Два дні ў раённым цэнтры сплялісь гісторыя і традыцыі, сучаснасць і актуальныя ідэі. Гэта знакавая падзея стала цэнтрам прыцягнення для таленавітых народных умельцаў з розных гарадоў рэспублікі. Тут прайшло свята ткацтва «Ад прадзiва да ткацтва».
Мінскую вобласць на пляцоўцы прадстаўлялі народны майстар Беларусі, загадчык раённага цэнтра ткацтва Таццяна Волкава, а таксама майстры сельскага цэнтра культуры Сакаўшчына Валожынскага раёна – Алена Рыснік з дачкой Настассяй. Лепшыя прадстаўнікі народнай творчасці дзяліліся з гледачамі багаццем і самабытнасцю культурнай спадчыны. Тут можна было не толькі набыць унікальныя вырабы народных умельцаў, але ўбачыць, як ажываюць старажытныя рамёствы: кожны жадаючы змог атрымаць майстар-клас «з рук у рукі» ад носьбітаў традыцый усёй Рэспублікі Беларусь.
–– Я дэманстравала ткацтва ручніка на станку, а майстры з Валожынскага раёна сваю ўнікальную тэхніку – ткацтва пояса на нітку (на назе менавіта), – падкрэсліла Таццяна Волкава. – Адзначу, што ўсе вобласці на свяце прадстаўляюць свае ўнікальныя тэхнікі, якія занесены ў спіс нематэрыяльна-культурнай спадчыны Беларусі. На другой пляцоўцы, дзе прадстаўлены рамёствы Мінскай вобласці, працавала метадыст цэнтра ткацтва Ала Ладыга. Яна таксама знаёміла наведвальнікаў і гасцей свята з адметнасцямі закладнога ткацтва, увогуле з ткацкім рамяством не толькі на станку, але і праводзіла майстар-клас па ткацтву пояса на бердзечку.
Дарэчы, падворак рамёстваў Мінскай вобласці наведалі высокія госці, сярод якіх намеснік Прэм'ер-міністра Наталля Пяткевіч, Міністр культуры, заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслан Чарнецкі, Міністр інфармацыі Марат Маркаў і інш. Свята ткацтва «Ад прадзiва да ткацтва» стала не проста святам народнай творчасці, але і важным крокам у захаванні і папулярызацыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі.
Няхай традыцыя працягваецца, натхняючы будучых пакаленняў на захаванне культурнай спадчыны нашай Радзімы! XXXIII Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Магілёўскай вобласці, горад Касцюковічы.
Фота з архіва РЦТ
Комментарии