Разам са службай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях на варце жыцця людзей стаіць «маленькі прыбор» — аўтаномны пажарны апавяшчальнік (АПА). Ён рэагуе на задымленне і выдае магутны гукавы сігнал, здольны пабудзіць таго, хто спіць, і нават апавясціць суседзяў аб надыходзячай небяспецы.
Сёння АПА з’яўляецца самым эфектыўным сродкам прадухілення гібелі людзей падчас пажараў. Прыбор недарагі, хоць супастаўляць яго кошт з коштам чалавечага жыцця бессэнсоўна. Ён проста неабходны ў кожным жыллі. А тыя, хто ўжо паклапаціўся пра сваю бяспеку і ўсталяваў у сваім домаўладанні АПА, павінны сачыць за спраўнасцю прыбора, своечасова замяняючы элемент сілкавання ў выпадку яго разрадкі.
[caption id="attachment_44603" align="aligncenter" width="580"]

С. Чарніковіч і С. Міхайлоўская падчас наведвання Г. Залуцкага[/caption]
Вядома ж, асаблівай увагі патрабуюць сацыяльна неабароненыя катэгорыі грама- дзян. Як паведаміла загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ДУ «Капыльскі ТЦСАН» Святлана Чарніковіч, усе адзінокія грамадзяне ў раёне, якія атрымліваюць сацыяльныя паслугі на даму, забяспечаны АПА. У адпаведнасці з планам, зацверджаным распараджэннем старшыні райвыканкама ад 23 лютага 2015 года, на тэрыторыі раёна за кошт сродкаў фонду фінансавання расходаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі, на працягу года ўстаноўлена 45 аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. Яны з’явіліся ў домаўладаннях 13 адзінокіх, 24 адзінока пражываючых грамадзян і васьмі інвалідаў 1 і 2 групы.
За кошт сродкаў, выдзеленых у рамках Праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады, праведзены вывад сігнала на знешняе гукавое ўстройства (на фасад будынкаў) у трох домаўладаннях адзінокіх грамадзян, якім аказваюцца сацыяльныя паслугі на даму. У 2015 годзе зроблены бягучы рамонт электраправодкі ў чатырох жылых дамах адзінокіх грамадзян.
У ліку тых, каму заменена электраправодка і ўстаноўлены апавяшчальнікі, адзінока пражываючы, інвалід дзяцінства Генадзь Залуцкі з в. Карзуны.
— Вельмі добра, што сацыяльная служба не пакідае нас у адзіноце, — адзначыў пры сустрэчы Генадзь Іосіфавіч. — Вось бачыце, колькі зрабілі ў доме, каб маё жыццё было бяспечным. Хаця я і стараюся захоўваць усе правілы, аднак рознае можа адбыцца. У доме вадзяное ацяпленне, паліцца кацёл. Не забываюць пра мяне і брат, і сястра, цётка жыве ў гэтай жа вёсцы. Але часцей за ўсіх наведвае сацыяльны работнік Святлана Міхайлоўская. Вады, паліва наносіць, прадукты, лекі даставіць, у хаце прыбярэ. Словам, першы і надзейны памочнік.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара