У Мар’інай Горцы прайшла 6-я канферэнцыя Мінскага абласнога грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афіцэраў”. Капыльшчыну прадставіў Аляксандр Пякарскі – старшыня раённай арганізацыі ГА “БСА”. Беларускі саюз афіцэраў з’яўляецца адной з самых актыўных і ўплывовых грамадскіх арганізацый краіны з ярка акрэсленым патрыятычным напрамкам.
[caption id="attachment_31705" align="aligncenter" width="446"]

Старшыня раённай арганізацыі ГА “БСА” Аляксандр Пякарскі, вучаніца Слабадакучынскай СШ, удзельніца клуба “Патрыятычная Радзіма” Карына Шахновіч, намеснік старшыні Рэспубліканскага савета ГА “БСА” Васіль Скрыннікаў[/caption]
У цяперашні час у радах БСА больш за 25 тысяч чалавек, з якіх 1744 – члены Мінскай абласной арганізацыі. У дадзеную рэгіянальную структуру ўваходзяць 22 раённыя, адна гарадская і адна пярвічная арганізацыі.
На канферэнцыі ішла размова пра асноўныя напрамкі дзейнасці грамадскага аб’яднання (створана ў 1992 годзе): перадача назапашанага вопыту воінам, якія знаходзяцца ў радах Узброеных Сіл, захаванне і прымнажэнне баявых і армейскіх традыцый, удзел членаў аб’яднання ў патрыятычным выхаванні моладзі, падрыхтоўка яе да воінскай службы.
– Члены БСА павінны перадаваць свой багаты вопыт моладзі, – падкрэсліў старшыня Рэспубліканскага савета грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз афі-цэраў” генерал-лейтэнант у адстаўцы Яўген Мікульчык. – Новыя кадры павінны з энтузіязмам уключацца ў работу, не баяцца браць на сябе адказнасць за даручаную справу. У Беларускім саюзе афіцэраў няма раўнадушных людзей.
Была адзначана работа і Капыльскай раённай арганізацыі БСА ў складзе 30 чалавек. За актыўны ўдзел у дзейнасці грамадскага аб’яднання, захаванне традыцый афіцэрскага брацтва, праведзеную ваенна-патрыятычную работу, старшы прапаршчык Аляксандр Пякарскі атрымаў Ганаровую грамату. Дарэчы, Аляксандр Уладзіміравіч быў абраны членам мандатнай камісіі і прадставіць Капыльскі раён на ІХ з’ездзе ГА “БСА”. Капылянам ёсць кім ганарыцца. Многа актыўных членаў: палкоўнік Алег Сівец, падпалкоўнік Валерый Маліноўскі, капітан Аляксандр Касінскі, капітан 2-га рангу Уладзімір Скрыпінскі і іншыя. Яны заўсёды ўдзельнічаюць ва ўручэнні дзяржаўных узнагарод ветэранам і воінам-інтэрнацыяналістам, членскіх білетаў БРСМ, днях прызыўніка. Сталі традыцыйнымі і эстафеты памяці. Разам са старшакласнікамі афіцэры Капыльшчыны працавалі на добраўпарадкаванні тэрыторый мемарыялаў, воінскіх пахаванняў і абеліскаў. Старшыня раённай арганізацыі ДТСААФ Аляксандр Касінскі зяўляецца ініцыятарам шматлікіх аўтапрабегаў і экскурсій, прысвечаных памяці землякоў, загінуўшых у гады вайны. Наогул, патрыятычную работу Аляксандр Іванавіч лічыць часткай свайго жыцця.
На новы ўзровень раённая арганізацыя БСА выйшла дзякуючы цеснаму су-працоўніцтву з Рэспубліканскім саветам ГА “БСА” і асабіста палкоўнікам запасу Васілём Скрыннікавым (намеснік старшыні), які часта наведвае Капыльскі раён. У час сустрэч з моладдзю ён уручае кнігі, часопісы, відэадыскі з песнямі і кінафільмамі аб Узброенных Сілах Рэспублікі Беларусь. У летні перыяд у спартыўна-патрыятычным лагеры “Патрыёт-2013” членамі арганізацыі быў праведзены ўрок мужнасці і прайшлі спаборніцтвы па стральбе. А школьны музей імя І. С. Трацэўскага ДУА “Слабадакучынская СШ” папоўніўся кнігамі “История советских наград. 1918-1991” і “Сумеснае аператыўнае вучэнне “Шчыт Саюза-2011” – дар ад Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску. Дарэчы, у хуткім часе будзе наладжана супрацоўніцтва з калегамі з Расіі.
Барыс ДЗЕНІСЮК,
кіраўнік рэсурснага цэнтра вуснагістарычных даследаванняў, член ГА “БСА”
Фота аўтара