в. Навасёлкі
27 верасня адбылося свята вёскі. Задзейнічаны ў ім былі навучэнцы і настаўнікі мясцовай школы, прадстаўнікі ўстаноў і арганізацый сацыяльнай сферы, сельгаспрадпрыемства. Жыхары і госці населенага пункта змаглі не толькі паглядзець цудоўную канцэртную праграму, але і стаць наведвальнікамі выставы народных умельцаў, набыць неабходныя лекі падчас работы выязной аптэкі. Для дзяцей былі прывезены шматлікія атракцыёны, жадаючыя маглі праехаць на прыгожай брычцы. Дарэчы, свята праводзілася ў рамках семінара клубных работнікаў раёна.
аг. Цімкавічы
На гэтым тыдні ўшанаваны пажылыя людзі, што пражываюць на тэрыторыі сельсавета. Больш за ўсё іх у аграгарадку Цімкавічы. Для тых, каму споўнілася 80 і больш гадоў, ад ААТ “Капыльскае” ўручаны харчовыя наборы, ад сельгасфіліялаў “Руднае” і “Вялікая Раёўка” — грашовыя выплаты.
в. Комсічы
Пры актыўным удзеле жыхароў вёскі і дзякуючы сабраным імі сродкам устаноўлена 310 метраў жалезабетоннай агароджы на мясцовых могілках. Дапамогу ў ачыстцы ад непатрэбных зараснікаў аказаў аўтапарк №21 (у адпаведнасці з рашэннем сельвыканкама прадпрыемствы, размешчаныя на тэрыторыі сельсавета, замацаваны за населенымі пунктамі). Супрацоўнікі сацыяльнай сферы і сельгаспрадпрыемства падчас суботнікаў правялі пафарбоўку агароджы. Шмат работ па добраўпарадкаванні могілак таксама выканана ў Заракаўцах, Дзягцяных, Калодзезным і іншых вёсках.
в. Дзягцяныя
Згодна з планам на працягу верасня ў гэтым населеным пункце праведзены шэраг работ па добраўпарадкаванні, асабліва па захаванні пустуючых пабудоў. Так, адзін стары дом разабраны нашчадкамі, другі — аўтапаркам №21, фундамент на пустуючай сядзібе знесены тэхнікай СГФ “Руднае”.
в. Чарнагубава
Да новага 2015 года жыхары населенага пункта павінны быць з газам. Ужо пастаўлены размеркавальны пункт, падведзены адгалінаванні па ўласных дамах насельніцтва. На наступны год блакітнае паліва павінна прыйсці і ў Агароднікі, дзе ўжо зарэгістраваны кааператыў і рыхтуецца неабходная дакументацыя.
Падрыхтаваў Сяргей КОЗЕЛ
Комментарии