Глушак пра гэта і не думаў...
У гэты сонечны веснавы дзень надвор’е стаяла амаль што летняе. Быў выхадны. Раздзеты да пояса, я з задавальненнем выкопваў з прысядзібнага ўчастка пустазелле: пасля зімы рукі прасілі мускульнай нагрузкі.
Дзень хутка скончыўся, і за вячэрай уключыў тэлевізійную праграму «Время». Дыктар паведаміў, што на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі 26 красавіка 1986 года адбыўся выбух…
Папраўдзе кажучы, зусім свежае ўражанне пра нядаўні безмяцежны дзянёк не давала магчымасці ўспрыняць гэта здарэнне як цяжкую трагедыю для людзей і прыроды. Ну нейкі тэхнічны збой, ну недзе вельмі далёка ад нас… Ды і для гэтага ёсць у нашым магутным Савецкім Саюзе грамадзянская абарона і іншыя адпаведныя проціаварыйныя структуры… Яны абавязкова і вельмі хутка справяцца…
Рэальнае ўсведамленне сур’ёзнасці катастрофы пачало прыходзіць па меры паступлення ўсё новай і новай інфармацыі, заяў першых асоб кіраўніцтва Саюза і рэспублікі, МАГАТЭ (міжнароднай арганізацыі па атамнай энергетыцы). А пасля звесткі пра «страшную радыяцыю» сталі паступаць з заходнееўрапейскіх і іншых краін, напрыклад са Швецыі, куды вецер данёс радыяцыю. Сёй-той з мясцовых жартаўнікоў запусціў нешта накшталт эпіграмкі: «Перабудова — важны фактар… Узарваўся той рэактар. І цяпер наш мірны атам уся Еўропа крые матам».
У райкаме партыі з’явіліся першыя бытавыя дазіметры (прыборы для вымярэння радыяцыйнага фону). Адзін з іх на непрацяглы час для паказу журналістам «Слава працы» прынёс з РК КПБ сакратар нашай партарганізацыі Іван Іванавіч Пракарына.
Людзі сталі гаварыць пра ёдавую прафілактыку супраць радыяцыйнага заражэння, а некаторыя жоўтую кветкавую пыльцу на дажджавых лужынах прымалі за наступствы радыяцыі. Газета працягвала публікаваць афіцыйную інфармацыю аб захадах па ліквідацыі вынікаў катастрофы, але ніхто з рэдакцыйных работнікаў не думаў аб тым, што і нам давядзецца рэальна сутыкнуцца з вырашэннем праблем, якія Чарнобыль паставіў перад людзьмі. А наш Саюз журналістаў Беларусі (ён тады называўся менавіта так) паставіў перад кіраўнікамі сродкаў масавай інфармацыі задачу: журналісцкімі кадрамі дапамагчы ў выпуску газет у раёнах, што найбольш пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС (напрыклад, Брагінскі, Нараўлянскі, Хойніцкі Гомельскай вобласці).
Тут варта агаварыцца, што мала хто з рэдактараў раённых газет Мінскай вобласці моцна паспяшаўся выканаць рашэнне нашага творчага Саюза. Але як чытач «Слава працы» ведае з маёй публікацыі аб нашым тагачасным рэдактары, не было такога рашэння ці рэкамендацыі вышэйстаячага органа, якога б Семянкевіч не выканаў ці не прыняў вычарпальных мер для яго выканання.
…Чарговая лятучка на тэму «Каго камандзіраваць на месяц у Хойнікі?» працягвалася нядоўга, бо ў кожнага была прычына не паехаць. А ў каго такой не аказалася, той яшчэ не выканаў плана па нараджэнні дзяцей. Я ж да таго часу такі план «асіліў», і нішто не перашкаджала адправіцца ў дарогу на поўдзень якраз тады, як сабіраліся ў цёплыя краі капыльскія ластаўкі.
