Радуецца веснавому сонейку прырода, радуюцца і людзі. Вось пагрэцца пад яго ласкавымі праменьчыкамі ля адной з хат па вуліцы Працоўнай, што ў райцэнтры, выйшлі прыгожыя бабулькі. Сядзяць, нешта расказваюць адна адной. Стала цікава.
Знаёмімся. Усе — жыхаркі Капыля. І на самай справе на траіх ім не многа не мала — амаль 300 гадоў! Да таго ж бабулькі аказаліся вельмі гаваркія.
[caption id="attachment_56446" align="aligncenter" width="580"]

Е.І. Малашкевіч, А.Л. Зарамбоўская, Г.І. Ліннік[/caption]
Ева Ільінічна Малашкевіч (Бурак) нарадзілася ў 1923 годзе ў вёсцы Слабодка, што каля Пятрылава. Такое крыху незвычайнае для сялянскай дзяўчынкі імя яна атрымала як абярэг. Справа ў тым, што матуля, стомленая заўчаснай смерцю семярых дзетак, называе толькі што народжаную дачушку Евай па благаславенні святара Грозаўскай царквы. Наступнага ж за ёй хлопчыка (у 1927 годзе) — Адамам. Такую параду святы айцец даў, каб захаваць жыццё дзеткам. Скончыла школу Ева Ільінічна якраз напярэдадні Вялікай Айчыннай — 21 чэрвеня 1941 года. Ваеннае ліхалецце жанчына і сёння памятае вельмі добра. Замуж за Бурака Міхаіла Рыгоравіча выйшла праз два гады пасля заканчэння вайны. Разам з мужам выхавалі двух годных сыноў Міхаіла і Уладзіміра. Доўгі час Ева Ільінічна працавала галоўным бухгалтарам калгаса імя У.І. Леніна. За плённую працу мае шмат узнагарод.
— Мяне завуць
Алена Лаўрэнцьеўна Зарамбоўская, — з ахвотай уступае ў размову наступная бабулька. — 9 лістапада мне споўніцца 92. Я жыву па вуліцы Пушкіна. Нарадзілася ў Слуцкім раёне ў вёсцы Лапацічы. Усё жыццё працавала: і на трактары, пакуль не папрыходзілі трактарысты з фронта, і цэпам малаціла, і баранавала, і… Што я толькі не рабіла! Шмат часу працавала ў кандытарскім цаху і на гумавым заводзе. Гэта ўжо пазней, калі жыла ў Капылі. Сюды я трапіла замуж. Падчас вайны моладзь нашу вывозілі ў Германію. Да адпраўкі падрыхтавалі ўжо і мяне, нават далі пашпарт. А тут побач апынуўся мой Валодзя і сказаў солтысу: «Нікуды яна не паедзе! Давай мне яе дакументы. Будзе мая жонка!». Так я нікуды і не паехала. А пазней і на самай справе стала яго жонкай. Выгадавалі мы пяцёра дзяцей: тры дачкі і два сыночкі-галубочкі. Уладзімір, Валянціна, Тамара, Фёдар, Ірына — вось, як іх клічуць. Унукаў і не скажу колькі — не лічыла. — І, крыху задумаўшыся: — Не, скажу: дзевяцёра. Маю пяцёра праўнукаў. Ужо нават і чацвёртае пакаленне ёсць — прапраўнук Марк. Усе добрыя, усе разумныя.
— Вы карэспандэнт «Слава працы»? — пытаецца наступная наша гераіня
Ганна Іванаўна Ліннік. — Вельмі ж я люблю газету. Хоць і дрэнна бачу, але стараюся прагледзець яе ўсю. А нарадзілася я 9 мая 1924 года ў сям’і простага краўца Івана Лінніка з вёскі Калінаўка, што ля Русакоў. Матуля мая памерла, калі мне было 6 гадкоў, таму выхоўвалі мяне тата з мачыхай. У 30-я гады ХХ стагоддзя ў пошуках лепшай долі наша сям’я пераехала ў Крым, і вярнуліся ўжо толькі пасля заканчэння Вялікай Айчыннай. Пасля вяртання ў Беларусь бацька з мачыхай засталіся жыць у Русаках, а я пайшла працаваць у Капыль. На работу ўзялі спачатку афіцыянткай у сталоўку, якая знаходзілася ў будынку сучаснага магазіна «Мясная лавка». Потым стала прадаўцом ва ўнівермагу. Так усё жыццё і адпрацавала ў сістэме гандлю. Акрамя таго 15 год была засядацелем у судзе. З Мікалаем Антонавічам Рымашэўскім ажаніліся ў 49-м ды пражылі ра-зам паўстагоддзя. Маю і Ганаровыя граматы. А ў 1978 го-дзе мне прысвоілі званне «Ударнік камуністычнай працы». Выхавалі двух сыноў — Анатоля і Уладзіміра, радуюць унукі і праўнукі.
Так і коціцца жыццё гэтых паважаных жанчын: калі-нікалі перагорнуць старонкі газеты, паглядзяць цікавыя тэлеперадачы. Радуюцца, што яшчэ маюць сілы сустрэцца, успомніць маладосць, абмеркаваць апошнія навіны. Радуюцца, што свеціць над імі мірнае сонейка, а ваенныя жахі засталіся далёка ў мінулым.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота аўтара