У добраўпарадкаванні Капыля прымала ўдзел ураджэнка нашага гарадка дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Ніжэвіч. Разам са старшынёй райвыканкама Анатолем Ліневічам яны саджалі маладзенькія дубкі каля крынічкі ў Капылі.
— Чаму менавіта дубы? — звяртаюся з пытаннем.
— Дуб — дрэва, якое сімвалізуе сілу і моц, — адказвае Анатоль Канстанцінавіч.
— Гэта — чырвоныя дубы. Таму тут, на фоне зеляніны і Замкавай гары, атрымаецца вельмі прыгожы яркі акцэнт, — удакладняе Людміла Іванаўна.
[caption id="attachment_66068" align="aligncenter" width="560"]

Анатоль Ліневіч і Людміла Ніжэвіч саджаюць маладыя дубкі[/caption]
Па папярэдніх даных, удзел у суботніку прынялі звыш 9 тысяч нашых землякоў, зароблена больш чым 12 тысяч рублёў. Грашовыя сродкі будуць падзелены на дзве часткі. Першую накіруюць на аснашчэнне Мінскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі напярэдадні ІІ Еўрапейскіх гульняў-2019. Другая частка пойдзе на патрэбы рэгіёнаў.
Сквер па вуліцы Цімкавіцкай яшчэ толькі набывае сваё аблічча. І дапамагаюць яму супрацоўнікі Капыльскага раёна газазабеспячэння філіяла «Салігорскгаз» РУП «Мінскаблгаз». Вось «газавікі» акуратна і беражліва высаджваюць яшчэ такія далікатныя дрэўцы і кустарнікі.

Не засталося ўбаку ад добраўпарадкавання і КУП «Мінскаблдарбуд» - «ДРБУ № 124».

Гэтым днём «дарожнікі» старанна наносілі разметку на асфальтавае палатно, прыбіралі тэрыторыю, праводзілі рамонтныя работы па вуліцы Цімкавіцкай у бок аўтамабільнай дарогі Капыль-Леніна-Селішча.

У цэнтры горада, на замацаванай тэрыторыі Алеі Герояў, шчыравалі супрацоўнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Як падкрэсліў яго начальнік Іван Бабко, калектыў дружна выйшаў на суботнік, некаторыя нават з дзецьмі. Яны зграбалі сухое лісце, траву, праполвалі кветкі.

Работнікі ПМК-11 наводзілі парадак на канале па вуліцы Пралетарскай. Яны высякалі аварыйныя дрэвы, кустоўе, спальвалі іх. Разам з тым прыбіралася смецце.

Вельмі ажыўлена было і ў гарадской зоне адпачынку. Тут актыўна наводзілі парадак прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Больш чым 40 чалавек зграбалі мінулагодняе лісце, зносілі яго, вымяталі дарожкі.

Супрацоўнікі ўпраўлення па рабоце з падаткаплацельшчыкамі па Капыльскім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Слуцкім раёне вымяталі і выграбалі маладзёжную пляцоўку для заняткаў варкаўтам, што размясцілася па вуліцы Максіма Горкага.

Прыгожыя хваёвыя дрэўцы падарыў жыхар вёскі Бабоўня Аляксандр Несцеравіч Пашкевіч. А набыць ім сваё месца ў невялікім скверыку насупраць магазіна «Ласточка» дапамаглі супрацоўнікі аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама і Капыльскай ЖКГ. Плануецца, што даглядаць маладыя туі будуць індывідуальныя прадпрымальнікі, чые гандлёвыя кропкі знаходзяцца побач.

Наводзіўся парадак і каля ўсіх гандлёвых аб’ектаў раёна. Напрыклад, супрацоўнікі адміністрацыі райспажыўтаварыства працавалі каля міні-магазіна «Заазёрны». Нехта вычышчаў і фарбаваў агароджу, нехта выграбаў сухое лісце.

Супрацоўнікі аўтапарка № 21 добраўпарадкоўвалі тэрыторыю поймы ракі Каменкі па вуліцы Дзяржынскага. Яны прыбіралі там смецце, высякалі і спальвалі кустоўе.

Супрацоўнікі бухгалтэрыі ААТ «Піянер-Агра» прыводзілі ў парадак Парк моладзі ў аграгарадку Ванелевічы. В.а. дырэктара гэтага сельгаспрадпрыемства Валерый Казлоўскі адзначыў: усе працуюць старанна і добрасумленна яшчэ і таму, што рыхтуюцца да Дня вёскі, які адзначаць 9 мая.

Тут жа шчыравалі і работнікі Капыльскага ТЦСАН. Дзякуючы ўдзельнікам суботніка, парк набыў яркія фарбы, стаў яшчэ прыгажэйшым, і тут можна з задавальненнем адпачыць у вольны час.

Ні многа ні мала — роўна 400 маладых бярозак высадзілі ў Цімкавічах супрацоўнікі ўсіх устаноў і прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Цімкавіцкага сельсавета. Старшыня сельвыканкама Алена Острыкава адзначыла, што саджанцы набывалі самі, а дзякуючы стараннай працы ўсіх неабыякавых жыхароў, хутка тут, каля дарогі, зазелянее бярозавы гай.
Фотарэпартаж Дзіяны ТКАЧЭНКІ, Сяргея КОЗЕЛА