— Калі служыў у арміі, — дзеліцца Юрый Міхайлавіч, — вадзіў аўтамабіль. А як вярнуўся дадому, вырашыў асвоіць гэтую прафесію і на «грамадзянцы». Прываблівала праца на аўтобусе. Хацеў, праўда, з’ехаць у сталіцу, але ад гэтага кроку адгаварыў мяне мой бацька.
І, відавочна, Юрый Дарашэвіч не памыліўся з выбарам. Пасажыры ведаюць яго як культурнага і ветлівага вадзіцеля рэйсавага аўтобуса. Кіраўніцтва пра працаўніка адгукаецца выключна са станоўчага боку, адзначаючы яго працавітасць і імкненне заўсёды быць у перадавіках.
Па родзе дзейнасці Юрый Дарашэвіч практычна пастаянна ў дарозе: дзень у дзень, з года ў год. Варта адзначыць, што Правілы дарожнага руху і Правілы перавозкі пасажыраў ён выконвае няўхільна.
Увесь назапашаны гадамі вопыт працаўнік з радасцю перадае маладому пакаленню.
— На працу прыходзіць моладзь, — кажа вадзіцель аўтобуса, — я з задавальненнем бяру над імі настаўніцтва, расказваю і паказваю тое, што ведаю сам, вучу ўсім тонкасцям нашай прафесіі.
Юрый Міхайлавіч за сваю працоўную дзейнасць неаднаразова быў адзначаны граматамі, таксама ўзнагароджаны нагрудным знакам «Ганаровы працаўнік» ААТ «Мінаблаўтатранс» і знакамі «За працу без аварый», мае ганаровае званне «Ветэран працы».
Юрый Дарашэвіч — адказны супрацоўнік філіяла «Аўтамабільны парк № 21», а дома мужчына — добры сем’янін і бацька. З жонкай Ганнай Сяргееўнай ідуць побач ужо шмат гадоў. Пабудавалі хату, выгадавалі сына Дзмітрыя і дачку Таццяну. А зараз любоў і пяшчоту аддаюць двум унукам, якія растуць на радасць бабулі і дзядулю.
Крысціна ЖОГАЛЬ
Фота Паўла ШЭІНА
Усе гэтыя словы пра загадчыка аддзела радыё і інфармацыі капыльскай раённай газеты «Слава працы» Сяргея Козела, голас якога добра вядомы слухачам і аматарам праграм раённага радыёвяшчання.
— Любоў да радыё ў мяне, можна сказаць, з самага дзяцінства. — дзеліцца Сяргей Леанідавіч. — Памятаю, як яшчэ ў школьныя гады любіў слухаць праграмы беларускага радыё, якія трансліраваліся па правадной сетцы. Быў неаднаразовым удзельнікам і пераможцам літаратурнай радыёвіктарыны «Адгадай, адкуль гэта?», за што атрымліваў прызы — кнігі з подпісам вядучага, вялікага знаўцы беларускай мовы Уладзіміра Юрэвіча. Пазней былі «Рамантыкі» — перадача для дзяцей і юнацтва, якую вяла наша зямлячка Людміла Дрожжа з Рымашоў. Яе чароўны голас і манера данесці інфармацыю да слухача проста заварожвалі. Заўсёды з цікавасцю чакаў і праграм Капыльскага раённага радыё.
І вось ён ужо сам на працягу 17 гадоў расказвае пра жыццё раёна, знаёміць з яго жыхарамі. За гэты час адбылося шмат змен: адышло ў нябыт правадное радыё, якому на змену прыйшлі новыя тэхналогіі. Зараз нас можна пачуць на FM-хвалях, і не толькі на Капыльшчыне, але і ў суседніх раёнах. Старыя «бабіннікі» і іншая гуказапісная апаратура заменены на сучасную камп’ютарную тэхніку і дыктафоны.
Аднак творчая дзейнасць Сяргея Леанідавіча не абмяжоўваецца толькі работай у радыёстудыі. Чытачы раёнкі таксама з цікавасцю чытаюць яго інфармацыі, замалёўкі, рэпартажы. Асноўны напрамак, які асвятляе ў сваёй творчасці Сяргей Козел, — грамадска-палітычная тэматыка, за што, дарэчы, наша газета летась стала лаўрэатам Нацыянальнага конкурсу «Залатая Літара».
Творчы імпэт Сяргея вельмі ўдала спалучаецца з высокай адукаванасцю і ўменнем разгаварыць суразмоўцу, што вельмі важна для нашай прафесіі. Дакладнаму адчуванню беларускага слова, усіх адценняў яго гучання наш калега вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Былі ў яго працоўнай біяграфіі старонкі, звязаныя з педагагічнай дзейнасцю і маладзёжным рухам, але ўсё ж такі журналістыка стала тым адзіным, з якім яго жыццё знітавана назаўсёды.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота Марыі ШЭІНАЙ
Стаж Мікалая Генадзьевіча ў арганізацыі складае больш за дваццаць гадоў, і за гэты час ён ужо не раз быў адзначаны за добрыя поспехі - мае шмат грамат, занесены на Дошцы гонару ў сваім філіяле, акрамя таго ён ужо быў адным з перадавікоў Капыльскага раёна. Як прызнаецца сам вадзіцель, кіраўніцтва ўвесь час заахвочвае за працу, з калектывам сяброўскія адносіны. Што тычыцца працы, то тут таксама ўсё добра - тэхніка заўсёды ў добрым стане, як гаварыцца, у поўным узбраенні.
- Я ўжо працую на трэцяй машыне - гэта МАЗ-5516А5, - распавядае Мікалай Скуратовіч. - Зімой аўтамабіль прызначаны для снегаўборачных работ, летам транспарт заняты рознымі грузаперавозкамі.
У дарожнікаў шмат працы асабліва ў зімовую пару: трэба расчысціць і добраўпарадкаваць дарогі. Мікалай Генадзьевіч кажа, што нават у вялікія святы і выхадныя няма калі адпачываць - у любы час сутак можа паступіць неадкладны выклік.
Сам Мікалай Скуратовіч родам з Капыля. Жанаты і мае двух ужо дарослых дзяцей. Андрэй - інжынер-механік, працуе на адным з прадпрыемстваў у Мінску. Другі, Сяргей, побач з бацькам - працуе вадзіцелем ГАЗэлі у ДРБУ № 124. Таму, як кажа Мікалай Генадзевіч, заўсёды ёсць да каго звярнуцца па дапамогу і ў працы, і дома.
Павел ШЭІН
Галоўнае, каб птушка была накормлена, напоена. Канешне, хочацца мець добрыя рэзультаты, стараюся, каб фазаны хутка раслі і набіралі вагу. Больш увагі патрабуюць птушаняты, прынамсі, як і кожныя дзеці. Дарослая птушка вялікіх клопатаў не стварае. Яна ў нас жыве ў вальерах пад адкрытым паветры, добра пераносіць маразы, горш — слякатнае надвор’е, калі ў халодную пару года ідзе мокры снег або дождж.
Наталля Кавалеўская паказала сваю шматгалосную гаспадарку. Асабліва прыгожыя самцы фазанаў з доўгімі стракатымі хвастамі. Шэра-карычневыя самачкі больш сціплыя. З надыходам вясны (недзе ў красавіку) яны пачнуць нясціся, і тады ў Наталлі Пятроўны дабавіцца клопату: трэба будзе збіраць яйкі, закладваць іх у інкубатар, пазней — даглядаць птушанят. Напрыклад, за мінулы сезон самкі знеслі каля 6000 яек, з якіх вылупіліся фазаняты.
Аднак фазаны вырошчваюцца не толькі для правядзення паляванняў, ёсць тут і вельмі прыгожыя, дэкаратыўныя птушкі: каралеўскія, сярэбрыстыя, алмазныя… Дапаўняюць міні-заапарк еўрапейскія лані, трусы. І іх таксама даглядае Наталля.
