69
карнелюк
06.03.2020
Чамусьці так здарылася, што мы, мужчыны, найбольш цёпла і эмацыянальна пачынаем задумвацца, што для нас значыць жанчына, толькі напярэдадні свята 8 Сакавіка. Але ж жанчыне мы павінны прызнавацца ў каханні на працягу ўсяго жыцця.
У жыцці кожнага з нас ёсць тая, якая наша жыццё змяніла, упрыгожыла, аздобіла, якая пакінула свой незабыўны аўтограф. Тая, адзіная, мяняе ў лепшы бок і нас, мужчын. Такія жанчыны не могуць не хваляваць нашы душы, іх помняць заўсёды, з імі параўноўваюць усіх астатніх.
Дарыце ім кветкі, прыносьце часцей падарункі. Рабіце сюрпрызы, дапамагайце вырашаць праблемы. Жанчыны – заўсёды жанчыны, яны не бываюць старымі ці маладымі. Дзе няма жанчын, там няма і сапраўднай радасці. Як гэта прыгожа, калі бачыш: жанчына ідзе пад руку з мужчынам, якога яна кахае. І як брыдка, калі мужчына нават руку не падае ёй, калі яна выходзіць з грамадскага транспарта. А ёсць жа выхаваныя хлопцы і мужчыны, што нават чужым, незнаёмым падаюць руку.
Жанчына павінна быць шчаслівай, бо яна працягвае наша жыццё ў дзецях. Слабому полу, бясспрэчна, належыць увесь сусвет, таму што яны могуць ствараць новых зямлян.
Яна – гэта ідэал чысціні і прыгажосці. З ёю не сумуеш – і яна не дае нам хутка састарыцца. Усе жанчыны розныя. Яны прывабныя сваёй індывідуальнасцю і ўнікальнасцю. Жанчыны звычайна гавораць больш, чым мы, затое мы павінны імкнуцца рабіць больш, чым жанчыны. Мы не павінны пад-разаць жанчынам крылы: яны ўжо ніколі не змогуць стаць анёламі…
Нярэдка, калі губляеш такую жанчыну, жыццё становіцца адразу шэрым, бессэнсоўным, пустым, бясколерным. Характар жанчыны – гэта люстэрка вашых адносін. Жанчын абражае наша абыякавасць.
Мужчыны! Беражыце і шануйце нашых дзяўчат, нявест, жанчын, сясцёр, дачок, жонак, матуль і бабуль! Калі вам не давялося сустракаць закаханых жанчын, вы не ведаеце, ні што такое жанчына, ні што такое каханне…
Жанчына – гэта самае жаданае запрашэнне да Шчасця! І, дарэчы, самыя загадкавыя тайны жанчын – у сэрцах мужчын, якіх яны кахаюць.
Канстанцін КАРНЯЛЮК,
пазаштатны аўтар «СП»
Поделиться
Комментарии