Жывёлаводы філіяла «Лакнея» не здаюць сваіх лідзіруючых пазіцый, пастаянна нарошчваюць вытворчасць малочнай прадукцыі. З першых дзён 2016 года ў гаспадарцы ўзялі курс на павелічэнне вытворчасці малака. І гэта ўдаецца, аб чым сведчаць паказчыкі. Ад кожнай каровы ў сярэднім за дзень надойваюць па 15,5 кг, што на 2,7 кг больш, чым летась (прададзена ад адной каровы — 13,8 кг, плюс 3,4 кг).
Шмат увагі ўдзяляецца якасці малака. Кіраўніцтва і работнікі сельгаспрадпрыемства добра разумеюць — чым вышэйшы гатунак, тым вышэйшая цана продажу. Большасць рэалізаванай малочнай прадукцыі адпавядае класу «экстра» і вышэйшаму гатунку. Таварнасць малака складае больш за 95%.
[caption id="attachment_45583" align="aligncenter" width="580"]

Начальнік вытворчага ўчастка МТФ «Камсамольская» Надзея Вержыкоўская (у цэнтры) з жывёлаводамі Віктарам Акулічам, Аленай Піліпчук, Аляксеем Юрчанкам і Святланай Малец[/caption]
Малочнатаварная ферма «Камсамольская» па выніках мінулага года знаходзіцца на трэцім месцы ў раёне. Пасля праведзенай рэканструкцыі яна перайшла на сучасныя тэхналогіі ўтрымання жывёлы. На ёй абсталявана новая даільная зала, дзе зараз дояцца 170 кароў. Умовы ўтрымання жывёлы і працы людзей тут знаходзяцца на высокім узроўні. Дарэчы, будаўніцтва працягваецца і зараз. Хутка будзе ўведзены ў строй тэнтавы кароўнік, будуюцца яшчэ два жывёлагадоўчыя памяшканні.
— Садзейнічаюць нашай паспяховай працы па нарошчванні вытворчасці малака, — адзначае намеснік дырэктара па жывёлагадоўлі філіяла «Лакнея» Іван Кавальчук, — трывалая кармавая база, удасканаленне селекцыйнай работы, дакладнае выкананне тэхналогіі вытворчасці прадукцыі. Сярод пералічаных аспектаў адно з галоўных месцаў адведзена кадрам. Кожны на сваім рабочым месцы — ад спецыяліста да жывёлавода — з адказнасцю ставіцца да даручанага ўчастка.
Круглы год грамадскі статак забяспечаны якаснымі і збалансаванымі кармамі. Рацыён дойных кароў і цялушак складаецца згодна з камп’ютарнымі праграмамі і прадуманы да дробязей. Якасныя сянаж і сілас шчодра прыпраўляюцца камбікармамі. Для кожнай групы жывёлы рацыён асобны.
— Зімовае ўтрыманне жывёлы — даволі адказны для нас перыяд, — адзначае начальнік вытворчага ўчастка МТФ «Камсамольская» Надзея Вержыкоўская. — Асаблівае значэнне надаём выкананню вытворчай і тэхналагічнай дысцыпліны, захаванню правіл утрымання і кармлення жывёлы. Зараз пачаліся расцёлы, таму і сярэднясутачны надой ад адной каровы складае 16,8 кг малака.
У кароўніках, як і заўсёды, належная чысціня і парадак. Выгулы ачышчаны, жывёла ўтрымліваецца на добрай саламянай падсцілцы. У такіх умовах ніякі мароз не страшны.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота аўтара