Увогуле ў сям’і Кавалеўскіх да лясной гаспадаркі маюць адносіны аж тры яе члены. Раней працаваў лесніком у Бабаўнянскім лясніцтве муж Наталлі Пятроўны Аркадзь Сігізмундавіч. Менавіта яго пасаду заняла жанчына, калі той звольніўся, і займалася аховай лесу 12 гадоў. Як успамінае Наталля, на той час вялося шмат лесапасадачных работ, у якіх лесаводам дапамагалі школьнікі. Работа з імі вельмі падабалася лесніку — так у нейкай ступені рэалізоўвалася яе дзіцячая мара быць настаўнікам. Звязаў сваё жыццё з лясной гаспадаркай і сын Кавалеўскіх Аляксандр, які пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта працуе ў РУП «Белдзяржлес». А вось дачка Настасся засталася на Капыльшчыне: выйшла замуж і знайшла сабе працу ў ААТ «Капыльскае».
Маргарыта САКОВІЧ
Любоў да прадмета «інфарматыка» з’явілася ў Дзяніса яшчэ падчас навучання ў другой гарадской адзінаццацігодцы. Дзякуючы тадышняму эксперыменту школьнікі, аб’яднаныя ў педагагічны клас, на паглыбленай аснове вывучалі прадметы па абранай спецыяльнасці. Навучанне для юнака давалася лёгка, асабліва падабаліся профільныя прадметы — матэматыка і інфарматыка. Да япошняй Дзяніс Ляшчэвіч праяўляў большую цікавасць, магчыма таму, што падабалася методыка выкладання настаўнікаў Людміла Мікалаеўны і Мікалая Мікалаевіча Гаўрыленкаў.
Трывалыя веды дазволілі пасля школы без праблем паступіць у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя М. Танка на матэматычны факультэт па спецыяльнасці «матэматыка і інфарматыка». Ужо ў 2002 годзе Ляшчэвіч як малады спецыяліст вяртаецца на радзіму і ўладкоўваецца працаваць настаўнікам інфарматыкі ў «сваю» школу. Амаль адразу ж Дзяніс Міхайлавіч звяртае ўвагу на вучняў, якія праяўлялі на занятках кемлівасць і знаходлівасць. Ужо на факультатыўных занятках з такімі дзецьмі пачыналася мэтанакіраваная, больш паглыбленая работа, якая ў рэшце рэшт прыносіла свае плады. Неаднаразова выхаванцы Дзяніса Ляшчэвіча станавіліся пераможцамі раённых, абласных і нават рэспубліканскіх алімпіяд. «Справа ў тым, што не заўсёды адораныя дзеці робяць поспехі ў вывучэнні прадмета, — адзначыў настаўнік. — Дзецей, якія паспяхова выступаюць на алімпіядах, я б назваў, хутчэй, працавітымі. Таму што менавіта ад іх уседлівасці, увагі залежыць і канчатковы вынік».
Паглыблена інфарматыку вывучаюць школьнікі рознага узросту. І, як высветлілася, вучні малодшых класаў часта пераўзыходзяць старэйшакласнікаў па веданні прадмету. «Практычна ўсе вучні, з якімі я займаюся, дастаткова хутка выходзяць за рамкі школьнай праграмы, — тлумачыць Дзяніс Міхайлавіч. — Гэта патрабаванне часу, таму што для высокіх рэзультатаў патрэбныя веды, якімі валодаюць студэнты 1-2 курса ВНУ».
Многія настаўнікі задаюцца пытаннем, як можна падрыхтаваць вучняў для паспяховага ўдзелу ў алімпіядах. А вось у настаўніка інфарматыкі СШ №2 безумоўна ёсць свой сакрэт. Пацвярджэннем таму — вынікі выступлення вучняў на абласных алімпіядах, адкуль выхаванцы Дзяніса Ляшчэвіча не вярталіся без дыпломаў апошнія дзевяць гадоў.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