На працягу апошняга месяца сем’і, што знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і пражываюць на тэрыторыі Семежаўскага сельсавета, былі пад пільнай увагай суб’ектаў прафілактыкі дрэннага сацыяльнага становішча раёна.
Спачатку ў Семежаўскім ВПК д/с-СШ прайшоў агульнашкольны бацькоўскі сход. Падчас яго праведзена растлумачальная работа аб шкодным уплыве алкаголю на арганізм чалавека, на фізічнае і маральнае станаўленне падрастаючага пакалення, аб неабходнасці адказных адносін да выхавання і развіцця дзяцей.
Улічваючы тое, што на тэрыторыі Семежаўскага сельсавета пражывае найбольшая колькасць сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, пазней было прынята рашэнне аб выездзе міжведамаснай рабочай групы для ажыццяўлення маніторынгу работы па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у праблемных сем’ях». Падчас маніторынгу вывучана работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі, што знаходзяцца на тэрыторыі сельсавета, наведаны ўсе сем’і праблемнай катэгорыі. Асаблівая ўвага звярталася на праверку ўмоў пражывання дзяцей, забеспячэнне іх прадуктамі харчавання, пасцельнымі рэчамі, на захаванне супрацьпажарнай бяспекі і г.д. Дарэчы, падобныя рэйды праводзяцца рэгулярна і, як правіла, бацькі ўжо пачынаюць самі сябе кантраляваць і ў некаторых выпадках рабіць нейкія захады, каб змяніць сітуацыю.
Як адзначыў пасля рэйду старшыня раённага каардынацыйнага савета, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Ліпніцкі, работа з гэтымі сем’ямі прадоўжыцца. Але дзякуючы прыкладзеным намаганням усіх суб’ектаў прафілактыкі большасць сем’яў праз пэўны адрэзак часу можа быць знята з уліку і пазбавіцца статусу знаходжання ў сацыяльна небяспечным становішчы.
На пасяджэнні каардынацыйнага савета па выкананні Дэкрэта № 18 прааналізавана работа ўсіх суб’ектаў прафілактыкі па аказанні неабходнай дапамогі праблемным сем’ям, выяўлены недахопы і распрацаваны план па мэтанакіраванай рабоце па прафілактыцы дрэннага сацыяльнага становішча на тэрыторыі Семежаўскага сельсавета.
У ходзе комплекснага вывучэння выяўлены некаторыя праблемныя моманты. Адзін з самых асноўных — адсутнасць неабходнага ўзаемадзеяння ўсіх суб’ектаў прафілактыкі. Таксама адзначаны недастатковы ўзровень работы па раннім выяўленні праблемных сем’яў, аслаблены ведамасны кантроль з боку сельвыканкама, структурных падраздзяленняў райвыканкама за ажыццяўленнем работы на месцах па рэалізацыі патрабаванняў Дэкрэта № 18. Акрамя таго выказаны заўвагі па вядзенні рабочай дакументацыі, адкрытым застаецца пытанне па забеспячэнні тэрыторыі Семежаўскага сельсавета ўчастковым інспектарам міліцыі. Перад усімі суб’ектамі прафілактыкі пастаўлены пэўныя задачы па наладжванні належнага ўзаемадзеяння. Кантроль за выкананнем дадзеных рэкамендацый і ўхіленнем недахопаў будзе праведзены падчас чарговага выезду міжведамаснай рабочай групы.
Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии