Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

76

Усё пачынаецца з нарада

12.06.2012
17 гадзін. Заканчваецца працоўны дзень у гарадскіх установах, арганізацыях, на большасці прадпрыемстваў — адключаюцца камп’ютары, зачыняюцца дзверы вытворчых памяшканняў, людзі спяшаюцца дамоў, да сваіх сем’яў. Зусім па-іншаму на вёсцы, асабліва вясной ці летам. Працоўны дзень тут яшчэ ў поўным разгары. У дыспетчарскай РСУП “Бабоўня” ўжо сабраліся галоўныя спецыялісты, каб разам з кіраўніком абмеркаваць план работы на наступны дзень. Пачалі, напэўна, з самага важнага —  навядзення парадку. Слова ўзяла старшыня Бабаўнянскага сельвыканкама Ірына Запольская, якая і назвала аб’екты, якія сёння ў першую чаргу патрабуюць увагі. Вызначыўшыся з гэтым напрамкам дзейнасці, дырэктар РСУП “Бабоўня” Віталь Курачаў пачаў абмяркоўваць з падначаленымі, хто і якімі відамі работ заўтра будзе займацца. Нарад заняў не больш за 20 мінут, але за гэты час была выстраена стратэгія дзеянняў на бліжэйшы час. “Пытанні ёсць? Калі няма — можаце разыходзіцца”, — закончыў вытворчую нараду дырэктар, і ўсе заспяшаліся да выхаду. Ды толькі не дамоў: на палетках яшчэ ідзе нарыхтоўка кармоў, на фермах рыхтуюцца да вячэрняй дойкі, і за ўсім гэтым патрэбны кантроль. Адправіліся і мы разам з дырэктарам Віталем Курачавым і галоўным заатэхнікам Ігарам Шалікам у невялічкае падарожжа па РСУП “Бабоўня”. Куранят  увосень лiчаць “Знаёмцеся — гэта адзін з нашых лепшых механізатараў Аляксандр Званковіч, — прадставіў Віталь Іванавіч мужчыну, які разам з галоўным аграномам сельгаспрадпрыемства Віталем Юха стаяў ля магутнага “Беларуса 3022”. — Ён у нас гэтай вясной амаль усе культуры пасеяў”. Аляксандр Рыгоравіч у Бабоўні ўжо 27 гадоў, сюды, як кажа сам, жонка перацягнула. За гэты час праз яго рукі прайшло з паўдзясятка трактароў і іншай энерганасычанай тэхнікі. “Цяпер вось заканчваем сеяць сарго (размова была яшчэ у маі. — Аўт.), і буду рыхтаваць трактар да корманарыхтоўкі, — расказвае механізатар. — Здыму з “Беларуса” спараныя колы — і ў сянажную яму, на трамбоўку”. На маё пытанне, як ідуць справы ў раслінаводстве, Віталь Курачаў даў ухілісты адказ. Маўляў, пра рэзультаты будзем размову весці пасля ўборкі ўраджаю. Яно і зразумела: кожны ведае, што куранят увосень лічаць. Ды і гаспадарку малады кіраўнік узначаліў толькі са студзеня бягучага года. А будучы ўраджай, як вядома, ужо ўвосень закладваецца. Тым не менш, Віталь Іванавіч расказаў, што ўжо сёлета ў гаспадарцы пачалі паспяхова займацца арганікай. Пад ураджай бягучага года ўнеслі больш за 30 тысяч тон  і стараліся — пад кукурузу. Было пасеяна 650 га азімай пшаніцы і 350 га азімага рапсу. — Вялікія надзеі ўскладваем на цукровыя буракі, — расказвае дырэктар. — Менавіта ад гэтай культуры мяркуем атрымаць асноўныя даходы. З года ў год нас праследуе праблема — адсутнасць свайго збожжафуражу. Звычайна даводзіцца прадаваць збажыну ў лік пазык, ды і ўраджайнасць палеткаў не радавала. Таму вырашылі больш увагі надаваць і гэтаму напрамку. Працуем з мікраэлементамі, імкнемся прытрымлівацца сучасных тэхналогій. Аднак вывады пакуль рабіць рана. Будзе  малако — будуць  i  грошы Пра раслінаводства Віталь Курачаў расказваў нешматслоўна, маўляў, усё яшчэ напера-дзе, аднак, калі размова зайшла пра жывёлагадоўлю, відавочна ажывіўся. Па ўсім было відаць, што менавіта гэта галіна пакуль выйшла на першы план. Яно і не дзіўна, паколькі ў структуры выручкі прыкладна 60% прыпадае на жывёлагадоўчую прадукцыю, да таго ж грошы паступаюць круглы год, у адрозненне ад раслінаводства. У расказе пра свае першыя крокі