Больш за 30 гадоў таму на Капыльшчыне запалілася новая творчая зорка — ансамбль народнай песні «Спадчына». З 1998 года — народны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь. Сёння народны ансамбль народнай песні «Спадчына» — адзін з лепшых творчых калектываў Капыльшчыны. Доказ таму — удзел у разнастайных аглядах, конкурсах, фестывалях.
Стваральнікам калектыву і яго нязменным кіраўніком на працягу ўсяго часу існавання з’яўляецца Валянціна Зарамбоўская. Менавіта яна адшукала і прывяла ў ансамбль самабытных самадзейных артыстаў. Менавіта яна, нібы нітка ў пацерках, звязвае таленты і аб’ядноўвае гэтых творчых людзей. Наш расказ аб той ролі, якую ў лёсе кожнага з удзельнікаў адыгрывае ансамбль.
Валянціна Зарамбоўская, мастацкі кіраўнік:
— З гэтым калектывам звязана ўсё маё жыццё. Ён для мяне — другая сям’я. Я вельмі ўдзячна самадзейным артыстам за працу творчую і няспынную, падчас вельмі напружаную, за захаванне песеннай спадчыны беларусаў, за любоў да народнай творчасці.
Уладзімір Зяньковіч, другі мастацкі кіраўнік ансамбля:
— Не памылюся, калі скажу, што стаяў ля вытокаў стварэння ансамбля. Гэта было ў 1985 годзе, калі я працаваў у РДК інструктарам па рабоце з дзецьмі і падлеткамі. Мяне заўсёды натхнялі народныя песні, асабліва ў выкананні «Песняроў». Больш за ўсё падабалася песня «Спадчына». Захацелася стварыць нешта падобнае. Летам якраз на практыку прыйшлі Валянціна Зарамбоўская і Любоў Галубовіч. Ідэя стварыць ансамбль з’явілася неяк сама па сабе. Але я не маю музычнай адукацыі, таму ўсё ў свае рукі ўзяла Валянціна Сцяпанаўна. Разам з намі былі Сяргей Рамановіч, Леанід Матус, Алена Валчкевіч, Тамара Дрожжа. Яны і ўвайшлі ў першы склад ансамбля. Нейкі час я не працаваў у калектыве. Але зараз я зноў тут, у роднай «Спадчыне». Для мяне гэта магчымасць адчуць нашу, беларускую, атмасферу. Калі загараюцца сафіты, калі пераапранаешся ў народны касцюм, нібы трапляеш у зусім іншы свет, свет нашых продкаў.
ХХХ сусветны фестываль лесарубаў.
***
Х фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй».
***
IV абласны фестываль «Грай, гармонік».
***
Рэспубліканскія фестывалі працаўнікоў сяла «Дажынкі-2011» і «Дажынкі-2014».
***
IV міжнародны фестываль кулінарнага майстэрства «Мотальскія прысмакі».
***
Чэмпіянат свету па хакеі ў 2014 годзе.
***
Абласныя святы «Слуцкія паясы» ў 2013 і 2015 гадах.
Алена Дзямідчык, намеснік дырэктара РЦК:
— Працую балетмайстрам у калектыве больш за 20 гадоў. Мне падабаецца ставіць танцы, выхады-ўваходы да той ці іншай песні, падабаецца афармляць кампазіцыі. Гэтым і сябе падганяеш, не даеш расслабіцца. Тым больш, што калектыў у нас вельмі дружны. Паглядзіш на артыстаў — і настройваешся з імі на адну творчую хвалю. На юбілейным канцэрце выканалі танец з прыпеўкамі «Полька-Кука». Усім спадабалася.
Любоў Галубовіч, загадчык аддзела культурна-масавай і метадычнай работы:
— Пачынала спяваць у 1985 г., але на нейкі час адышла. Але сэрца паклікала вярнуцца. Артысты — сапраўдныя таленты. Працаваць з імі — адна асалода.
Леанід Матус, механік Капыльскай ЖКГ:
— На працу ў Капыльскае ПМС я прыехаў у 1983 годзе. Тады было больш моладзі. У РДК існаваў маладзёжны тэатр, куды я і хадзіў. А ў «Спадчыну» трапіў адразу пасля яе стварэння. Для мяне выступленні ў складзе ансамбля — задавальненне ад таго, што робіш, ад магчымасці мець зносіны з сябрамі-артыстамі.
Тамара Дрожжа, метадыст па інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці РЦК:
— На працу ў РДК я прыехала ў 1983 годзе. У той час да нас прыходзілі новыя людзі, уліваліся новыя сілы. Хутка прыйшла і Валянціна Зарамбоўская. Пасля стварэння калектыву на нейкі час я яго пакінула. Вярнулася ў 2015 годзе. Зараз я разумею, што народная песня — гэта мая песня. Калі спяваю, адпачываю душой.
Яраслаў Грыбок, начальнік цэха ААТ «Капыльскі РКБА»:
— Спяваць у ансамблі я пачаў 25 гадоў таму. У той час працаваў у кар’еры ГСЗ «Скабін». Даволі часта мы выступалі з самадзейнымі канцэртамі, рыхтаваць якія нам дапамагала Валянціна Зарамбоўская. Прыйшоў у «Спадчыну» і зразумеў: гэта маё. Мы прыходзім на рэпетыцыі — і трапляем у іншы, творчы, свет. Народныя песні мне падабалася выконваць усё жыццё — любоў да іх прывіла мая матуля. Дарэчы, некаторыя песні запісаны з яе слоў.
Алена Волкава, сакратар УА «Капыльскі дзяржаўны каледж»:
— Выступаю ў ансамблі з 2006 года. Я вучылася спяваць раней, яшчэ ў юнацтве. Мая бабуля вельмі любіла народныя песні і змагла прывіць гэтую любоў і мне. Яна спявала заўсёды, што б ні рабіла. Удзел у канцэртах для мяне — магчымасць аддзякаваць бабулі.
Іна Місючэнка, начальнік участка сельскіх комплексных прыёмных пунктаў Капыльскага РКБА:
— У складзе «Спадчыны» я з 2010 года. Для мяне ўдзел у ансамблі — натхненне не толькі на працу, але і на жыццё наогул.
Людміла Позняк, прыёмшчык малака на Капыльскім філіяле ААТ «Слуцкі сыраробны камбінат»:
— У «Спадчыну» я трапіла разам з Інай Місючэнка. Мне падабаецца, што ў складзе ансамбля мы ўслаўляем нашу Капыльшчыну. Асабліва калі ў Мінску ці Маладзечне называюць, што мы з Капыля, узнікае асаблівы гонар.
Антон Шышмароў, індывідуальны прадпрымальнік:
— З ансамблем выступаю з 2001 года. Для мяне выступленні ў складзе «Спадчыны» — гэта адзін са спосабаў самавызначэння. Я атрымліваю зарад бадзёрасці і аптымізму.
Вольга Даманская, педагог-арганізатар УА «Капыльскі дзяржаўны каледж»:
— Трапіць у ансамбль я змагла ў 1996 годзе. Выступленні дапамагаюць мне праз народныя песні дакрануцца да нашай беларускай народнай творчасці, нашых традыцый.
Святлана Біруля, метадыст па клубна-масавай рабоце РЦК:
— Выступаю ў складзе ансамбля з 2008 года. Для мяне гэта прыемная магчымасць культурна развівацца, рэалізаваць творчыя бакі характару.
Валянціна Базаркіна, прыбіральшчык службовых памяшканняў і складальнік вопісу РУП «Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры»:
— У ансамбль мяне прывяла Тамара Аляксандраўна Шкірыч у 1997 годзе. З той пары я з задавальненнем спяваю. Люблю народныя песні. Іх спявала яшчэ мая бабуля.
Лілія Халюта, зараз на пенсіі:
— На родную Капыльшчыну вярнулася ў 2013-м. У маладосці я прымала ўдзел у агітбрыгадах, чытала вершы на сцэне РДК. На працягу доўгага часу я ўзначальвала абкам прафсаюза гандлю малога і сярэдняга бізнесу ў Кіраваградску (Украіна). Таму пасля вяртання не хацелася згубіць сябе, а прадоўжыць актыўную грамадскую дзейнасць. Удзел у «Спадчыне» ў гэтым мне вельмі дапамагае.
Тамара Вайтовіч, зараз на пенсіі:
— Заўсёды любіла спяваць, асабліва беларускія народныя песні. А ў ансамбль трапіла 25 гадоў таму. Мне падабаецца калектыў, падабаецца прыходзіць на рэпетыцыі, ездзіць па раёне з канцэртамі, падчас выступленняў сустракацца з жыхарамі вёсачак. Падабаюцца ўсе песні з нашага рэпертуара. Асаблівы гонар і боль адчуваю, калі мы выконваем песню «Поклонимся великим тем годам».
Наталля Карунная, зараз на пенсіі:
— У ансамблі спяваю 25 гадоў, адразу з таго часу, як прыехала на працу таваразнаўцам у Капыльскае райспажыўтаварыства. Маю музычную адукацыю: скончыла музычную школу ў В. Бераставіцы, што на Гродзеншчыне. Любіла спяваць і ў дзяцінстве, і ў юнацтве. Таму ўдзел у ансамблі дае мне магчымасць не толькі творча развівацца, але і набыць сяброў. Усе мы сталі адзін аднаму, як родныя.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА