Калі б у 30-х гадах ХХ стагоддзя складалі хіт-парады, то песня «Бывайце здаровы, жывіце багата» на словы нашага знакамітага земляка Адама Русака утрымлівала б першыя пазіцыі вельмі доўгі час.
[caption id="attachment_76926" align="aligncenter" width="580"]

■ Адам Русак. Пачатак ХХ ст.[/caption]
«Бывайце здаровы»
Што датычыцца менавіта гэтай песні, то яна адразу ж стала народнай. Музыку да яе напісаў Ісаак Любан. Да пачатку вайны яна неаднаразова гучала ў самых розных выкананнях. «Бывайце здаровы» спявалі хор Пятніцкага, Леанід Уцёсаў з дачкой і сваім джаз-аркестрам, нават французская шансанетка Сара Гарбі. Пазней Людміла Русак, дачка паэта-песенніка, успамінала: «Тата атрымаў ад Леаніда Уцёсава ліст, у якім спявак пісаў: «Паважаны Адам Герасімавіч! Вашу цудоўную песню «Бывайце здаровы» я пачаў спяваць у 1938 годзе. Поспех быў велізарны. Як ні дзіўна, яна гучала не толькі ў мірныя гады, але і на фронце, дзе мы яе спявалі, выклікаючы ў байцоў радасную ўсмешку і ўдзячнасць за нястрымны аптымізм гэтай песні».
Звыш двухсот вершаў Адама Русака сталі песнямі.
Аднак гэта песня, як кажуць, мела свае прыгоды. З аўтарствам з самага пачатку здарылася блытаніна. Да прыкладу, на пласцінцы ў 1938 го-дзе пазначаны такія даныя: «Будьте здоровы». Застольная песня. Музыка Захарова. Текст записан со слов Адама Русака в колхозе «Красный пахарь». На іншых выданнях «Бывайце здаровы» пазначаецца альбо як проста народная песня (зусім без аўтараў), альбо як народная, запісаная Ісаакам Любанам і аранжыраваная Мікалаем Мінхам. Ёсць нават музычная версія Сяргея Пракоф’ева. Маюцца публікацыі, дзе аўтарам тэксту пазначаецца Міхаіл Ісакоўскі, хаця ён толькі зрабіў пераклад на рускую. Пасля Ісакоўскі прасіў прабачэння ў Русака. Аднак з аўтарствам паспяхова разабраліся.
Родам з дзяцінства
Атрымаць музычную адукацыю, стаць прафесіяналам-скрыпачом Адам Русак марыў з самага дзяцінства. «Чароўны голас скрыпкі з маленства запаў у маю душу, — згадваў А. Русак у сваёй аўтабіяграфіі. — Скрыпка стала маёй марай з малых дзён. Я часта браў бацькаву скрыпку і сам падбіраў полечкі і кадрылю, а потым з бацькам граў вяселлі і вечарынкі». Музыкам стаў і брат Адама Кастусь. Хутка пра сямейнае трыа загаварылі ледзь не на ўсёй Капыльшчыне. Нават прымаўка пайшла «Няма цыганкоў — няма і вяселля». Вельмі таленавітым быў іх тата Герасім Сямёнавіч. Здавалася, немагчыма знайсці музычнага інструмента, якога б не браў ён у рукі!
[caption id="attachment_76927" align="aligncenter" width="580"]

■ Бацькі Герасім Сямёнавіч і Марыля Ігнатаўна. Сярэдзіна ХХ ст.[/caption]
У 1930 г. Адаму Русаку ўсё ж удалося скончыць Мінскі музычны тэхнікум. Адразу ж ён вырашыў прадоўжыць вучобу, каб атрымаць вышэйшую адукацыю, і быў залічаны ў Ленінградскую кансерваторыю. Адначасова стаў салістам сімфанічнага аркестра Малога опернага тэатра. Кожнае лета прыязджаў у родныя мясціны. Сустракаўся з сябрамі ў Пясочным, а потым накіроўваўся ў Малінаўку, дзе бацькі прыдбалі новую хату. У такія хвіліны асабліва радавалася маці паэта Марыля Ігнатаўна. Яна мела цудоўны голас, ведала шмат песень. Часам, седзячы на лаве, яны хораша спявалі са старэйшым сынам. Калі Адам ад’язджаў у Ленінград, Марыля Ігнатаўна нязменна прасіла: «Сыночак, хоць напішы колькі слоў па прыездзе».
Слова пра «Лясную песню»
Яна была напісана на музыку Уладзіміра Алоўнікава. Гэты неафіцыйны партызанскі гімн узнік пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Аднак былыя партызаны сцвярджалі, быццам спявалі яго пасля баёў. Песня настолькі ўвайшла ў наша жыццё, што многія таксама адносяць яе да ліку народных. Дарэчы, бярозы і сосны ў першым радку песні — гэта лес вакол Пясочнага.
[caption id="attachment_76925" align="aligncenter" width="580"]

■ Адам Русак і Ісаак Любан. 30-я гады ХХ ст.[/caption]
На працягу дзесяцігоддзяў песня гучала ў выкананні прафесійных і аматарскіх калектываў, самадзейных спевакоў, якія лічылі яе народнай. Так, вядомы беларускі этнамузыколаг З.Я. Мажэйка ўзгадвала: «Народныя спевакі Тонежа ўпарта вераць, што песня гэтая створана ў гады вайны партызанамі. З фактам, што песню стварыў кампазітар Алоўнікаў ужо ў пасляваенны перыяд, яны не згаджаюцца».
Кампазітар працаваў над песняй каля года, шукаў праніклівую мелодыю, якая загучала б як успаміны былога партызана. З сямі варыянтаў быў выбраны той, які і стаў сімвалам партызанскай Беларусі. Напеў адрозніваецца прастатой, бо, па задуме аўтараў, ён гучыць з вуснаў партызана, які прайшоў суровыя выпрабаванні вайны.
З музыкай праз усё жыццё
У адным з інтэрв’ю дачка Людміла Адамаўна гаварыла, што тата любіў рускія вальсы мінулых стагоддзяў — «Амурскія хвалі», «Бярозка», «На сопках Манчжурыі», полькі. На ўсё жыццё самым яго любімым творам засталася «Капыльская вясельная полька». Дома на скрыпцы ён заўсёды іх іграў, а яны з сястрой акампаніравалі на піяніна. А яшчэ кадрылі, падэспань. І ў сталым узросце, калі тата браў у рукі скрыпку, на вачах яго заўсёды выступалі слёзы. Між іншым любіў ён і грузінскую «Суліко». Русак пачуў яе ў Грузіі, дзе гастраліраваў з Ленінградскім аркестрам. Падчас вайны іх тэатр эвакуіравалі ў Арэнбург, і менавіта тады давялося пабываць у Закаўказзі. Паэт быў чарнявым, і яго там прымалі за свайго: калі пыталіся грузіны, як прозвішча, не раздумваючы адказваў: Русакадзэ. Армянам жа казаў, што Русакян. Ён заўсёды ўмеў жартаваць.
[caption id="attachment_76929" align="aligncenter" width="580"]

■ Духавы аркестр з Пясочнага. Сярэдзіна ХХ ст. Адам Русак — у цэнтры[/caption]
Мясцовы калгас у шасцідзясятыя гады набыў духавыя інструменты для свайго аркестра, і Адам Герасімавіч адразу вызваўся дапамагаць землякам. Калі ўсе трактарысты ды камбайнеры вярталіся з поля, ён іх збіраў і вучыў ігры на інструментах. Майстар-клас працягваўся доўга. Так нарадзіўся Песачанскі духавы аркестр. Часта Адам Русак браў скрыпачку і граў прама на мехдвары, каб падняць дух працаўнікоў. Ён вельмі любіў сваю радзіму і аднавяскоўцаў, так беззапаветна служыў ім. І па сённяшні дзень мясцовыя жыхары з удзячнасцю ўспамінаюць аб гэтым. Малой радзіме прысвечана і шмат цёплых вершаў.
Капыльшчына таксама шануе і памятае пра свайго земляка. Сёння імем Адама Русака названы вуліцы ў аграгарадку Пясочнае і ў Капылі. На будынку Песачанскай школы, дзе вучыўся паэт, на доме ў вёсцы Малінаўка і ў Мінску, дзе ён жыў, усталяваны мемарыяльныя дошкі. У Пясочным працуе музей, прысвечаны знакамітаму земляку. Як яшчэ адна даніна памяці вялікаму творцу Адаму Русаку — аўтобус з фотаздымкам самога паэта-песенніка і словамі са знакамітай песні «Бывайце здаровы!». А з другога боку красуюцца словы з не менш вядомай песні: «Ой, бярозы ды сосны, партызанскія сёстры».
Падрыхтавала Дзіяна ТКАЧЭНКА