ў РСУП “Бабоўня” Віталь Іванавіч добрым словам узгадаў кіраўніка ААТ “Душава” Мікалая Байраша, намеснікам якога ён працаваў больш за тры гады. Менавіта Мікалай Мікалаевіч у свой час пачынаў сваю дзейнасць у гаспадарцы з навядзення парадку на фермах. І яго прыклад вырашыў пераняць малады дырэктар. Вынікі старанняў відавочныя. Сёння гаспадарка ў ліку тых нямногіх прадпрыемстваў раёна, што выконваюць даведзенае заданне па вытворчасці малака. Дарэчы, гэта было адзначана на выязной калегіі камітэта аблсельгасхарчу, што адбылася днямі. Плюс да ўзроўню мінулага года складае 1,7 кг, да таго ж малако прадаецца на масласырзавод экстра-класам. Цвёрда ўпэўненыя, што будучае за перадавымі тэхналогіямі і сучасным абсталяваннем, у РСУП “Бабоўня” распачалі рэканструкцыю малочнага блока на МТФ “Рымашы”, дзе будзе ўстаноўлены сучасны халадзільнік закрытага тыпу. “Нам у яго набыцці паспрыяў Капыльскі масласырзавод, — расказвае Віталь Курачаў. — Знойдзецца прымяненне і для двух старых халадзільнікаў. У малочнай вядзём рамонт памяшканняў, паклалі на падлогу новую плітку, дарэчы, набылі яе у Капыльскай ЖКГ – якасная, прыгожая і недарагая”. На гэтай жа малочнатаварнай ферме ідзе рэканструкцыя жывёлагадоўчага памяшкання. — Мы ўжо перакрылі дах, — працягвае расказ дырэктар, — пры тым выкарыстоўвалі лісты празрыстага шыферу для павелічэння асветленасці памяшкання і змяншэння энергазатрат. Тут будзе стаяць перасоўная даільная ўстаноўка на восем месцаў, арганізавана бяспрывязнае ўтрыманне жывёлы на глыбокай падсцілцы, мабільная раздача кармоў, сучаснае гноевыдаленне. У памяшканні будуць раздойваць першацёлак (не менш за 100 галоў). На вядзенне рэканструкцыі было выдзелена 290 млн рублёў з бюджэту, аднак гэтага яўна не хапае. Таму, па словах кіраўніка, давядзецца браць крэдыт, каб закончыць усе работы прыкладна да 10 кастрычніка. Ёсць у планах дырэктара будаўніцтва даільнай залы на 450 галоў, што дазволіць крыху зменшыць кадравую праблему, якая, як і ў многіх гаспадарках, стаіць востра. З’явіцца ў хуткім часе і новая збожжасушылка. Не  пакормiш — не  атрымаеш РСУП “Бабоўня” адным з першых у раёне распачало нарыхтоўку кармоў. Галоўнае, упэўнены кіраўнік, нарыхтаваць іх добрай якасці. Тады будзе надзея, што і ў зімовы час прадукцыйнасць ферм не знізіцца. На палетку, куды мы пад’ехалі, працавалі два КЗРы, а дакладней будзе сказаць, у механізатараў і вадзіцеляў, занятых на адвозцы, быў невялікі перапынак — прывезлі падвячорак. Калі за плячыма Аляксандра Шахоўскага 40 гадоў працоўнага стажу (усе ў РСУП “Бабоўня”), то яго малады калега Дзмітрый клочка толькі набіраецца вопыту. Аднак аб’ядноўвае мужчын стараннасць і адданасць сваёй справе. Ды і тэхніка такая, што можа выконваць усе віды работ — ад сяўбы, падборкі зялёнай масы, да ўборкі цукровых буракоў. Паскорыць  вядзенне корманарыхтоўкі і набыццё новай касілкі на 9,5 м. “Увогуле, — адзначае Віталь Іванавіч, — адчуваецца добрая пад-трымка з боку раённага кіраўніцтва. Пастаянна цікавіцца нашымі справамі старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, заўсёды параіць, дапаможа ў вырашэнні праблем. Знайшлі агульную мову і з дырэктарам ААТ “Капыльскі МСЗ” Іванам Горбачам. Дзякуючы падтрымцы аблсельгасхарчу сёлета атрымалі новую тэхніку — “Амкадор”, пратручвальнік насення, касілку, трактар МТЗ-82. Усё гэта надае ўпэўненасць у тым, што ўсё задуманае ў нас атрымаецца”. Маргарыта САКОВІЧ Фота аўтара На здымках: Віталь Курачаў Ідзе нарад В. Юха з дачкой і  А. Званковіч Рамонт у малочным блоку Д. Клочка    

artiom Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей