14.05.2025
Важная гістарычная падзея адбылася 1 ліпеня 2013 года ў жыцці насельніцтва Вялікараёўскага і Браткаўскага сельсаветаў. Згодна з рашэннем Капыльскага райвыканкама №874 ад 28 чэрвеня 2013 года «Аб рэарганізацыі сельскіх выканаўчых камітэтаў» гэтыя выканкамы былі далучаны да Цімкавіцкага сельвыканкама. У сувязі з гэтым тэрыторыя сельсавета павялічылася амаль у тры разы і складае зараз 187 кв. км, у 30 населеных пунктах пастаянна пражывае 3681 чалавек - у два разы больш, чым да рэарганізацыі.
Работа з насельніцтвам
Неадназначна адбілася дадзеная рэарганізацыя на розных слаях насельніцтва. З першага дня значна павялічыўся наплыў грамадзян у сельвыканкам з самымі разнастайнымі пытаннямі. Для таго, каб найбольш аператыўна і паспяхова іх вырашаць, у штат сельвыканкама дадаткова былі ўведзены 1,5 стаўкі спецыяліста 1 катэгорыі. Сельвыканкам плануе сваю работу з улікам патрабаванняў і пажаданняў насельніцтва і выкарыстоўвае самыя разнастайныя формы: гэта падворныя абходы грамадзян, сустрэчы па месцы жыхарства, абследаванне жыллёвых умоў, сходы, выязныя прыёмы грамадзян і інш. У рамках правядзення Дня пажылых лю- дзей работнікамі сельвыканкама сумесна з адказнымі работнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў было наведана 258 жыхароў сельсавета, якім споўнілася 80 і болей гадоў, з уручэннем ім падарункаў і грашовых выплат. Пры правядзенні Тыдня маці ў шасці населеных пунктах сельсавета (Комсічы, Навасёлкі, Браткава, Вялікая Раёўка, Руднае, Цімкавічы) адбыліся сустрэчы з жыхарамі з паказам канцэртнай праграмы, падрыхтаванай работнікамі Цімкавіцкага сельскага Дома культуры і Навасёлкаўскага сельскага клуба. У Браткаве і Рудным да ўдзельнікаў самадзейнасці далучыліся артысты Браткаўскай бібліятэкі-клуба і Руднянскага клуба-бібліятэкі.
Галоўная задача сельвыканкама –дайсці да кожнага жыхара, унікнуць у яго праблемы і пастарацца іх вырашыць. Пытанні, з якімі звяртаецца насельніцтва, самыя разнастайныя: гэта спілоўванне аварыйных дрэў, забеспячэнне палівам, выдзяленне і пераразмеркаванне зямельных участкаў, вулічнае асвятленне, вырашэнне суседскіх праблем, добраўпарадкаванне мясцовых могілак, падсыпка дарог, праблема пустуючых сядзіб і многае іншае.
Што ўдалося вырашыць
Шмат пытанняў удалося вырашыць, некаторыя застаюцца на кантролі. Ва ўсіх населеных пунктах зараз працуе вулічнае асвятленне, арганізаваны збор камунальных адходаў пры дапамозе КУП «Капыльская ЖКГ». За перыяд з 1 ліпеня заасфальтавана праезная частка вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Вялікія Прусы, праведзена новая лінія электраперадач па пасёлку Славінка, спілавана звыш 70 аварыйных дрэў на грамадзянскіх могілках і ў населеных пунктах Вялікія Прусы, Вялікая Раёўка, Руднае, Кало- дзезнае, Доўгае, Заракаўцы, Комсічы, Славінка, знята больш за 700 м старых агароджаў на грамадзянскіх могілках у вёсках Комсічы, Калодзезнае, Вясёлае, 3аракаўцы, аграгарадку Цімкавічы. Пабудавана 450 м новай агароджы: поўнасцю агароджаны могілкі ў Калодзезным (186 м) і часткова ў Цімкавічах, набыта яшчэ 90 м бетоннай агароджы для ўстаноўкі на могілках у в. Варонаўшчына. Трэба шчыра падзякаваць жыхарам Калодзезнага, якія па ініцыятыве В. В. Дашкевіча сабралі больш за 10 млн рублёў на агароджу і прынялі актыўны ўдзел у суботніку па