[caption id="attachment_37402" align="aligncenter" width="580"]

А. А. Жылка[/caption]
Адна з крыніц даходу ў ААТ “Старыца-Агра” — вырошчванне садавіны. Малады сад тут быў закладзены ў 2007-м, і апошнія два-тры гады ён ужо дае ўраджай.
Cлова кіраўніку
У. А. Рудакоўскі, дырэктар ААТ “Старыца-Агра”:
— Сёлета ў нас вырас багаты ўраджай духмяных сакавітых яблык. Гэта і радуе, бо бачыш рэзультат сваёй працы, і крыху засмучае. Вельмі хвалюе праблема збыту атрыманай прадукцыі. Сітуацыю ўскладняе і тое, што яблыкі розных гатункаў паспелі амаль адначасова. А гэта прымушае максімальна актывізаваць работы па зборы ўраджаю. Згодна з задачай, пастаўленай прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Міхаілам Мясніковічам, да 20 кастрычніка ўсе ўборачныя работы ў краіне павінны быць завершаны. Думаю, мы з гэтым справімся.
Надзея на прыбытак
У ААТ “Старыца-Агра” да вырошчвання садавіны, прынамсі, як і да ўсяго, чым там займаюцца, падышлі з поўнай адказнасцю і старыцкім размахам. Пасадзілі на плошчы 41 га саджанцы, пераважную большасць з якіх набылі, астатнія — вырасцілі ва ўласным гадавальніку. Гэтай вельмі цікавай і няпростай справай даручылі займацца кваліфікаванаму аграному і надзвычай вопытнаму спецыялісту і арганізатару Анатолю Жылку. Пабудавалі два сховішчы для садавіны з мікракліматам, што дазволіла падтрымліваць у памяшканні неабходную для яблык вільготнасць паветра (каля 90%) і тэмпературу 2-3 градусы. Паводле слоў Уладзіміра Рудакоўскага, будаўніцтва абышлося ў 700 млн рублёў. Набылі неабходнае абсталяванне, прыстасаванае да працы ў садах. “У вырошчванне садавіны мы ўкладваем значныя сродкі, — адзначыў Уладзімір Анатольевіч, — а таму хацелася б, каб яны хутчэй акупіліся”.
Яблычны водар
Разам з аграномам-садаводам Анатолем Жылкам мы накіраваліся ў сад, дзе поўным ходам ішла работа па зборы багатага ўраджаю. Невялічкія яблынькі, здавалася, хутка распластаюцца пад цяжарам буйных, сакавітых пладоў. На пытанне, чаму дрэўцы такія невысокія, Анатоль Аляксандравіч растлумачыў: “Яны прышчэплены на паўкарлікавыя падвоі. Дрэўца не павінна вырастаць больш за тры метры. Гэта робіцца для таго, каб была магчымасць здымаць з іх ураджай”.
І сапраўды, жанчыны, якія завіхаліся вакол дрэў, усыпаных пладамі, без асаблівых намаганняў зрывалі яблыкі і клалі іх у вёдры. Затым з напоўненымі пасудзінамі ў руках накіроўваліся да трактара і асцярожна высыпалі духмяныя плады ў спецыяльныя кантэйнеры, якія стаялі на прычэпах. Анатоль Аляксандравіч расказаў, што сёлета ў гаспадарцы з’явіліся дзве спецыяльныя нізенькія цялежкі, якія дадалі зручнасці ў рабоце.
“Мы вырошчваем яблыні розных гатункаў, — тлумачыць садавод. — Усе яны познія, але адрозніваюцца тэрмінамі захоўвання і адценнямі смаку. Напрыклад, назва “Беларускае салодкае” гаворыць сама за сябе — гэта вельмі салодкі яблык, які можа ляжаць да лютага. Дарунак мае кіславата-салодкі смак, і яго пладамі можна ласавацца аж да сакавіка. Яшчэ больш значныя па працягласці тэрміны спажывання ў яблык гатунку Імант. Гэтыя яблыкі не губляюць сваёй прывабнасці і смаку аж да чэрвеня. Акрамя названых мы вырошчваем сарты Заслаўскае, Памяць Каваленкі. На плошчы ў 1 га пасадзілі грушы — Беларускую познюю, Духмяную, Мармуровую. Ёсць і 2 га парэчак”.
Вядома, што кожная культура любіць догляд. Таму было вельмі цікава даведацца, хто ж займаецца ўсімі работамі ў садзе. Аказалася, што для гэтага ў гаспадарцы створана спецыяльная брыгада (як заўважыў Анатоль Жылка — з шасці пенсіянераў). Пад кіраўніцтвам вопытнага садавода яны праводзяць абрэзкі дрэў — рабіць гэта даводзіцца і ўвосень, і зімой, і ранняй вясной, пакуль не пачаўся рух соку (плошча саду вялікая і догляд за ёй патрабуе шмат часу). Ёсць і вартаўнікі, і спецыяльна выдзелены транспарт, на якім праводзяцца апрацоўкі супраць шкоднікаў, паршы, іншых захворванняў, падкормкі дрэў. “За сезон мы арганізоўваем 5-6 апрацовак, — адзначае аграном. — Гэта нямнога. У той жа Польшчы праводзяць не менш за 12. Мы ж — самыя асноўныя, столькі, наколькі хапае грошай”.
У сховішчы
[caption id="attachment_37347" align="aligncenter" width="570"]

Сакавітыя старыцкія яблыкі[/caption]
Здарылася так, што сваё інтэрв’ю Анатоль Жылка даваў, так бы мовіць, без адрыву ад вытворчасці: падчас наведвання гаспадаркі нас суправаджаў аўтамабіль з мінскімі нумарамі, у якім знаходзіліся патэнцыяльныя пакупнікі яблык. А таму з’явілася добрая нагода разам з імі наведацца і ў сховішча. Тут ужо штабялямі стаялі кантэйнеры з падрыхтаванымі да рэалізацыі пладамі. Даведаўшыся пра смакавыя якасці і ўмовы ажыццяўлення здзелкі, пакупнікі дамовіліся, што праз два дні прыбудзе фура па духмяны тавар. Анатоль Аляксандравіч у сваю чаргу паабяцаў своечасова падрыхтаваць неабходную колькасць яблык.
У гаспадарцы рады кожнай магчымасці рэалізаваць вырашчаную прадукцыю. Як паведаміў напачатку сустрэчы дырэктар гаспадаркі Уладзімір Рудакоўскі, яблыкі прадаюць і ў Расію, і гандлёвым арганізацыям Мінска. Забіраюць іх на перапрацоўку ў Пухавічы і Гарадзею. Ёсць добрая практыка прапаноўваць сакавітыя плады на восеньскіх сельскагаспадарчых кірмашах, прадаваць іх ва ўласным магазіне “Крынічка”. Частка яблык (не менш за 250-300 тон) будзе пакладзена на доўгатэрміновае захоўванне, каб прадаваць іх зімой. Пастаўляецца садавіна ў Капыльскую ЦРБ, ва ўстановы адукацыі раёна.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара