Па дарозе да турыстычнага кластара
На тэрыторыі Мінскай вобласці дзейнічаюць 324 аб’екты аграэкатурызму, а зарэгістравана 339. Пра гэта на выязным пасяджэнні Мінскага абласнога Савета дэпутатаў гаварыла яго старшыня Святлана Герасімовіч, адзначыўшы, што аграэкатурызм на Міншчыне — перспектыўная галіна і раённыя ўлады не павінны заставацца ўбаку ад вырашэння праблем, што ўзнікаюць у сувязі з гэтым. Ёсць цвёрды намер арганізаваць турыстычны кластар і ў нашым раёне. Паводле слоў намесніка старшыні Капыльскага райвыканкама Алы Раеўскай, гэта справа надзвычай цікавая і перспектыўная.
Апошнім часам замежнае слова “кластар” (з англійскай мовы “гронка”) усё часцей знаходзіць сваё прымяненне, асаб- ліва ў дачыненні да турызму. Каб стала больш зразумелым, пра што ідзе гутарка, неабходна патлумачыць, што кластар — гэта сканцэнтраваная на пэўнай тэрыторыі група ўзаемазвязаных суб’ектаў гаспадарання, якія ўзаемадапаўняюць адзін аднаго і ўзмацняюць канкурэнтныя перавагі асобных суб’ектаў гаспадарання, усяго кластара і лакальнай тэрыторыі ў цэлым. Пры гэтым суб’екты гаспадарання захоўваюць сваю незалежнасць як юрыдычныя асобы.
Тое ж самае, але менш афіцыйнай мовай, патлумачыла Ала Марксаўна. Калі, да прыкладу, у наш раён прыяз- джае турыст, то чым больш для яго “спакусы”, тым больш часу ён тут правядзе і больш грошай пакіне. А для гэтага неабходна прапанаваць не толькі выдатны адпачынак у пэўнай аграсядзібе, але і магчымасць наведаць нейкія гістарычныя, культурныя, спартыўныя аб’екты і зрабіць гэта так, каб яму было вельмі цікава і захацелася прыехаць сюды яшчэ раз. Для гэтага і існуюць турыстычныя кластары. Людзі, зацікаўленыя ў турыстычным абслугоўванні, аб’ядноўваюцца і працуюць разам.
Дарэчы, мы ўжо расказвалі пра семінар, які адбыўся ў красавіку ў нашым горадзе і быў арганізаваны БГА “Адпачынак у вёсцы”, інфармацыйна-асветніцкай установай “Новая Еўразія” пры падтрымцы Капыльскага райвыканкама. У ходзе абмеркавання заяўленай тэмы “Сацыяльна-эканамічнае развіццё сельскіх тэрыторый на падставе традыцый і культурнай спадчыны” выяснілася, што стварэнне турыстычнага кластара на Капыльшчыне — справа самай блізкай перспектывы.
Свята
ў Канатопах
Удзел у гэтым семінары, можна сказаць, падштурхнуў да стварэння аграся- дзібы вельмі творчых людзей — Ірэну Марозаву і Вячаслава Малнача. Аб гэтым мы даведаліся падчас гутаркі з Ірэнай, якая адбылася на цудоўным свяце, фестывалі, як яго назвалі арганізатары, прысвечаным народнаму святу — Купаллю. Праходзіла яно ў Канатопах і вітала нямала гасцей. Акрамя родных і блізкіх вяскоўцаў, якія, безумоўна, былі рады сабрацца разам з такой нагоды, сюды прыехалі жыхары Капыля, навакольных вёсак. “Парадавацца разам з намі таму, што адбылося такое свята, — расказвае Ірэна, — пажадалі нашы сябры з Магілёва, Гродна і нават Чэхіі”.
Аграсядзіба “12 месяцаў”, гаспадарамі якой з’яўляюцца Ірэна і Вячаслаў, робіць, можна сказаць, свае першыя крокі. Прыехаўшы ў вёску Канатопы Вялікараёўскага сельсавета крыху больш за чатыры гады таму, маладыя людзі былі ўражаны мясцовымі краявідамі, добрымі і шчырымі людзьмі. “Нам захацелася неяк разнастаіць ціхае вясковае жыццё, напоўніць яго святам, — расказвае Ірэна. — А ўдзел у семінары па аграэкатурызме толькі падштурхнуў да дзеяння. Мы вырашылі правесці свята Купалле. Безумоўна, самім з усім справіцца не ўдалося б. Таму наша самая шчырая ўдзячнасць раённым уладам за разуменне і падтрымку, старшыні Вялікараёўскага сельвыканкама Зоі Бордак, кіраўніцтву прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна, якія да гэтага прычыніліся, дырэктару, мастацкаму кіраўніку і творчаму калектыву Цімкавіцкага сельскага дома культуры, разам з якім і было створана тэатралізаванае прадстаўленне. Гэта надзвычай таленавітыя, натхнёныя і захопленыя сваёй справай людзі”.
А свята атрымалася сапраўды народным, вясёлым і запамінальным. На лузе ля невялічкай рачулкі размясцілася стылізаваная эстрадная пляцоўка, дзе і праходзіла само тэатралізаванае дзейства. Казачныя персанажы — Вадзянік, Русалка, Вядзьмарка, Іван Купала і Аграфена Купальніца разам з вядучымі свята хутка наладзілі з гасцямі дыялог, запрашалі іх на гульні і карагоды, прапаноўвалі цікавыя конкурсы. І ад удзельнікаў не было адбою. Па ўсім было відаць, што людзі засумавалі па такіх вось няхітрых забавах і забыўшыся на ўзрост і статус з галавой кідаліся ў забавы.
Безумоўна, на Купалле нельга было абысціся без пускання вянкоў па вадзе, пошукаў Папараць-кветкі і скарбу, спальвання лялькі Мары ў велізарным вогні- шчы. Для зручнасці гасцей і арганізатараў свята на поплаў была падведзена Капыльскім РЭСам электрычнасць, што дазволіла выкарыстоўваць узмацненне. На вясковай вуліцы працавала гандлёвая палатка райспажыўтаварыства, і ад пакупнікоў не было адбою. Закончылася тэатралізаванае прадстаўленне, але свята прадаўжалася. Гасцей, якіх станавілася ўсё больш, чакалі эстрадны канцэрт, дыскатэчная праграма.
“Мы мяркуем, што свята на Івана Купалу стане ў нас традыцыйным, — гаворыць Ірэна Марозава. — У нашых планах яшчэ адзін фестываль. Паколькі аграэкасядзіба носіць назву “12 месяцаў”, што адразу пераносіць нас у казку, мяркуем у прамежак часу паміж каталіцкімі Калядамі і Новым Годам ладзіць баль “12 месяцаў”. Я ўжо пішу сцэнарый мюзікла, ёсць шмат цікавых задумак. Cпадзяюся, што ўсё атрымаецца вельмі прыгожа і весела. Наогул, вельмі хочацца проста дарыць лю- дзям добры настрой, закласці тут нейкія традыцыі, каб людзі ведалі, што ў Канатопах, у сядзібе “12 месяцаў”, ім заўсёды рады. Калі ўсё атрымаецца так, як мы задумалі, то на нашай аграсядзібе будуць праходзіць тэматычныя мерапрыемствы, прысвечаныя кожнаму каляндарнаму месяцу, якія закончацца, яшчэ раз паўтаруся, балем “12 месяцаў”.
Думаецца, што з узнікненнем гэтай аграсядзібы ў раёне зроблены яшчэ адзін крок да стварэння турыстычнага кластара, што можа станоўча адбіцца на эканоміцы нашага рэгіёна.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКАХ: фрагменты народнага свята Купалля ў Канатопах.
Фота аўтара