Доўгая дарога ў душным аўтобусе са шматлікімі прыпынкамі да Гомеля, а адтуль — па кругавым маршруце ў халаднаваты вячэрні час у Хойнікі. У гэты палескі гарадок аўтобус прыбыў каля 23 гадзін вечара. Мясцовая гасцініца была перапоўнена камандзіраванымі, і мяне туды не пасялялі. Я папрасіў патэлефанаваць намесніку рэдактара (гэту пасаду займала маладая жанчына), у рэдактара быў водпуск. Размова намесніка рэдактара з дзяжурнай па гасцініцы дапамагла мне пасяліцца на адну ноч у «капцёрцы» — памяшканні без вокан, дзе захоўваліся матрацы і іншыя пасцельныя прыналежнасці. На іх мы і спалі. Мы — гэта трое ваенных: капітан, два лейтэнанты, некалькі цывільных.
Раніцай пайшоў у рэдакцыю «Ленінскага шляху», прадставіўся кіраўніку, пазнаёміўся з супрацоўнікамі, адпрацаваў дзень. Замяняў работнікаў, у сем’ях якіх былі малыя дзеці. Па гэтай прычыне яны вывезлі сем’і ў бяс- печныя раёны. Вечарам мяне пасялілі ў мясцовым прафтэхвучылішчы ў пакоі з правяраючым з Дзяржкамітэта па прафадукацыі.
Пачаліся звычайныя рэдакцыйныя будні раённага газетчыка, штодзённыя паездкі па палях і вёсках. Пабываў на месцах, пра якія Мележ пісаў у сваім рамане «Людзі на балоце», дзе жылі прататыпы Яўхіма Глушака і іншых герояў твора. Са мной ездзілі знакамітыя карэспандэнты БелТА, адзін з каторых — Павел Паўлавіч Латушка потым служыў Надзвычайным і паўнамоцным паслом Беларусі ў Рэспубліцы Польшча, міністрам культуры Рэспублікі Беларусь.
З Сяргеем Крапівіным ездзілі на камбайнавую ўборку бульбы. Поле прымыкала да калючага дроту, што адгароджваў небяспечную 30-кіламетровую зону. Надвор’е было сухое, пыл за камбайнамі стаяў слупам. Усім трактарыстам выдалі рэспіратары, але прымусіць надзець іх на твары ніхто не мог — віселі яны ў кутках кабін трактароў. Між тым, калі мы вярталіся ў Хойнікі, то прафесійны дазіметр на вельветавым пінжаку Сяргея зашкальваў ад радыяцыі. Моцна пішчэў дазіметр і каля маіх чаравікаў.
У рэдакцыі пасябраваў з каларытнай фігурай — журналістам па прозвішчы Шчука. Мы дзяліліся журналісцкім вопытам, дапамагалі рэдагаваць газетныя матэрыялы маладых журналістаў. Успаміналі розныя кур’ёзныя выпадкі з рэдакцыйных будняў. Ён паказаў мне Хойнікі, расказаў пра іх вызваленне ад немцаў у Вялікую Айчынную вайну. На п’едэстале ў пачатку адной з вуліц стаіць танк, які першым уварваўся ў горад.
…Чарнобыль, безумоўна, нанёс вялікі ўрон як народнай гаспадарцы рэспублікі, так і здароўю людзей Беларусі. Ды (на маю думку) ён многаму навучыў чалавека. Галоўнае з гэтага многага — быць Чалавекам.
Казімір КУХАРЧЫК,
член ГА «Беларускі саюз журналістаў»
Пачатак беатыфікацыйнага працэсу Эдварда Вайніловіча на Капыльшчыне нельга пакінуць без увагі, таму што менавіта землі каля вёсак Вясёлае (Пузава), Браткава, Савічы, Дунаева (Лапухі) належалі роду Вайніловічаў з 1662 года, а да 1790 — былі адзіным маёнткам. Тут жылі і працавалі продкі цяперашніх жыхароў гэтых вёсак, складаліся іх лёсы.
