Вёска Какорычы ўключана ў спіс гістарычных месцаў, якія найбольш часта наведваюць турысты падчас вандроўкі па Капыльшчыне. Архітэктурныя помнікі сярэдзіны XIX стагоддзя, якія можна ўбачыць у гэтым населеным пункце, маюць вялікую каштоўнасць як культурная спадчына Беларусі.
Раскажам падрабязна пра сядзібна-паркавы комплекс вёскі Какорычы, які адносіцца да другой паловы ХІХ ст. Спачатку маёнтак належаў Радзівілам, а апошнімі яго ўладальнікамі былі Пашкевічы.
Да нашых дзён
Сядзіба фарміравалася прыкладна ў сярэдзіне ХІХ ст. Размешчана абасоблена на паўночны захад ад аднайменнай вёскі, займаючы схілы ўзгоркаў Капыльскай грады. У плане мае форму прамавугольніка. З былога сядзібна-паркавага комплексу Пашкевічаў захаваліся рэшткі брамы, тры гаспадарчыя пабудовы, вадаём, часткова парк і сад.
Брама прадстаўлена двума мураванымі квадратнымі ў сячэнні пілонамі пад шатровымі дахамі. Грані пілонаў патынкаваныя, падзеленыя на два ярусы, ніжні ярус дэкарыраваны прамавугольнымі нішамі, верхні – фігурнымі. Вароты не захаваліся. На браме сёння ўстаноўлена ахоўная дошка. Свабодная ад забудовы і насаджэнняў тэрыторыя паміж стайнямі і пілонамі брамы мае сляды былога, гістарычнага добраўпарадкавання (вялікая круглая клумба пасярэдзіне ўчастка, пакрыццё дарожак, бардзюрныя камяні), якія адпавядаюць былому параднаму двару сядзібнага комплексу.
Адна з гаспадарчых пабудоў, якая захавалася, служыла гумном, у другой трымалі буйных рагатых жывёл. Агульнымі рысамі для гэтых пабудоў з’яўляецца высокі падмурак, на якім выкладзены валуны. Гаспадарчыя будынкі выкананы ў простых формах утылітарнай архітэктуры. Два будынкі (былы кароўнік і гумно) размешчаны па адной лініі, падобныя паміж сабой, вымураваны з камянёў, прамавугольныя ў плане, накрыты двухсхільнымі дахамі (цяпер накрыты шыферам). Франтоны на тарцовых фасадах, утвораныя схіламі даху, зашыты дошкамі. На фасадах маюцца сляды пераробкі аконных і дзвярных праёмаў, захаваліся ранейшыя перамычкі. Дэкор адсутнічае. У пасляваенны час да фасадаў прыбудаваны невялікія тамбуры. З пабудоў таксама захавалася так званая «лядоўня», якая ўяўляе сабою склеп. Яе сцены выкладзены з валуноў у спалучэнні з цагляным мурам. Гэта прамавугольны цагляны будынак, уваходны тамбур якога змураваны з камянёў. Накрыты двухсхільным дахам.

Адмысловую ўвагу гісторыкаў прыцягвае парк, які раскінуўся вакол сядзібы Пашкевічаў. Парк і сад захаваліся часткова. На тэрыторыі парка захавалася траекторыя абыходнай прагулачнай грабавай алеі.
На тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу рашэннем Капыльскага райвыканкама №1088 ад 2 кастрычніка 2008 г. утвораны батанічны помнік прыроды мясцовага значэння «Какорычы». Там забараняецца выпальванне сухой расліннасці, спальванне рэшткаў драўніны, мыццё механічных транспартных сродкаў, размяшчэнне палатак, развядзенне вогнішчаў, правядзенне суцэльных высечак галоўнага карыстання, сельскагаспадарчых работ, работ па будаўніцтве будынкаў і збудаванняў, інжынерных сетак і транспартных камунікацый, правядзенне навуковых эксперыментаў з прыроднымі комплексамі і аб’ектамі, выпас і прагон жывёлы, правядзенне масавых мерапрыемстваў пры адсутнасці добраўпарадкавання.
Фрагменты сядзібна-паркавага комплексу згодна з рашэннем Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны №5 ад 16.03.1994 г. былі ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

З 1994 года фрагменты сядзібна-паркавага комплексу знаходзяцца на балансе ААТ «Капыльскае», якое з’яўляецца яе ўладальнікам. Штогод райкам ГА «БРСМ» пры садзейнічанні адміністрацыі Капыльскага раёна, гаспадаркі праводзяць маштабную ачыстку тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу.
