіч, у ААТ “Скабін” валавы збор збожжа павінен быць большым, чым летась. “Гэта, калі надвор’е нам паспрыяе”, — нібы пакідае шляхі да адступлення галоўны аграном. Канечне, не кажы гоп, пакуль не пераскочыў, сцвярджае народная мудрасць. Таму, пакуль не ўбралі апошняе зярнятка, трэба быць асцярожнымі з прагнозамі. Аднак, нават нявопытнаму воку відаць, што сёлета ўраджай у ААТ “Скабін” вырас добры. І ўбіраюць яго такія ж добрыя спецыялісты. Як адзначыў Іван Яраслававіч, усе сем камбайнавых экіпажаў складзены з вопытных механізатараў, якія ўжо не адзін год працуюць на жніве. Да прыкладу, для Івана Лук’яновіча гэта ўжо дзясятая ўборачная. І трэці сезон у яго ў памочніках сёлетні выпускнік Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Яўген Валуевіч. Юнак атрымаў накіраванне на працу ў Ліду, але вырашыў перад пачаткам самастойнай дзейнасці дапамагчы гаспадарцы на ўборачнай. Ды і грошы на ўладкаванне ў незнаёмым горадзе можна зарабіць добрыя. “Да напружанай працы ўжо прызвычаіўся, — дзеліцца Яўген. — Прыходжу на мехмайстэрню ў сем гадзін раніцы, а на полі даводзіцца быць да дзевяці—дзесяці гадзін вечара. Думаю, што пазней, калі ўборачная выйдзе на свой пік, будзем працаваць яшчэ даўжэй”. Ёсць на рахунку сельгаспрадпрыемства і здадзеная ў лік дзяржзаказу збажына. Дарэчы, ААТ “Скабін” таксама распачало гэту справу адным з першых. Ужо прададзена дзяржаве больш за 200 тон піваварнага ячменю выдатнай якасці, гэтак жа высока цэніцца і скабінская харчовая пшаніца, якую таксама ўжо пастаўляюць на хлебапрыёмны пункт. Прыемна было назіраць, як дружна рухаліся па полі камбайны, раз-пораз да іх пад’язджалі МАЗы, і праз хвіліну ў прычэпы сыпалася залацістае буйное зерне, пад імклівы струмень якога так і хацелася падставіць рукі. А на палетку стаяў асаблівы водар, у якім змяшаліся пах збажыны, зямлі і сонца. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара На здымку: Іван Лук’яновіч (справа) і Яўген Валуевіч.  

artiom Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей