Яшчэ адзін наш зямляк Адам Антонавіч Бабарэка — вядомы беларускі пісьменнік, літаратурны крытык, адзін з лідараў літаратурнага руху 20-х гадоў — родам са Слабада-Кучынкі.
У архіве Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе вучыўся, а пазней і працаваў А.А. Бабарэка, захавалася яго кароткая службовая аўтабіяграфія. Яна пачынаецца так: «Паходжу я з беззямельных сялян вёскі Сл.-Кучынка Капыльскага раёна».
[caption id="attachment_104253" align="aligncenter" width="840"]
■ Адам Бабарэка[/caption]
Бацька яго быў чалавек разумны, працавіты і сумленны. Не маючы зямлі, браўся за любую работу, абы пракарміць сям’ю. Апошнія два гады жыцця трымаў маленькую краму, але грошай ніколі не меў, бо раздаваў свой няхітры тавар у пазыку такім самым беднякам, як і сам. Калі памёр, не было за што пахаваць.
Пасля смерці бацькі Адам з маці і малодшым братам засталіся без сродкаў.
Вучыўся Адам добра, і настаўнік мясцовай школы раіў яму працягваць вучобу. Для Адама Бабарэкі была адзіная магчымасць атрымаць сярэднюю адукацыю – паступіць у Мінскую духоўную семінарыю.
I замест таго, каб стаць свяшчэннікам, ён ідзе працаваць настаўнікам у школу. Спачатку Адам Бабарэка – настаўнік Сунаёўскай школы, крыху пазней працуе ў роднай Сл.-Кучынцы, а потым у Крыніцкай школе.
Калі ўвосень 1919 года белапалякі акупіравалі Капыльшчыну, А. Бабарэка ра-зам з вясковым актывам ідзе ў падполле. Ездзіў у Мінск на пасяджэнне падпольнай арганізацыі. Было вырашана арганізаваць паўстанне супраць акупантаў. Аднак вясною 1920 года ў разгар падрыхтоўкі да паўстання ў Слуцкую падпольную арганізацыю прабраўся правакатар і выдаў кіруючую групу. Пачаліся аблавы і масавыя арышты. Адама Бабарэку разам з 12 падпольшчыкамі кінулі ў астрог.
Забраны ў палон, Адам Антонавіч прайшоў праз цяжкія мукі. Пасля ўсяго легіянеры выразалі ў яго на спіне дзве пяціканцовыя зоркі. Выратаваўшыся з палону, падлячыўшыся, ён пайшоў у рэгулярную Чырвоную армію. Пасля працаваў членам рэвалюцыйнага камітэта, загадваў аддзелам народнай асветы.
У далейшым, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, Адам Бабарэка пачаў працаваць выкладчыкам гісторыі беларускай літаратуры ў Рэспубліканскім камуністычным універсітэце імя Леніна і БДУ.
Адначасова Адам Бабарэка быў адным з арганізатараў літаратурнага аб’яднання «Маладняк», а з 1926 года – арганізатарам беларускага літаратурнага аб'яднання «Узвышша» і галоўным рэдактарам часопіса гэтай жа назвы.
Першыя літаратурныя спробы А. Бабарэкі адносяцца да 1918 года, калі ён, як амаль усе беларускія пісьменнікі і публіцысты, працаваў селькорам. У 1920 годзе яго творы пачалі з’яўляцца на старонках рэспубліканскага друку пад псеўданімамі Якім Каліна, Адам Чырвоны, Адам Гаротны. Яго першыя вершы былі пра новае жыццё і сацыялістычнае будаўніцтва. Яны звярнулі на сябе ўвагу заснавальніка беларускай пралетарскай лірыкі, таксама нашага земляка Цішкі Гартнага. Апавяданні А. Бабарэкі даносяць атмасферу тагачаснай беларускай вёскі, нагадваюць літаратурна апрацаваныя ўспаміны з часоў падпольнай барацьбы супраць белапольскай акупацыі. У 1925 годзе выйшла асобная кніжка пісьменніка «Апавяданні».
Усё часцей у друку пачалі з’яўляцца яго крытычныя артыкулы і даследаванні, якія выявілі веды пісьменніка ў галіне літаратуразнаўства.
Адам Бабарэка быў адным з першых беларускіх крытыкаў, які прыкмеціў арыгінальны, тыпова беларускі сатырычны талент К. Крапівы, высока ацаніў творчасць У. Дубоўкі, П. Труса, прозу К. Чорнага і 3. Бядулі, даў усебаковы аналіз выдатнай коласаўскай паэмы «Сымон-музыка». Яго крытычную праніклівасць высока цаніў Я. Колас. Першым з маладых крытыкаў А. Бабарэка пачаў гаварыць пра неабходнасць вывучэння старажытнай беларускай літаратуры, творчасці Ф. Скарыны, С. Буднага, В. Цяпінскага.
У 1930 годзе яго незаконна арыштавалі. 10 красавіка 1931 года асуджаны на пяць гадоў высылкі. У 1937 годзе арыштаваны органамі НКУС і высланы на дзесяць год у лагер, дзе пісьменнік і памірае ў 1939 годзе.
Яго жонка неаднаразова звяртаецца ў пракуратуру СССР з просьбай пераглядзець справу мужа і рэабілітаваць яго пасмяротна. Гэта адбываецца толькі ў 1959 годзе.
Кароткі быў яго век, але не кожны, хто пражыў доўгі, паспеў зрабіць столькі, колькі зрабіў ён.
Сяргей КОЗЕЛ