[caption id="attachment_33654" align="alignleft" width="300" caption="На старце — плыўцы на 50 м"][/caption]
Дух здаровага саперніцтва ў сукупнасці з зарадам бадзёрасці, станоўчых эмоцый — такая атмасфера панавала на спартакіядзе прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, якая прайшла ў мінулыя выхадныя на фізкультурна-аздараўленчым комплексе горада Капыля. Заяўкі на ўдзел у першынстве сёлета падалі 20 каманд.
На цырымоніі адкрыцця ўдзельнікаў спартакіяды віталі намеснік старшыні райвыканкама Ала Раеўская, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Віктар Васілеўскі. Права ўзняць Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь было дадзена мінулагодняму чэмпіёну – камандзе жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Спаборніцтвы складаліся з чатырох відаў, дзе ўдзел прымалі па два прадстаўнікі (мужчына+жанчына) ад каманды: скакалка і падніманне гіры (месца выводзілася па суме за выступленні, адпаведна, жанчыны і мужчыны), штрафны кідок у баскетбольнае кольца, дартс і плаванне. А вось у пятай дысцыпліне, камбінаванай эстафеце, удзельнічала адразу чатыры чалавекі: тры мужчыны і жанчына.
Праз некалькі хвілін у спартыўнай зале паралельна стартавалі два віды — скачкі на скакалцы (жанчыны) і падніманне гіры (мужчыны), па выніках якіх каманды атрымлівалі першыя ачкі ў залік. Тандэм Наталлі Міхайлоўскай і Мікалая Валністага прынёс першую перамогу і максімальную колькасць ачкоў (30) аддзелу адукацыі, спорту і турызму. Другое месца было ў каманды тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (25) і трэцяе — у аўтапарка №21 (23).
З цікавасцю балельшчыкі назіралі і за другім відам праграмы – штрафным кідком. Самымі ўдалымі тут аказаліся аматары
[caption id="attachment_33655" align="alignright" width="300" caption="Камбінаваная эстафета. На агнявым рубежы"]
[/caption]
баскетболу Юлія Грыгаровіч і Віктар Васілеўскі з аддзела адукацыі, спорту і турызму. Другое месца занялі прадстаўнікі Капыльскага лясгасу. Трэці вынік – у каманды ПМК-11.
На свежым паветры прайшла камбінаваная эстафета. Сёлета ўсе каманды паказвалі выдатную хуткасць на дыстанцыі. Але квартэт жыллёва-камунальнай гаспадаркі даказаў, што і ў гэтым годзе яны сабралі самых падрыхтаваных аматараў здаровага ладу жыцця. Вікторыя Рудая, Сяргей Місючэнка, Дзмітрый Фядотаў і Генадзь Задруцкі на «выдатна» справіліся са сваёй задачай, запісаўшы ў залік каманды 60 ачкоў (эстафета давала падвоеную колькасць ачкоў. — С. Л.).
У дартсе найбольшую суму ачкоў і перамогу камандзе цэнтральнай раённай бальніцы прынеслі Іна Шкірыч і Андрэй Прахарэнка. Другое месца заваявалі прадстаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Трэцяе месца засталося за дуэтам Капыльскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа.
[caption id="attachment_33656" align="alignleft" width="300" caption="Пераможца — каманды ЖКГ"]
[/caption]
Заключным відам стала плаванне. Тут не было роўных плыўцам з цэнтральнай раённай бальніцы. Перамогу камандзе прынеслі Барыс Талейка і Ганна Абрамчык. Камунальнікі аказаліся на другім месцы, а замкнуў тройку лідараў дуэт з ПМК-11.
Падвёўшы вынікі агульнакаманднага заліку, су- дзейская калегія вызначыла пераможцу і прызёраў спартыўнага першынства. Першае месца і кубак пераможцы зімовай спартакіяды дасталіся камандзе ЖКГ. На другую прыступку п’едэстала гонару ўзняліся прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, а каманда Капыльскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа стала трэцяй.
Дарэчы, на спаборніцтвах выступала і дружына рэдакцыі газеты «Слава працы». У выніковым пратаколе каманда значылася ў «залатой» сярэдзіне, замкнуўшы дзясятку лепшых спартыўных калектываў.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
Комментарии