Аднаму з вядомых беларускіх археолагаў Людміле Дучыц, карані якой па матчынай лініі і на Капыльшчыне, споўнілася 60 гадоў.
Людміла Уладзіміраўна нарадзілася ў сям’і беларускіх інтэлігентаў. Яе дзед, Мікалай Дучыц, - вядомы мастак. Бацька - арнітолаг. Сама Людміла Уладзіміраўна - археолаг, якая на працягу дзесяці гадоў апантана і паслядоўна вывучала археалагічныя помнікі самага маляўнічага кутка Беларусі - Браслаўшчыны. Два гарадзішчы: Маскавічы і Рацюнкі... На сёння гэта амаль хрыстамацыйныя помнікі, калі ўзнікае гаворка пра нарманскі след у Беларусі.
Больш за паўтысячы курганоў у Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі, якія яна раскапала і даследавала. А яшчэ камяні-следавікі, камяні-«краўцы», каменныя крыжы, археалагічная мікратапаніміка, касцюм жыхароў старадаўняй Беларусі, археалагічныя помнікі на старонках перыёдыкі Беларусі пачатку XX ст., этнапсіхалогія і літаратурна-этналагічныя замалёўкі пра цыганоў...
Пра тое, наколькі гэты чалавек апантаны ў працы, незважаючы на побыт, можна меркаваць хаця б па адным эпізодзе з яе ўласнага археалагічнага жыцця.
1976 год. Іказнь. Археалагічныя раскопкі Міхася Ткачова. Як вядома, Міхась Аляксандравіч быў чалавекам няўрымслівым, не мог доўга сядзець на адным месцы. Яго пастаянна цягнула вандраваць, адкрываць, спазнаваць новае... Ён пакідае сачыць за раскопкамі Людмілу Уладзіміраўну, а сам, як гаворыцца, лахі пад пахі і бывай сабе, пакінуўшы толькі бохан хлеба і бляшанку кансерваў.
Праз колькі дзён ён вяртаецца назад. Раскопкі прадаўжаюцца... Заглядвае ў пакойчык, дзе тулілася Людміла Уладзіміраўна, і бачыць паўбляшанкі рыбных кансерваў і кавалак хлеба.
«Люда, як ты жывеш, што ясі?» - пытаецца Міхась Ткачоў. I ў адказ чуе: «Міхась Аляксандравіч, не рабіце з ежы культу...»
За шэсць гадоў да гэтага быў яе першы выезд у поле. Лукамль, 1970 год. Георгій Васільевіч Штыхаў вітаў прыезд на раскопкі Людмілы Уладзіміраўны словамі: «Ну вось, цяпер будзе каму мыць шкарпэткі...» На шчасце, да гэтага не дайшло. Аказваецца, Георгій Васільевіч жартаваў...
Затым было Тайманава - чысцілішча для ўсіх пачынаючых археолагаў, дзе мне тады пашчасціла працаваць з ёю. I той, хто вытрымліваў выпрабаванне - настойлівую прапанову Леаніда Давыдавіча Побаля, кіраўніка раскопак: «Кушайте, кушайте сало!», - той станавіўся археолагам. Затым былі раскопкі ў складзе археалагічных груп Я. Г. Звяругі, М.А. Ткачова і пасля 1976 года ўжо самастойныя даследаванні.
Людміла Уладзіміраўна - наватар спецыфічных метадаў палявых даследаванняў. Яна, як славуты Жак Іў Кусто, апантана падводнай археалогіяй.
Яна звяртаецца да мінскіх аквалангістаў і пры іх дапамозе даследуе «шэльф» Маскавіцкага гарадзішча на Браслаўшчыне. Праўда, знойдуцца і тыя, хто ўбачыць у гэтым толькі марную трату часу. На жаль, знайшліся і такія сярод калег археолага. Быў скепсіс і адносна выяўленых ёю рун і малюнкаў, зробленых скандынаўскім насельніцтвам Маскавічаў на костках жывёл. Але праўда ўсплыве на паверхню, а выказаны кімсьці недавер, як тая каламута, асядзе на дно.
Людміла Дучыц, як той славуты Кроўфард - родапачынальнік паветранай археалогіі, захопіцца аэраархеалогіяй. Будзе зварот да спецыялістаў у Інстытут археалогіі АН СССР, затым доўгае хаджэнне па кабінетах, каб атрымаць дазвол на вывучэнне аэрафотаздымкаў з выявамі археалагічных помнікаў...
I вось вынік: з вышыні палёту птушкі бачна гарадзішча Маскавічы, а на ім абрысы жытлаў, схаваных у нетрах культурнага пласта. Усё гэта потым знойдзе адлюстраванне ў яе манаграфіі «Браслаўскае Паазер’е ў IX-XIV стст. Гісторыка-археалагічны нарыс».
Не забывае яна і свае карані па матчынай лініі - Капыльшчыну. Таму і прысвячае некалькі артыкулаў гісторыі гэтага краю. I, як высветлілася, яна была сваячніцаю беларускага археолага, даследчыка сельскіх паселішчаў Панямоння XIV-XVIII стст. Валерыя Шаблюка, радавод якога мае свае вытокі з Пясочнага. А беларускі паэт Анатоль Астрэйка - яе стрыечны дзядзька.
Людміла Уладзіміраўна з тых навукоўцаў, якім цікава ўсё... I гэта пры тым, што яна ніколі пра гэта не заяўляе ў поўны голас. Яна паціху, скрупулёзна, з душою робіць карысную справу - прапагандуе археалогію, гісторыю і этнаграфію Беларусі, працягвае пісаць артыкулы, рыхтуе манаграфію.
Яна, як тое жалеза, - схаваны ў прыродзе метал. Але якую якасць набывае гэтая сыравіна, калі стараннямі майстроў-металургаў, а затым і кавалёў ператвараецца ў гатовыя вырабы! Так і яе праца, матэрыялізаваная ў навуковыя і навукова-папулярныя публікацыі, якіх на сёння ўжо больш за паўтысячу, яшчэ доўга будуць служыць навукоўцам, краязнаўцам, усім, хто цікавіцца мінуўшчынаю сваёй Бацькаўшчыны.
3 юбілеем Вас, Людміла Уладзіміраўна. Поспехаў Вам на гістарычнай ніве нашай Айчыны.
Лявон Калядзінскі,
аднакурснік па БДУ у 1969-1971 гг. і калега па сумеснай працы ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі ў 1974-2003 гг.
На здымку: Л. У. Дучыц на раскопках у Маскавічах. 1980 г.