19.12.2024
У мінулую сераду старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра разам з памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – галоўным інспектарам па Мінскай вобласці Мікалаем Корбутам наведаў Капыльскі раён. У рамках такіх выездаў адбываецца больш блізкае знаёмства з кіруючымі кадрамі, спецыфікай дзейнасці і развіцця рэгіёнаў.
Паколькі наш раён у першую чаргу сельскагаспадарчы, то асноўная ўвага была нададзена аграпрамысловаму сектару. На сустрэчы прысутнічалі старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, яго першы намеснік начальнік упраўлення райсельгасхарчу Ірына Кісляк і кіраўнікі ўсіх сельгаспрадпрыемстваў.
На кожнага з прадстаўленых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў былі падрыхтаваны даведкі з указаннем у іх асноўных эканамічных паказчыкаў гаспадарак за апошнія пяць гадоў, сёлетніх дасягненняў ці недапрацовак, у адпаведнасці з якімі і задаваліся пытанні, выслухоўваліся прапановы па паляпшэнні сітуацыі.
— Мы — адна каманда, можна сказаць, адна сям’я, — распачаў сустрэчу Сямён Шапіра. — І мы ўсе павінны добра ўсведамляць патрабаванне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі на ІV Усебеларускім народным сходзе наконт штогадовага павелічэння на 10% аб’ёму вытворчасці. На жаль, на Капыльшчыне назіраецца адставанне па некаторых паказчыках. Асабліва катастрафічна падаюць надоі малака: вы атрымліваеце 4200 кг ад адной каровы, менш чым у сярэднім па вобласці, гэта не дапушчальна для вас. Калі накорміце жывёлу высакаякасным кормам, захаваўшы ўсе тэхналогіі, напоіце ўдоваль і своечасова, то і атрымаеце неабходную прадукцыю.
Сямён Барысавіч неаднаразова звяртаўся да прыкладу работы Гродзенскай вобласці, якую ён узначальваў да прызначэння старшынёй у Мінскую. Там няма кіраўнікоў гаспадарак, заатэхнікаў, загадчыкаў фермаў, якія б не маглі самастойна, з дапамогай камп’ютара, скласці рацыён кармлення, прааналізаваць патрэбнасць у корме, дабаўках з улікам фізіялагічнага стану, узросту жывёлы. Таму губернатар нагадаў элементарныя правілы кармлення, эканамічныя і зоаветэрынарныя нормы ўтрымання статка. А таксама параіў часцей звяртацца да вывучэння адпаведнай літаратуры і рэкамендацый навукоўцаў, шукаць нешта новае і абменьвацца вопытам.
— Прыемна адзначыць, што амаль усе кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў на Капыльшчыне — мясцовыя, многіх з іх ведаю асабіста, — заўважыў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Мінскай вобласці Мікалай Корбут (дарэчы, Мікалай Мікалаевіч родам з в. Вужа Доктаравіцкага сельсавета). — Не па чутках ведаю праблему, што ў гэтым раёне ўсё менш становіцца людзей, якія працуюць у сельскай гаспадарцы. А некаторыя кіраўнікі, мабыць, ужо апусцілі рукі ад безвыходнасці: чакаюць, калі ж ім выдзеляць грошы. Але ж Капыльшчына, як і раней, павінна іх зарабіць сама. Я адказваю перад Прэзідэнтам за стан спраў на Міншчыне, а за Капыльскі раён, як свой родны, нясу маральную адказнасць. Таму прашу не падводзіць, а даказаць, што вы можаце выканаць пастаўленыя задачы.
Сяргей КОЗЕЛ