Сёння агульная плошча тэрыторыі помніка прыроды «Какорычы» складае 5,2 га.
У час росквіту
Некалі плошча маёнтка разам з садамі складала каля 20 га. Сядзібны дом быў двухпавярховы драўляны, з порцікамі на галоўным і паркавым фасадах. Стаяў у глыбіні сядзібнага двара (захаваліся сляды падмуркаў). На адной восі з ім быў размешчаны газон з кругам, уязная брама з масіўнымі мураванымі пілонамі. Перпендыкулярна да гэтай кароткай восі размешчана доўгая ўязная алея. Яна вяла да гаспадарчага двара.
У паніжэнні паміж узгоркамі на невялікім вадатоку, які называецца Чайка (прыток Морачы), была створана водная сістэма. Па вызначэнні А.Т. Федарука, яна ўключала два вадаёмы, падзеленыя дамбай. Цэнтральны з іх меў два прыўзнятыя над вадой востравы з берагамі, трывала ўмацаванымі па перыметры бутавымі камянямі. Маляўнічасць, асабліва вялікаму востраву, надаваў дрэвастой рознага складу.
Другі круглы востраў невялікі, цалкам пакрыты травой і кустарнікамі. Дно вадаёма замацавана слоем гліны, але ён мяльчэе, парос элодыяй. Парадны двор быў акружаны пейзажным паркам, які спускаўся да вадаёму з заходняга боку, за грабавай алеяй размяшчаўся вялікі сад. Сад па перыметры быў абведзены неглыбокім вадазаборным ірвом, уздоўж якога па алеі праходзіў прагулачны маршрут.
Гістарычныя факты
У 1919 г. маёнтак Какорычы быў нацыяналізаваны. З 1 сакавіка 1921 г. на яго базе створаны саўгас, асноўным кірункам дзейнасці якога было вызначана садаводства. Спачатку саўгас падпарадкоўваўся Упраўленню народнай маёмасці Слуцкага павета.
У 1922 г. складзены анкета і манаграфічнае апісанне саўгаса. Паводле дакумента плошча ўсёй зямлі былога маёнтка складала 700 дзесяцін, пад сядзібай было занята 25 дзесяцін. Адзначалася, што ў маёнтку адсутнічалі тэхнічныя прадпрыемствы, існавала толькі кузня. Жылых дамоў для рабочых і служачых было дастаткова, але патрабаваўся іх капітальны рамонт. Стайні, хлявы для жывёлы, свінарнікі, птушнікі, кузня і сталярная майстэрня ў цэлым былі прыдатныя для эксплуатацыі, але таксама патрабаваўся рамонт. Усе пабудовы былі драўляныя, за выключэннем двух хлявоў.
У тым жа 1922 г. складзены вопіс жылых і гаспадарчых пабудоў саўгаса ў Какорычах з іх кароткай характарыстыкай і схематычны план сядзібы. Апісаныя пабудовы раней адносіліся да сядзібы: кузня драўляная, гумно драўлянае, сталярная майстэрня, 5 драўляных жылых дамоў, 2 драўляныя стайні, мураваны хлеў, крыты гонтай, памерам 45х15х5 арш., драўляны свінарнік, драўляны птушнік, драўляная лядоўня, драўляны хлеў для снапоў, мураваны хлеў для малацьбы, крыты гонтай, памерам 45х15х5 арш., драўляны свіран, сховішча для караняплодаў мураванае, крытае гонтай, памерам 18х9х1,5 арш., драўляны хлеў для інвентару. З вопісу вынікае, што існавалі толькі тры гаспадарчыя мураваныя будынкі: хлеў для жывёлы і хлеў для малацьбы (мелі аднолькавыя габарыты) і сховішча для караняплодаў. Гэтыя будынкі захаваліся да нашага часу.
Жылыя і гаспадарчыя пабудовы датуюцца апошняй трэцяй ХІХ–пачаткам ХХ ст. Мураваны хлеў для жывёлы (найбольш верагодна кароўнік) і хлебны хлеў (гумно) пабудаваны ў 1873 г. Сярод сядзібных пабудоў яны былі самыя старыя. Мураваны склеп пабудаваны ў 1888 г. У пасляваенны час на тэрыторыі сядзібы размяшчаўся піянерскі лагер.
У Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь фрагменты сядзібна-паркавага комплексу маюць 2 катэгорыю. Цяпер сядзібныя будынкі не выкарыстоўваюцца.
Крысціна ЖОГАЛЬ