Сустрэчы з выбаршчыкамі ў акрузе дазваляюць дэпутату, вобразна кажучы, трымаць руку на пульсе часу, ведаць, чым жывуць людзі, што іх хвалюе. Пасля чарговага прыёму грамадзян у Капыльскім райвыканкаме мы сустрэліся з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатолем Бойкам і пацікавіліся, чым быў адметны для яго мінулы год у рабоце са зваротамі насельніцтва.
— Я з’яўляюся дэпутатам па Капыльскай выбарчай акрузе № 66, у склад якой уваходзяць Капыльскі, Клецкі і частка сельсаветаў Слуцкага раёна, — адзначыў Анатоль Бойка. — За 2015 год мною праведзена 25 прыёмаў, зарэгістравана 68 зваротаў, у тым ліку ў Слуцкім раёне тры прыёмы, шэсць зваротаў, у Капыльскім, адпаведна, 11 і 19, у Клецкім — 11 і 43. У адпаведнасці з графікам работы рэгулярна выязджаю ў сваю акругу. Практыкую сустрэчы з людзьмі не толькі ў райцэнтрах, але, як кажуць, і ў глыбінцы. Бо не ўсе выбаршчыкі па розных прычынах могуць дабрацца ў горад. А праблем хапае паўсюдна. І нярэдка такіх, якія з’яўляюцца агульнымі для жыхароў усяго рэгіёна. Напрыклад, летась на Капыльшчыне на вёсцы праведзены прыёмы ў ААТ «Піянер-Агра», Пацейкаўскім, Грозаўскім, Капыльскім сельсаветах, у Капыльскім дзяржаўным каледжы, астатнія — у райвыканкаме ці гарадскіх арганізацыях і прадпрыемствах.
[caption id="attachment_45485" align="aligncenter" width="580"]

Анатоль Бойка абмяркоўвае пытанні са старшынёй райсавета дэпутатаў Ірынай Кісляк[/caption]
Што тычыцца пытанняў, то яны самыя розныя. Ёсць такія, па якіх дастаткова даць тлумачэнне ці параіць чалавеку, што ў дадзеным выпадку патрэбна яму зрабіць. А ёсць і іншага характару — тут неабходна ўсебакова вывучыць, атрымаць тлумачэнні ў пэўных інстанцыях, прааналізаваць, наколькі яны абгрунтаваныя. Аднак найбольшую ўдзельную вагу маюць звароты, вырашэнне якіх так ці інакш звязана з дзейнасцю ці бяздзейнасцю мясцовых арганізацый і структур. У такім разе мы гэтыя праблемы абмяркоўваем і шукаем шляхі іх вырашэння з кіраўніцтвам раёнаў, адказнымі работнікамі райвыканкамаў ці кіраўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый.
Большасць праблем, што ўзнімаюцца ў зваротах грамадзян, якія жывуць на тэрыторыі ўсёй акругі, носіць, так бы мовіць, бытавы характар. Некаторыя звяртаюцца, каб адрамантавалі лінію электраперадачы ці ўключылі вулічнае асвятленне, спілавалі аварыйнае дрэва, дапамаглі разабрацца ў канфлікце з суседзямі. Шэраг пытанняў узнімалася і наконт унясення паправак і змяненняў у існуючае заканадаўства. Уносіліся таксама прапановы, якія мэтазгодна выкарыстаць пры распрацоўцы новых заканадаўчых актаў. Такім чынам, грамадзяне шукаюць дапамогі, у тым ліку, і ў дэпутата. Усе пытанні бяруцца на кантроль і сумеснымі намаганнямі праблемы па магчымасці вырашаюцца.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА