8 сакавіка для Ірыны Францаўны Ліпніцкай з в. Думічы не толькі жаночае свята вясны. Перш за ўсё –
гэта дзень яе нараджэння, які па ліку –
ажно дзевяносты.
На вуліцы Сонечнай у вёсцы Думічы стаіць такая ж сонечна-жоўценькая хатка. На падвор’і, як і ў самой хатцы, – адметны парадак.
[caption id="attachment_86618" align="aligncenter" width="840"]
■ Ірына Францаўна Ліпніцкая[/caption]
Гаспадыня гасцінна сустракае ля самай брамкі. І адразу амаль як добрым знаёмым гаворыць:
– Бачыце, як у мяне чысценька? Усю работу сама раблю: і прыбяру, і ежы нагатую, і градкі яшчэ летась сама капала, але не ведаю, як будзе сёлета.
І гэта – нягледзячы на тыя 90 гадоў, якія жанчына адзначыць 8 сакавіка. Ды і наогул, ад Ірыны Францаўны зыходзіць моцная жыццёвая энергетыка. Адчуваеш яе прагу да працы, да ўсяго, што адбываецца навокал. Хоць лёс і наканаваў ёй прайсці шмат выпрабаванняў.
Пачаліся экзамены на трываласць яшчэ ў дзяцінстве. Бацькі не было, маці рана адышла ад работы: жанчына моцна хварэла.
– А есці нам з сястрой хочацца-хочацца, сядзем мы з мамай і плачам-плачам, – і сёння ледзь стрымліваючы слёзы, згадвае Ірына Францаўна. – З горам напалам перажылі войну. І ад немцаў уцякалі, і галадалі – усяго было. А пасля яе – што рабіць? І вось, калі мне споўнілася 15, я пайшла працаваць у саўгас. Спачатку ў паляводчую брыгаду. Да таго часу паспела скончыць 4 класы. А работы я ніколі не баялася.
Не баяўся работы і яе гаспадар, як цёпла называе Ірына Францаўна мужа Ліпніцкага Эдуарда Іосіфавіча.
[caption id="attachment_86616" align="aligncenter" width="840"]
■ Ірына і Эдуард Ліпніцкія. 50-я г. ХХ ст.[/caption]
– Які рукасты быў мой гаспадар! Усё ўмеў рабіць! – усхвалявана гаворыць жанчына. – І гэтую самую хатку мы пабудавалі разам, у 1954 годзе. А пазнаёміліся на вяселлі маёй цёткі. Гэта было недзе на пачатку 50-х гадоў. Мы паехалі ў Калінаўку, што каля Андросаўшчыны. Прыехалі, бачым – стаяць хлопцы. І адзін з іх кажа, паказваючы на мяне: «О гэта будзе маёй жонкай!» Увесь вечар ён не адыходзіў ад мяне! А праз нейкі час мы распісаліся ў сельсавеце. Крыху пажылі, і пайшоў мой Эдзік у армію. А калі вярнуўся, хатку гэту і пабудавалі. Ён у саўгасе пасвіў каровы, а вечарамі рабіў хамуты для коней, бо трэба было ж дзяцей карміць. Іх у нас чацвёра, ды ўсе – сынкі: Іван, Толік, Стась і Вячаслаў.
Хлопцы былі таксама працавітыя, дапамагалі бацькам. Нават на ферму, куды пазней уладкавалася мама, хадзілі даіць кароў.
– А што ж, у мяне спачатку 18 каровак было, гэта калі рукамі даіла. Пазней, як апараты падключылі, жывёлін стала 25, – расказвае жанчына. – Добра, хоць ферма знаходзілася побач, далёка хадзіць не прыходзілася. Але працавала я заўсёды сумленна.
Пра гэта сведчаць тыя высокія ўзнагароды, якія Ірына Францаўна з гонарам дэманструе сёння.
[caption id="attachment_86617" align="aligncenter" width="840"]
■ Узнагароды Ірыны Францаўны Ліпніцкай[/caption]
– Вось гэту паперку (Ганаровую грамату Пераможцы ва Усесаюзным спаборніцтве сярод працаўнікоў галіны ў 1984 годзе –
Рэд.) мне ўручалі ў канторы гаспадаркі ў Лясным. Шмат людзей тады сабралася. Ды і наогул амаль на кожным сходзе мне давалі прэміі, – кажа Ірына Францаўна.
За гэтымі папяровымі кніжачкамі-пасведчаннямі – старанная цяжкая праца. Акрамя ўжо названай Ганаровай граматы, значкі пераможцы ў сацыялістычным спаборніцтве за 1976 і 1979 гады, медаль «Ветэран працы», атрыманы ў 1985 годзе, – усе гэтыя ўзнагароды Ірына Францаўна дэманструе з вялікім гонарам.
Акрамя ўспа-мінаў, звязаных з працай, памяць Ірыны Францаўны захоўвае шмат іншых цікавых момантаў. Напрыклад, як адзначалі Вялікдзень (Веліканас называе свята жанчына па-мясцоваму).
– О, пірагі пяклі і мама, і я. І хрушчыкі я выпякала, – з захапленнем расказвае суразмоўца. – Мы святы «па-польску» адзначаем. Ды нас і хрысцілі ў нясвіжскім касцёле. Іконкі ў мяне, бачыце, каталіцкія вісяць. Зараз да нас прыязджае малады ксёндз, вельмі добры і душэўны чалавек. Але колькі тут нас у Думічах засталося... Зусім ужо мала. Толькі летам больш дачнікі прыязджаюць.
Не лічачы вялікага жыццёвага скарбу памерам у 90 гадоў, галоўным багаццем для Ірыны Францаўны з’яўляюцца сыны, нявесткі, шматлікія ўнукі, праўнукі і нават прапраўнукі. Не забываюць запытацца пра здароўе сваякі і знаёмыя. Калі гаспадыня дома, раз-пораз раздаюцца тэлефонныя званкі: відаць, турбуюцца блізкія людзі. І для кожнага жанчына знаходзіць добрае слоўца, кожнага адорвае прамянямі жыццёвай мудрасці і энергіі.
Дзіяна ТКАЧЭНКА