Восень жыцця вёскі Заняведамка. Даўно хацелася пабываць у вёсцы з такой назвай, якая, напэўна, гаворыць сама за сябе. Як сцвярджаюць нешматлікія старажылы, называцца так іх населены пункт, мабыць, пачаў з-за таго, што ён знаходзіцца невядома дзе.
І ў гэтым мы пераканаліся, пакуль са старшынёй Блеўчыцкага сельвыканкама
Дзмітрыем Дарафеем, з’ехаўшы з шашы Узда-Капыль-Цімкавічы-Дзярэчына, дабіраліся да Заняведамкі. Час неяк здоўжыўся. Па іншых меркаваннях, такую назву яна атрымала таму, што была «нявідзімая», бо знаходзіцца сярод лясоў і палёў, на самай мяжы са Слуцкім раёнам.
Першае ўражанне: звычайная вёсачка, дзе ёсць дагледжаныя дамы побач з тымі, што пакінулі нашчадкі. Як звычайна ўвосень агародчыкі патанаюць у кветках бабінага лета і рознакаляровых вяргінь, што сведчыць пра набліжэнне восені.
Крыху з гісторыі
Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе вёска знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, у Слуцкім павеце Мінскай губерніі. У 1795 годзе вядома як вёска Заняведаміха, была ва ўласнасці
М. Вайніловіча, тут мелася карчма. У сярэдзіне ХІХ ст. — у складзе маёнтка Сухоўчыцы князя Вітгенштэйна. У 1917 годзе налічвалася 80 двароў, 524 жыхары, працавала земскае народнае вучылішча, у 1921 годзе адкрыта школа першай ступені, былі кузня і ветраны млын. Падчас Вялікай Айчыннай вайны акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі, на фронце загінулі 30 жыхароў. Зараз жа ў Заняведамцы пражываюць каля 10 вяскоўцаў.
Жыхары тутэйшыя…
— Некалі вёска вялікая была, моладзі, дзяцей у кожнай хаце па трое – пяцёра чалавек. А цяпер усё менш нас становіцца, — расказаў пры сустрэчы
Аляксандр Сукала. — І гэта зразумела, бо маладыя шукаюць лепшай долі, а каб у вёсцы жыць, трэба цяжка працаваць. А некалі ў нас з кожнай хаты па двое чалавек у калгасе працавалі. Нас было пяцёра ў сям’і. Да арміі быў трактарыстам. Гаравалі, адным словам, часам недаядалі, па-рознаму бывала. Потым працаваў у сельгасхіміі ў Чыжэвічах, зімой чысціў дарогі ад снегу. А вясной і летам, быццам кулік, шчыраваў на балотах...
[caption id="attachment_141048" align="alignnone" width="840"]
Аляксандр Сукала[/caption]
— З жонкай, якой нядаўна не стала, пражылі 58 гадоў, — са слязьмі на вачах адзначыў Аляксандр Віктаравіч.
Цікавай аказалася і сустрэча з
Надзеяй Сцяпанаўнай Паляшчук.
— Нарадзілася я ў Сухоўчычах, — менавіта так назву суседняй вёскі вымавіла бабуля. — Выйшла замуж за
Івана з Заняведамкі, вось так тут і аказаласа, — сваім аканнем прыцягнула ўвагу суразмоўца. — Памяць ужо зусім не такая, многае забылася. Памятаю, што працавалі многа, не цураліся ніякага занятку. І вось дажываю свой век, ужо больш за 80 гадоў маю.
[caption id="attachment_141051" align="alignnone" width="840"]
Надзея Паляшчук[/caption]
З пятнаццаці гадоў пайшла працаваць на ферму яшчэ адна мясцовая жыхарка —
Ніна Макараўна Сукала.
— Пакрыху пусцее наша вёска, — расказвае Ніна Макараўна. — Калісьці і людзей было, і было дзе працаваць. З мужам выгадавалі траіх дзяцей, але ж усе разляцеліся з нашага гняздзечка. Праўда, ёсць надзея, што вёсачка не загіне, бо некаторыя дамы купляюць дачнікі.
… і прыезджыя
Каля дзесяці гадоў таму аблюбавала Заняведамку мінчанка
Святлана Жыгалка са сваёй сям’ёй.
[caption id="attachment_141050" align="alignnone" width="840"]
Дачніца Святлана Жыгалка[/caption]
— Мы разглядалі некалькі варыянтаў наконт пакупкі дома ў вёсцы, — падзялілася Святлана Аляксееўна. — Але вось гэты прыглянуўся найбольш. Поўная цішыня, чыстае паветра, вялікі ўчастак зямлі, добрыя людзі побач — якраз тое, што трэба. Пасля выхаду на пенсію, ствараю прыгажосць тут. Вельмі люблю кветкі, таму займаюся іх вырошчваннем, даглядаем і за агародам. Гэты куток стаў любімым і для нашых дзяцей і ўнукаў. Купляюць тут дамы і іншыя дачнікі, так што Заняведамка не згіне!
Сяргей КОЗЕЛ. Фота аўтара