Ад патэфонаў да музычнага цэнтра, ад самавара да электрычнага чайніка, ад драўлянай да трохколавай калыскі, ад кашулi, адзення рэтра да сучаснага стылю...
Убачыць усю гiсторыю вёскi Слабада-Кучынка ад мiнулага да сучаснага можна ў Слабада-Кучынскай бiблiятэцы-клубе, якую ўзначальвае Валянціна Барташэвіч.
— Па сутнасці, у Год малой радзімы было вырашана сабраць старадаўнія рэчы, каб паказаць, як развіваліся быт i культура ў нашай вёсцы, — запэўнівае загадчыца бiблiятэкi-клуба Валянцiна Барташэвiч. — Тут больш за тысячу экспанатаў, датаваных канцом XIX – пачаткам XXI cтагоддзяў.
[caption id="attachment_70699" align="aligncenter" width="560"]

■ Вялікую дапамогу ў арганізацыі выставы Валянціне Барташэвіч аказаў Барыс Дзенісюк[/caption]
Дарэчы, сама работнiк культуры на выставе прадставiла многiя рэчы: сямейная швейная машынка (1959 г.), баян (1969 г.), сучасная электраплітка фірмы «Цэптэр», дзіцячы ложак, мясарубка i цынкавыя ночвы з пральнай дошкай.
Актыўна ўдзельнічаў у стварэнні выставы i намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце ДУА «Слабадакучынская СШ» Барыс Дзенісюк. Настаўнiк шмат гадоў займаецца даследаваннем гiсторыi сваёй малой радзiмы, таму менавiта са школьнага музея на выставу патрапiлi лапці, шнуроўкі (святочны абутак), драўляныя начоўкі i піянерскі барабан.
— Гэтая выстава цікавая не толькі дзецям, але і дарослым, бо многае змянілася з тых савецкіх гадоў, многае сышло ў мінулае, — дзелiцца Барыс Мiкалаевiч. — Памятаю, што ў 70-х гадах, калі сюды прыехала наша сям’я, тэлевізараў у вёсцы было не больш за тры, а халадзільнікаў — толькі пяць. У былыя часы тут былі цесляры па прoзвiшчы Астрэйкі, бандары Рымашэўскія, самабытныя майстры па вырабе конскай вупражы. Дарэчы, Ніна Пратасевіч з сынамі прадставіла не толькі бандарныя вырабы (выдзеўбаны посуд), але і стругальныя інструменты: гэблік, калёўка, баран. Людзі займаліся сельскагаспадарчай працай, выраблялі скуры i шылі адзенне. У вёскi ёсць свая гісторыка-культурная спадчына і пэўныя дасягненні ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Доказ таму — розныя ўзнагароды за працу, у тым лiку медаль ВДНГ СССР былога сакратара партыйнай арганізацыі саўгаса «Крыніца» Зоi Салановiч.
Прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, партыйны (1963 г.) і камсамольскі (1955 г.) білеты, сталовыя прыборы i посуд, швейная i пральныя машыны, калекцыі гадзiннiкаў, значкоў, манет і грошай, дарожных чамаданаў, тэрмасаў, сіфонаў і іншыя рэчы на выставе атрымалі другое жыццё. У выніку ў экспазіцыю патрапілі прадметы з 55 сялянскiх сем’яў, у тым лiку i дачнiкаў. Геаграфiя ўдзельнікаў шырокая: Вiцебск, Мiнск, Бабруйск, гарадскi пасёлак Рось Гродзенскай вобласцi i iнш. I ўсе вырабы — іх сямейныя рэліквіі, беражліва захоўваемыя многія дзесяцігоддзі.
Сярод старэйшых экспанатаў — самавар, датаваны 1872 годам, прадстаўлены Таццянай Руднік з Бабруйска, а сярод сучасных — мультыварка ад Аляксандра Хілько. Цікава зірнуць на старадаўнюю аўдыя-, вiдэа-, радыё-, тэле- i камп’ютарную тэхніку. На выставе прадстаўлены i патэфон з пласцінкамі, тэлевізар «Рэкорд-6» ад мiнчанкi Алены Зялкоўскай, узоры першага манітора для камп’ютара ад Валянціны Мянзелен, радыёпрыёмніка ад Таццяны Руднiк з Бабруйска i фотаапарата ад Людмілы Рымашэўскай з Мiнска. Ёсць тут і DVD-прайгравальнік ад паштальёнкi Ганны Трыгубовiч.
У кутку залы — вышытыя гладдзю i крыжыкам карцiны, iконы, сама-тканыя посцiлкi, ручнiкi i коўдры, сурвэткi, фiранкi, падушкi, абрусы. Iх для экспазiцыi далi праграмiст Вольга Барташэвiч i Людмiла Кандыбовiч з Мiнска, Нiнa Змачынская з в. Астрэйкi, дырэктар школы Валянцiна Кандыбовiч, а таксама Нiна Кандыбовiч, Алена Калпак, Таццяна Рыбак, Нiна Краўчанка i Раiса Ясючэня. Па суседстве — сямейная скарбонка саматканых пакрывал, набiўных карцiн, вышытых гладдзю дываноў i ручнiкоў Людмiлы i Мiхаiла Давыдоўскiх, экспанаты з асабiстага музея (усяго 23) сям’i Дашкевiчаў: ваенны кiцель (1977 г.), разак для торфу, прэс для адцiскання сыру, драўляныя вёдры, нажнiцы для стрыжкi авечак, маслабойка i iнш., а таксама ўнікальныя калекцыi кедаў і шклянак Мікалая Курловіча i дэкаратыўных бутэлек ад старшынi Слабада-Кучынскага сельскага Савета Нэлі Гусевай.
Асаблівасцю выставы стала i тое, што некаторыя прадметы жаночага гардэроба і ўзоры нацыянальных беларускіх касцюмаў можна не толькі разглядзець, патрымаць у руках, але і прымераць, тым самым пагрузіцца ў атмасферу мінулых стагоддзяў. Дарэчы, асаблiвую цiкавасць выклiкаюць рэчы Iрыны Кукраш, якая прадставiла батыставую начную кашулю (1902 г.) i навалачку з гербам роду маскоўскiх дваран Успенскiх, а таксама шаль i скураную жаночую сумачку.
Арганiзатары выставы дзякуюць тым (прозвішчы ўсіх і не пералічыць), хто прымаў удзел і дапамагаў у папулярызацыi сваіх нацыянальных традыцый. Выстава «Ад мiнулага да сучаснага» прадаўжаецца да Новага года i запрашае ў свет рэчаў, якія адлюстроўваюць гісторыю i дух часу, усiх жадаючых.
Таццяна БОХАН