Пачатак беатыфікацыйнага працэсу Эдварда Вайніловіча на Капыльшчыне нельга пакінуць без увагі, таму што менавіта землі каля вёсак Вясёлае (Пузава), Браткава, Савічы, Дунаева (Лапухі) належалі роду Вайніловічаў з 1662 года, а да 1790 — былі адзіным маёнткам. Тут жылі і працавалі продкі цяперашніх жыхароў гэтых вёсак, складаліся іх лёсы.
Вайніловіч быў беларускім магнатам, ён вельмі шмат дапамагаў працавітым, але бедным сялянам, бараніў іх інтарэсы ў Расійскай Думе, заснаваў земляробчыя банкі і дзіцячыя дамы. Дапамагаў беларускім адра-джэнцам, падаючы сродкі выдавецтву «Загляне сонца і ў наша аконца», часопісам «Лучынка» і «Саха». Вельмі шмат сродкаў Эдвард Вайніловіч ахвяраваў на пабудову храмаў, прычым не толькі каталіцкіх касцёлаў, але і праваслаўных цэркваў, сінагог, мячэцей.
Зараз многія даследчыкі спрабуюць ацаніць усю ролю гэтай асобы, яго шматгранную працу на карысць роднага краю — Беларусі, значнасць яго спраў, ініцыятыў, падтрымку простых людзей, сялян, апякунства.
З пакорнасцю сустрэў ён свой лёс — смерць дзяцей (апошняй надзеі) і ўвекавечыў памяць аб іх, пабудаваўшы касцёл. Жывая вера была яго ўнутраным святлом, паходняю дабрыні і справядлівасці да лю-дзей розных веравызнанняў.
10 красавіка мы па запрашэнні ксяндза Уладзіслава Завальнюка прысутнічалі на вялікай гістарычнай урачыстасці ў касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску. Лічым, што шчасце — на свае вочы пабачыць, як распачаўся працэс беатыфікацыі нашага земляка Эдварда Вайніловіча.
Ірына ШКУЦЬКА,
Вольга РАДКЕВІЧ,
аграгарадок Цімкавічы
Комментарии