Нарада з удзелам старшыні Капыльскага райвыканкама Анатоля Жданені, на якую былі запрошаны кіраўнікі і галоўныя зоаветспецыялісты сельгаспрадпрыемстваў, прайшла на базе ААТ “Суворава-Агра”. Такія сустрэчы плануецца праводзіць кожны тыдзень, а ў якасці прымаючага боку будзе выступаць гаспадарка, якая дапусціла найбольшае зніжэнне прадукцыйнасці ў вытворчасці малака. Для параўнання быў наведаны і філіял “Лакнея”.Падчас аб’езду жывёлагадоўчых аб’ектаў ААТ “Суворава-Агра” галоўныя заатэхнікі і галоўныя ветурачы на чале з першым намеснікам начальніка райсельгасхарчу Віталем Ракевічам асноўную ўвагу звярталі на навядзенне парадку на прыфермскіх тэрыторыях, гатоўнасць памяшканняў да зімова-стойлавага ўтрымання жывёлы.
[caption id="attachment_37531" align="aligncenter" width="580"]

Каркасна-тэнтавае збудаванне для ўтрымання маладняку БРЖ у філіяле “Лакнея”[/caption]
Кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў у гэты час наведаліся ў суседнюю гаспадарку — філіял “Лакнея”, у прыватнасці, на МТФ “Сунаі” і “Камсамольскае”. Алег Шахновіч, які ўзначальвае філіял, расказаў, як арганізавана будаўніцтва сянажна-сіласных траншэй, абустройства выгульных двароў. Асабліва вялікую цікаваць прысутных выклікала ферма на цэнтральнай сядзібе гаспадаркі. Тут хутка будуць уведзены ў дзеянне два сучасныя жывёлагалоўчыя памяшканні — каркасна-тэнтавыя збудаванні, у якіх (у залежнасці ад узросту) можна ўтрымліваць ад 150 да 200 цялят. Поўны кошт аб’екта — 2 млн рублёў, і гэта ў два разы танней, чым клюшачнікі, пабудаваныя з жалезабетонных канструкцый. Як паведаміў Алег Іванавіч, у тэнтавым збудаванні прадугледжаны святловентыляцыйны вільчак (“конек” па-руску. —
Аўт.), бульдозернае гноевыдаленне, устаноўлены паілкі. Кармленне жывёлы будзе ажыццяўляцца на свежым паветры, дзе для яе абсталёўваюцца кармавыя сталы — таксама пад арачным тэнтавым навесам. Завязалася ажыўленая дыскусія, падчас якой кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў адзначалі перавагі такіх канструкцый і выказвалі праблемы, з якімі, на іх погляд, можна сутыкнуцца пры эксплуатацыі памяшканняў.
Падчас пленарнай нарады, якая адбылася ў Каменскім СК, галоўным пытаннем стала вытворчасць малака. На жаль, на Капыльшчыне, у параўнанні з бліжэйшымі раёнамі, па выніках работы за 9 месяцаў бягучага года рэзультаты вельмі сціплыя. Але адкуль ім брацца, калі ёсць гаспадаркі, якія не здольны атрымаць ад адной каровы і 10 кілаграмаў малака? Па словах Віталя Ракевіча — гэта ААТ “Суворава-Агра”, “Праснакі”, СГФ “Руднае”, КСУП “С “Лясное”, ф-л “В. Раёўка”. Аднак ёсць і іншыя гаспадаркі, якія не ў поўнай сіле выкарыстоўваюць свой патэнцыял.
Асобна можна адзначыць сітуацыю з новымі даільнымі заламі. Літаральна 2-3 гаспадаркі маюць там сапраўды высокія надоі, чаго не скажаш пра пераважную большасць астатніх. А на фермах з новымі даільна-малочнымі блокамі знаходзяцца самыя маладыя каровы, ад якіх павінны атрымліваць высокія надоі. Адну з прычын такой сітуацыі Анатоль Ладыга бачыць у тым, што гаспадаркі адмаўляюцца ад паслуг спецыялістаў для правядзення тэхнічнага абслугоўвання ўстановак, а імкнуцца нешта зрабіць уласнымі сіламі.
Аднак гэта прычына з ліку выніковых, галоўным, па меркаванні начальніка ўпраўлення, з’яўляецца тое, што менавіта кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў не жадаюць (ці не ўмеюць!) арганізаваць работу сваіх падначаленых, не праяўляюць непасрэдную зацікаўленасць у выніках дзейнасці сельгаспрадпрыемства. А зараз яна непасрэдна залежыць ад работы жывёлагадоўчай галіны. Былі прыведзены лічбы, якія як нельга лепш характарызуюць работу гаспадарак. Калі, напрыклад, у ААТ “Піянер-Агра” сярэдняя цана рэалізацыі малака на масласырзавод складае 5252 рублі, то ў КСУП “Грозава-агра” — толькі 3734 рублі. Каментарыі, як кажуць, лішнія. Адразу відаць, хто і як працуе над якасцю прадукцыі.
Перад кіраўнікамі і спецыялістамі яшчэ раз былі абазначаны асноўныя задачы, якія неабходна выканаць, каб зрушыць сітуцыю ў жывёлагадоўлі з мёртвай кропкі. Неабходна адкрыць траншэі з кукурузным сіласам, каб жывёла атрымлівала больш якасны корм. Усе каровы павінны быць раздзелены па сваім фізіялагічным стане і мець адпаведны рацыён кармлення, канцэнтраты для жывёлы (за выключэннем навацельных кароў) неабходна раздаваць кормараздатчыкам у складзе кормасумясі. Усе гаспадаркі павінны набыць сухія жамерыны на цукрова-рафінадным камбінаце, каб таксама ўводзіць іх у рацыён жывёлы, і мінеральна-вітамінныя дабаўкі, папярэдне зрабіўшы разгорнуты біяхімічны аналіз крыві кароў. Самую пільную ўвагу надаваць аднаўленню статкаў, тым больш, што для многіх гаспадарак гэта праблема нумар адзін. Закупіць на фермы маразільнікі для малодзіва, каб паіць ім нованароджаных цялят у першыя 7 дзён жыцця. Назапашваць патаку і не скідаць з рахунку абязрожванне цялят. Завяршыць работы па падрыхтоўцы памяшканняў да зімова-стойлава ўтрымання жывёлы. “Але самае галоўнае, лічыць Анатоль Ладыга, — неабходна ў корані перагледзець адносіны да вытворчасці малака, займацца самаадукацыяй. Тады будзе рэзультат”.
“Для таго, каб мець малако, — адзначыў старшыня райвыканкама Анатоль Жданеня, падсумоўваючы ўсё вышэй сказанае, — дастаткова выканання чатырох складаемых: карову трэба накарміць, напаіць, падаіць і атрымаць ад яе цяля. І калі хаця б адзін з пунктаў выпадае — выніку не будзе”. Анатоль Іосіфавіч засярдзіў увагу прысутных і на палявых работах. Кукурузу на зерне неабходна ўбраць на працягу бліжэйшага тыдня, а вось на вядзенне ворыва накіраваць усе сілы і магчымую тэхніку.
Маргарыта САКОВІЧ
Фота аўтара