Вайніловіч быў беларускім магнатам, ён вельмі шмат дапамагаў працавітым, але бедным сялянам, бараніў іх інтарэсы ў Расійскай Думе, заснаваў земляробчыя банкі і дзіцячыя дамы. Дапамагаў беларускім адра-джэнцам, падаючы сродкі выдавецтву «Загляне сонца і ў наша аконца», часопісам «Лучынка» і «Саха». Вельмі шмат сродкаў Эдвард Вайніловіч ахвяраваў на пабудову храмаў, прычым не толькі каталіцкіх касцёлаў, але і праваслаўных цэркваў, сінагог, мячэцей.
Зараз многія даследчыкі спрабуюць ацаніць усю ролю гэтай асобы, яго шматгранную працу на карысць роднага краю — Беларусі, значнасць яго спраў, ініцыятыў, падтрымку простых людзей, сялян, апякунства.
З пакорнасцю сустрэў ён свой лёс — смерць дзяцей (апошняй надзеі) і ўвекавечыў памяць аб іх, пабудаваўшы касцёл. Жывая вера была яго ўнутраным святлом, паходняю дабрыні і справядлівасці да лю-дзей розных веравызнанняў.
10 красавіка мы па запрашэнні ксяндза Уладзіслава Завальнюка прысутнічалі на вялікай гістарычнай урачыстасці ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску. Лічым, што шчасце — на свае вочы пабачыць, як распачаўся працэс беатыфікацыі нашага земляка Эдварда Вайніловіча.
Ірына ШКУЦЬКА,
Вольга РАДКЕВІЧ,
аграгарадок Цімкавічы
Палац Вайніловічаў[/caption]
Усе землі Вайніловічаў займалі пяць тысяч дзесяцін зямлі. Тут разводзілі рыб, была вінакурня, невялікі масласырзавод, дзе ўладальнікі выкарыстоўвалі новыя тэхналогіі. У 1876 годзе старэнькі дом у Савічах быў перабудаваны ў шыкоўны палац з вежамі, мансардамі, тэрасамі. І пачалі з’яўляцца шматлікія госці. У Савічы яны заязджалі па алеі, высаджанай ліпамі, клёнамі, таполямі. Непадалёку былі сажалкі, дзе плавалі гусі і качкі. У парку былі пабудаваны альтанкі для аркестра, насыпаны штучныя выспы, устаноўлены галандскія ветраныя млыны, пракладзены лабірынты і гроты. Нягледзячы на ўсе модныя новаўвядзенні ў сядзібе дом адрозніваўся суровасцю і сціпласцю. У канцы ХІХ стагоддзя ў доме выявілі слабасць падмурка, з-за чаго ён стаў хіліцца ў бок цэнтральнага фасада. Тады да хаты былі прыбудаваны цагляныя падпоркі, і ў выніку палац набыў абарончы выгляд. Злева да палаца была прыбудавана невялікая афіцына, дзе жылі сядзібныя слугі. Перад палацам знаходзіліся карэтны хлеў і стайня, далей — гаспадарчы двор са спіртзаводам. Да сядзібы вёў выкладзены каменем пад’язны шлях, па абодвух баках якога былі засаджаны пышнымі дэкаратыўнымі кветкамі газоны. Такія ж газоны разбівалі і з адваротнага боку дома.
[caption id="attachment_47898" align="aligncenter" width="580"]
Кабінет у палацы Вайніловічаў[/caption]
У маёнтку знаходзілася ўнікальная бібліятэка з пяці тысяч рэдкіх кніг, велізарная карцінная галерэя, сямейны архіў, які збіраўся на працягу 400 гадоў. Тут захоўваўся і архіў князёў Алелькавічаў, першых уладальнікаў маёнтка Савічы. Фатаграфіі, якія дайшлі да нас, дазваляюць пазнаёміцца з кабінетам дзеда Эдварда Вайніловіча. Як бачым, мэбля ў сядзібным доме адрознівалася прыгажосцю і вытанчанасцю, сярод убранства вылучаецца распісная плітка на падлозе, мармуровыя каміны, ваза XVIII стагоддзя з грушавага дрэва. Мноства прыгожых ікон знаходзілася ў дамавой капліцы. Там жа захоўваліся і чашы для прычашчэння — падарунак першага арцыбіскупа Мінскай каталіцкай дыяцэзіі.
У маёнтку Савічы ў самым парку стаяла Свята-Троіцкая царква (спачатку ўніяцкая, затым праваслаўная) — помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана яна была ў першай палове ХІХ стагоддзя пасля 1826 года (гэта год пабудовы новага каменнага палаца). Падчас Вялікадня перазвон дапаўнялі залпы з гармат, якія стаялі ў вялікіх сенцах у палацы. У скляпеннях царквы былі пахаваны многія землеўладальнікі. Вайніловічы наведвалі царкву, займалі там ганаровыя месцы. У савецкі час царква была зачынена і выкарыстоўвалася пад калгасны склад, затым помнік драўлянага дойлідства разабралі на дровы. Застаўся толькі падмурак (на тэрыторыі старых могілак).
[caption id="attachment_47897" align="aligncenter" width="580"]
Свята-Троіцкая царква, в. Савічы[/caption]
Парк быў адным з лепшых у Мінскай губерніі. Тут расло мноства экзатычных раслін. Былі лабірынты з хвойных дрэў. У альтанках, калі прыязджалі госці, ігралі аркестры. На святы званілі званы і грымелі трубы.
У 1904 годзе ў Савічах пабудаваны вінакурны завод, які праз шэсць гадоў быў зачынены, не прынёсшы доўгачаканага прыбытку свайму ўладальніку. Але менавіта руіны спіртзавода дайшлі да нашых дзён і сёння з’яўляюцца адзіным архітэктурным следам савіцкай сядзібы.
У лютым 1918 года маёнтак быў разрабаваны, а культурная спадчына, якую збіралі па драбках, пачынаючы з XVII стагоддзя, і захоўвалі адзінаццаць пакаленняў Вайніловічаў, знішчана.
Сам Эдвард Вайніловіч пасля смерці быў пахаваны ў Польшчы, а не на савіцкім кургане, пра што марыў пры жыцці і пісаў у сваім тэстаменце. У радавым склепе, у кургане недалёка ад палаца, ляжалі ўсе яго продкі. Ніякай капліцы не ставілі, а хавалі па старабеларускім звычаі ў кургане. Там былі пахаваны і бацькі (бацька перанесены
з Цімкавіцкага касцёла), і продкі, перанесеныя з Нясвіжа, і дзеці Сымон і Алена, у памяць пра якіх пабудаваны знакаміты Чырвоны касцёл, які стаў адным з сімвалаў не толькі нашай сталіцы, але і ўсёй Беларусі.
Валянціна ШУРАКОВА,
дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея
P.S. З мэтай папулярызацыі і прапаганды гісторыка-культурнай спадчыны выпускніца ДУА «Гімназія № 75 г. Мінска імя Масленікава П.В.» Настасся Вайтэнка стварае макет «Палац Э. Вайніловіча ў Савічах» (гэта яе дыпломная работа), які яна падорыць Капыльскаму раённаму краязнаўчаму музею ў чэрвені 2016 года.
Ідзе пасяджэнне беатыфікацыйнага трыбунала[/caption]
Першае пасяджэнне міжнароднай пастулатарскай камісіі па беатыфікацыі Эдварда Вайніловіча адбылося ў Мінску 15 мая 2014 года. Гэтаму папярэднічалі шматлікія мерапрыемствы, у тым ліку і на Капыльшчыне, з удзелам прадстаўнікоў з Ватыкана, падчас якіх збіралася інфармацыя, звесткі пра слыннага беларускага сына. Шмат намаганняў зрабіў пробашч парафіі святых Сымона і Алены ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, якому дапамагалі і нашы раённыя краязнаўцы. Даследаванні асобы Вайніловіча праходзілі на ўсіх узроўнях. І вось праз амаль два гады першы этап далучэння Эдварда Вайніловіча да ліку святых стаў рэаліяй.
