У цэнтры ўвагі раённай улады — навядзенне парадку ў вёсцы Савічы. Гэтыя мясціны адметныя тым, што побач знаходзяцца сямейныя могілкі славутага роду Вайніловічаў.
У Савічы мы завіталі каля паловы адзінаццатай у мінулую сераду. Ціхая ў апошнія гады вуліца сустрэла натужлівым гулам матораў магутных аранжавых экскаватараў, якія ў гэты веснавы дзень яркімі плямінамі вылучаліся на фоне старых, закінутых хацін, што ўжо даўно не адчувалі клопат гаспадарскай рукі.

Сярод групы людзей заўважаем старшыню Цімкавіцкага сельвыканкама Алену Острыкаву. Наводдаль жанчыны сцягваюць у адну кучу спілаваныя раней галіны. Ім дапамагаюць маладыя мужчыны, побач завіхаецца з пілой бензапільшчык.
— Вось учора тут працавала больш за трыццаць чалавек, — расказвае Алена Мечыславаўна. — Сваіх прадстаўнікоў накіравалі ўстановы сацыяльнай сферы: Цімкавіцкай школы, ясляў-сада. Былі работнікі хлебапрыёмнага пункта, аддзела па надзвычайных сітуацыях, раёна электрычных сетак, аўтапарка, сельвыканкама і інш. Працавалі на разборцы дома і гаспадарчай пабудовы нашчадкі гэтых сядзіб, якія прыехалі спецыяльна, каб вызваліць плошчы для зносу фундаментаў. Дарэчы, мы напісалі шмат пісьмаў, выдалі прадпісанні з патрабаваннямі навесці парадак. Усяго пад знос адведзена каля 60 аб’ектаў.

Алена Острыкава паведаміла, што па дамоўленасці ў Савічах працуе тэхніка Ляхавіцкай ПМС — два магутныя экскаватары, а ў хуткім часе павінен прыйсці і бульдозер, каб зараўняць катлаваны, у якія скідваюць выкарчаваныя пні, рэшткі фундаментаў. Цікава і тое, што не змаглі застацца ўбаку ад агульнай работы спецыялісты, якія суправаджалі тэхніку з суседняга раёна: і намеснік дырэктара ПМС, і майстар разам з жанчынамі наводзілі парадак на падвор’ях.

Крыху наводдаль — яшчэ адзін участак. Тут шчыравалі прадстаўнікі філіяла «Аўтапарк № 21» ААТ «Мінаблаўтатранс», а крыху далей — работнікі Капыльскага філіяла ДП «Мінаблпаліва». Узброеныя бензапіламі мужчыны спілоўвалі параснікі і дрэўцы, а іх таварышы зносілі галлё.
Але не толькі ў Савічах арганізавана работа па навядзенні парадку. Як паведаміла старшыня сельвыканкама, брыгады, створаныя ў ААТ «Капыльскае», працавалі на добраўпарадкаванні ў Дзягцяных, Заракаўцах, Канатопах, на могілках у Цімкавічах. На іншыя могілкі — каталіцкія — выязджалі прадстаўнікі філіяла ДП «Мінаблпаліва». Арганізаваны аналагічныя работы і ў філіяле «В. Раёўка» — падчас суботніка там прыбіралі мясцовы сквер.
— Работы па навядзенні парадку прадоўжацца і надалей, — гаворыць Алена Острыкава. — Мы плануем у пачатку чэрвеня ў Савічах правесці свята вёскі, а таму менавіта гэтаму населенаму пункту будзем надаваць большую ўвагу. Але парадак на зямлі павінен быць на ўсёй тэрыторыі сельсавета. І мы імкнёмся яго навесці.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара