Сёння наша падарожжа ў калыску слаўнага роду Вайніловічаў — вёску Савічы.
Маёнтак Савічы (з 1662 года) належаў роду Вайніловічаў на працягу 250 гадоў. На жаль, сёння не захаваліся ні сам маёнтак, ні Свята-Троіцкая царква. І толькі па малюнках Напалеона Орды, зробленых у другой палове ХІХ стагоддзя, ды па захаваных здымках 1914 года можна аднавіць былую веліч гэтых зямель.
[caption id="attachment_47899" align="aligncenter" width="580"]

Палац Вайніловічаў[/caption]
Усе землі Вайніловічаў займалі пяць тысяч дзесяцін зямлі. Тут разводзілі рыб, была вінакурня, невялікі масласырзавод, дзе ўладальнікі выкарыстоўвалі новыя тэхналогіі. У 1876 годзе старэнькі дом у Савічах быў перабудаваны ў шыкоўны палац з вежамі, мансардамі, тэрасамі. І пачалі з’яўляцца шматлікія госці. У Савічы яны заязджалі па алеі, высаджанай ліпамі, клёнамі, таполямі. Непадалёку былі сажалкі, дзе плавалі гусі і качкі. У парку былі пабудаваны альтанкі для аркестра, насыпаны штучныя выспы, устаноўлены галандскія ветраныя млыны, пракладзены лабірынты і гроты. Нягледзячы на ўсе модныя новаўвядзенні ў сядзібе дом адрозніваўся суровасцю і сціпласцю. У канцы ХІХ стагоддзя ў доме выявілі слабасць падмурка, з-за чаго ён стаў хіліцца ў бок цэнтральнага фасада. Тады да хаты былі прыбудаваны цагляныя падпоркі, і ў выніку палац набыў абарончы выгляд. Злева да палаца была прыбудавана невялікая афіцына, дзе жылі сядзібныя слугі. Перад палацам знаходзіліся карэтны хлеў і стайня, далей — гаспадарчы двор са спіртзаводам. Да сядзібы вёў выкладзены каменем пад’язны шлях, па абодвух баках якога былі засаджаны пышнымі дэкаратыўнымі кветкамі газоны. Такія ж газоны разбівалі і з адваротнага боку дома.
[caption id="attachment_47898" align="aligncenter" width="580"]

Кабінет у палацы Вайніловічаў[/caption]
У маёнтку знаходзілася ўнікальная бібліятэка з пяці тысяч рэдкіх кніг, велізарная карцінная галерэя, сямейны архіў, які збіраўся на працягу 400 гадоў. Тут захоўваўся і архіў князёў Алелькавічаў, першых уладальнікаў маёнтка Савічы. Фатаграфіі, якія дайшлі да нас, дазваляюць пазнаёміцца з кабінетам дзеда Эдварда Вайніловіча. Як бачым, мэбля ў сядзібным доме адрознівалася прыгажосцю і вытанчанасцю, сярод убранства вылучаецца распісная плітка на падлозе, мармуровыя каміны, ваза XVIII стагоддзя з грушавага дрэва. Мноства прыгожых ікон знаходзілася ў дамавой капліцы. Там жа захоўваліся і чашы для прычашчэння — падарунак першага арцыбіскупа Мінскай каталіцкай дыяцэзіі.
У маёнтку Савічы ў самым парку стаяла Свята-Троіцкая царква (спачатку ўніяцкая, затым праваслаўная) — помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана яна была ў першай палове ХІХ стагоддзя пасля 1826 года (гэта год пабудовы новага каменнага палаца). Падчас Вялікадня перазвон дапаўнялі залпы з гармат, якія стаялі ў вялікіх сенцах у палацы. У скляпеннях царквы былі пахаваны многія землеўладальнікі. Вайніловічы наведвалі царкву, займалі там ганаровыя месцы. У савецкі час царква была зачынена і выкарыстоўвалася пад калгасны склад, затым помнік драўлянага дойлідства разабралі на дровы. Застаўся толькі падмурак (на тэрыторыі старых могілак).
[caption id="attachment_47897" align="aligncenter" width="580"]

Свята-Троіцкая царква, в. Савічы[/caption]
Парк быў адным з лепшых у Мінскай губерніі. Тут расло мноства экзатычных раслін. Былі лабірынты з хвойных дрэў. У альтанках, калі прыязджалі госці, ігралі аркестры. На святы званілі званы і грымелі трубы.
У 1904 годзе ў Савічах пабудаваны вінакурны завод, які праз шэсць гадоў быў зачынены, не прынёсшы доўгачаканага прыбытку свайму ўладальніку. Але менавіта руіны спіртзавода дайшлі да нашых дзён і сёння з’яўляюцца адзіным архітэктурным следам савіцкай сядзібы.
У лютым 1918 года маёнтак быў разрабаваны, а культурная спадчына, якую збіралі па драбках, пачынаючы з XVII стагоддзя, і захоўвалі адзінаццаць пакаленняў Вайніловічаў, знішчана.
Сам Эдвард Вайніловіч пасля смерці быў пахаваны ў Польшчы, а не на савіцкім кургане, пра што марыў пры жыцці і пісаў у сваім тэстаменце. У радавым склепе, у кургане недалёка ад палаца, ляжалі ўсе яго продкі. Ніякай капліцы не ставілі, а хавалі па старабеларускім звычаі ў кургане. Там былі пахаваны і бацькі (бацька перанесены
з Цімкавіцкага касцёла), і продкі, перанесеныя з Нясвіжа, і дзеці Сымон і Алена, у памяць пра якіх пабудаваны знакаміты Чырвоны касцёл, які стаў адным з сімвалаў не толькі нашай сталіцы, але і ўсёй Беларусі.
Валянціна ШУРАКОВА,
дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея
P.S. З мэтай папулярызацыі і прапаганды гісторыка-культурнай спадчыны выпускніца ДУА «Гімназія № 75 г. Мінска імя Масленікава П.В.» Настасся Вайтэнка стварае макет «Палац Э. Вайніловіча ў Савічах» (гэта яе дыпломная работа), які яна падорыць Капыльскаму раённаму краязнаўчаму музею ў чэрвені 2016 года.
Комментарии