Самавольнае пахаванне ля падножжа курганоў і псаванне помнікаў археалогіі падлягае прыцягненню да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці па дзеючым заканадаўстве. Згодна з артыкулам 28 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь” забараняецца знішчэнне, прычыненне шкоды, пагаршэнне тэхнічнага стану нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей. Існуе рашэнне Капыльскага раённага выканаўчага камітэта № 1150 ад 3 лістапада 2008 г., дзе зацверджаны план мерапрыемстваў па прадухіленні прычынення шкоды і добраўпарадкаванні помнікаў археалогіі Капыльскага раёна. Згодна з другім пунктам, забараняецца пахаванне на гарадскіх могілках ля курганоў на адлегласці дзесяць метраў.

На вялікі жаль, мы не заўжды памятаем пра тое, што курганныя насыпы гэта, па-першае, - старажытнае пахаванне, а па-другое - помнікі археалогіі.
Курганная группа, размешчаная на сучасных могілках, датуецца X - XII стст. Раней гэта была ўскраіна каталіцкіх могілках і курганы стаялі па-за межамі пахаванняў. Сёння яны знаходзяцца ўжо паміж сучасных пахаванняў…
Звычай хаваць нябожчыкаў у курганы з’явіўся на мяжы 3-га і 2-га тысячагоддзяў да н. э. Курганы вядомы яшчэ пад назвай, капцы, валатоўкі, сопкі, французскія альбо шведскія магілы. Месца пахавання звычайна «ачышчалася» агнём, потым на месцы вогнішча выкопвалі прамавугольную або авальную яму, куды змяшчалі нябожчыка і яго рэчы. Потым над адной або некалькімі магіламі насыпалі курган. Да прыняцця хрысціянства існаваў абрад трупаспальвання. Пасля XI ст. ён змяніўся на абрад трупапалажэння. Курганны абрад пахавання захоўваўся да канца XIII ст. Але ў асобных месцах Беларусі ён працягваў эпізадычна існаваць і ў наступныя стагоддзі, месцамі да XV - XVI стст.
На тэрыторыі раёна на сёння вядома каля чатырох сотняў старажытных курганоў. Яны размешчаны ў Капылі, каля вёсак Астравок, Вялешына, Гарнастайлава, Кісялі, Мажа, Руднае, Сцяпуры і інш., складаюць 18 курганных груп, якія з’яўляюцца помнікамі археалогіі і ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
У 1996 г. падчас археалагічнай практыкі студэнтаў БДПУ, адзін з курганоў, што размешчаны на сучасных могілках, быў раскапаны кандыдатам гістарычных навук, археологам Л. У. Калядзінскім. У гэтым кургане было выяўлена пахаванне - трупаспальванне, размешчанае амаль ля асновы кургана. У насыпе кургана было сабрана некалькі чарапкоў раннеганчарнага посуду і знойдзены дзве косткі ад авечкі. Рэчавы матэрыял і абрад пахавання дазваляюць аднесці раскапаны курган гэтага могільніка да другой паловы X - пачатку XI стагоддзя. Рэканструкцыю пахавання ў кургане можна ўбачыць у экспазіцыі Капыльскага раённага краязнаўчага музея.
3 мэтай навядзення парадку на курганных насыпах, размешчаных на сучасных грама- дзянскіх могілках г. Капыля, 18 лістапада прайшоў суботнік, у якім прынялі ўдзел супрацоўнікі аддзела культуры Капыльскага райвыканкама, ДУ “Капыльскі раённы краязнаўчы музей”, КУП “Капыльская ЖКГ”, Капыльскі РК ГА “БРСМ”
(на здымку). Курганныя насыпы былі добраўпарадкаваны, смецце спалена. КУП “Капыльская ЖКГ” праводзіць агароджванне курганоў, абсталявана пляцоўка з кантэйнерамі для смецця.
Давайце будзем неабыякавымі да найстаражытнага пласта нашай гісторыі, бо аднавіць яго ўжо немагчыма, і ставіцца да тысячагадовых пахаванняў нашых продкаў так, як мы ставімся да пахаванняў сваіх родных.
Таццяна Варанцова,
старшы навуковы супрацоўнік ДУ “Капыльскі раённы краязнаўчы музей”