На беатыфікацыйны працэс у Чырвоны касцёл прыехалі вернікі з розных куткоў Беларусі, госці з-за мяжы. Спачатку адбылася святая Імша, якую правёў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. «Дзякуй Богу за гэты вялікі дар. Хто з нас некалькі гадоў таму мог падумаць, што такое можа здарыцца на Беларусі? — звяртаючыся да прысутных, адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. — Гэта таксама вялікі падарунак да 25-годдзя адраджэння структур каталіцкага касцёла ў Беларусі і ўстанаўлення нашай Мінска-Магілёўскай мітраполіі і архідыяцэзіі… Гэта знак таго, што Касцёл у Беларусі дастаткова ўмацаваўся, каб узяцца за такую справу, як працэс беатыфікацыі».
[caption id="attachment_47857" align="aligncenter" width="580"]
Сведкамі падзеі ў Чырвоным касцёле сталі і капыляне[/caption]
Расказваючы пра фундатара Чырвонага касцёла, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў некаторыя моманты з біяграфіі Эдварда Вайніловіча, падкрэсліўшы яго асаблівы ўклад у справу адраджэння веры ў Беларусі. Добра вядома, што Вайніловіч дапамагаў у будаўніцтве святыняў розных канфесій: каталіцкіх, праваслаўных, яўрэйскіх і мусульманскіх, спрыяючы духоўнаму і культурнаму адраджэнню грамадства. «Ён быў сынам сваёй зямлі. У часы царскай Расіі ён захаваў сваю хрысціянскую ідэнтычнасць. Не адмовіўся ад сваёй веры», —заўважыў Мітрапаліт.
Праз некалькі хвілін пасля святой Імшы адбылося пасяджэнне беатыфікацыйнага трыбунала, які ўзначаліў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Узгадаўшы асноўныя падзеі з жыцця кандыдата, члены трыбунала склалі прысягу, якую падпісалі пад урачысты спеў хору.
[caption id="attachment_47855" align="aligncenter" width="400"]
Падчас святой Імшы[/caption]
Пробашч парафіі Святых Сымона і Алены ксёндз Уладзіслаў Завальнюк у сваім слове падзякаваў Богу за ласку распачацця такога працэсу беатыфікацыі, выказаў падзяку Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, усім вернікам і духавенству за прысутнасць і духоўную падтрымку.
Пасля пастырскага блага-слаўлення Мітрапаліта вернікі прайшлі ў працэсіі да месца пахавання Эдварда Вайніловіча ў крыпце Чырвонага касцёла. Дарэчы, на выхадзе з храма кожны прысутны атрымаў абразок з выявай Слугі Божага, дзе на зваротным баку была надрукавана малітва, праз якую можна складаць свае просьбы Богу. Аб усіх выслуханых просьбах і пачутых малітвах важна паведаміць у Чырвоны касцёл.
Цуды, якія могуць адбыцца праз заступніцтва Слугі Божага Эдварда Вайніловіча, будуць канчатковым аргументам для яго кананізацыі — далучэння да ліку святых.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
По итогам конкурса в каждой области и в городе Минске специально созданные оргкомитеты (жюри), в состав которых войдут известные предприниматели и представители органов госуправления, определят лучших бизнесменов в номинациях: «Успешный старт», «Стабильный успех», «Эффективный бизнес в сфере производства», «Эффективный бизнес в сфере услуг», «Инновационно активный бизнес».
Предприниматели, желающие принять участие в конкурсе, до 1 мая 2016 года должны направить свои заявки в соответствующие органы исполнительной власти (по месту государственной регистрации).
Подробную информацию о номинациях и критериях для участия в конкурсе, образец заявки и дальнейшие новости о конкурсе можно найти в разделе «Национальный конкурс «Предприниматель года» на официальном сайте Министерства экономики.
Маргарита САКОВИЧ