добраўпарадкаванні. Таксама праявілі актыўнасць у навядзенні парадку на могілках і жыхары вёскі Комсічы. Было праведзена два суботнікі. Тут была знята старая агароджа і зроблена прарэджванне. У ходзе месячніка таксама арганізавана прайшлі суботнікі на могілках у в. Заракаўцы з удзелам работнікаў сацыяльнай сферы, сельвыканкама і мясцовых жыхароў. На гэтых могілках плануецца ў лістападзе спілаваць 27 дрэў, а ў наступным годзе – будаўніцтва агароджы. На праведзеным суботніку ў вёсцы Вясёлае было знята больш за 200 метраў старой агароджы, вывезена смецце і праведзена частковае прарэ- джванне. Работы будуць прадоўжаны. А вось у Браткаве неабходна прыбраць 8 спілаваных таполяў. Запланавана яшчэ правядзенне ў лістападзе суботнікаў на могілках у вёсках Дзягцяныя і Вялікія Прусы. Трэба адзначыць, што вялікую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні работ па добраўпарадкаванні могілак аказваюць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, філіял ДП «Мінаблпаліва», ААТ «Аўтамабільны парк №21».
Запланавана на лістапад таксама спілоўванне дзесяці аварыйных дрэў каля мясцовага клуба ў вёсцы Вялікая Раёўка. Праведзена абследаванне тэрыторыі населеных пунктаў Сцяпуры, Славінка, Арэхаўка, Комсічы, Навасёлкі, Дзягцяныя са спецыялістамі сельгаспрадпрыемстваў і зямельнай службы па заворванні пустуючай зямлі ў межах населеных пунктаў, абазначаны безгаспадарныя надзелы, якія будуць апрацаваны ў асенне-вясенні перыяд і ўключаны ў абарот. А гэта каля 20 гектараў пустуючай зямлі.
Без праблем не абыходзіцца
Нявырашанымі застаюцца пытанні па спілоўванні дрэў у в. Руднае і в. Вялікая Раёўка, а таксама па рамонце агульнага калодзежа ў в. Калодзезнае. Вялікай праблемай з’яўляецца работа па выкананні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №100 «Аб упарадкаванні і скарачэнні колькасці пустуючых дамоў у населеных пунктах». Работа з нашчадкамі пустуючых дамоў запланавана на зімовы перыяд. Праблемнай з’яўляецца падсыпка дарог да грамадзянскіх могілак у Вялікай Раёўцы, Комсічах, Вялікіх Прусах, Вясёлым, Дзягцяных, Браткаве. Неабходна падсыпка вуліц у вёсках Навасёлкі і Сцяпуры.
Вялікай увагі патрабуе нядобранадзейная кагэгорыя грамадзян, востра стаіць пытанне злоўжывання алкагольнымі напоямі. Трэба актывізаваць работу па абследаванні адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян па пажарнай бяспецы, навядзенні парадку на прыдамавых тэрыторыях і тэрыторыях, што прылягаюць да гаспадарчых аб’ектаў. Гэтыя і многія іншыя пытанні былі разгледжаны на апошняй сесіі сельскага Савета дэпутатаў з парадкам дня: «Аб рабоце сельскага Савета дэпутатаў па актывізацыі дзейнасці органаў тэрытарыяльнага мясцовага самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, арганізацыі работы па добраўпарадкаванні населеных пунктаў і навядзенні парадку на зямлі». На сесіі пастаўлены задачы перад усім актывам сельскага Савета дэпутатаў па актывізацыі работы ў гэтым напрамку. Хочацца спадзявацца, што ўсе жыхары Цімкавіцкага сельсавета, працаўнікі арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў, размешчаных на нашай тэрыторыі, будуць не староннімі назіральнікамі, а актыўнымі ўдзельнікамі ўсіх спраў. Раўнадушных не павінна быць. Толькі тады мы зможам дасягнуць жаданага поспеху.
Алена ОСТРЫКАВА,
старшыня Цімкавіцкага сельвыканкама