За шмат гадоў плённай працы даяркай Ніна Іванаўна Ларына з аграгарадка Новыя Доктаравічы прывыкла ставіцца да сваіх абавязкаў добрасумленна. Нават пасля таго, як выйшла на заслужаны адпачынак, не адразу звыклася з думкай, што нехта іншы будзе даіць яе каровак.
[caption id="attachment_86580" align="alignleft" width="170"]
■ Ніна Іванаўна Ларына[/caption]
Працаваць шчыра і якасна Ніну Іванаўну навучылі бацькі, простыя калгаснікі з в. Баславічы Слуцкага раёна, дзе яна і нарадзілася ў пераможным 45-м годзе. Дзякуючы жыццёвым наказам таты-франтавіка, вырасла працавітай і акуратнай, заўсёды ўмела адстаяць свой пункт гледжання. Роднай Капыльшчына стала ў 1964 годзе, пасля таго як выйшла замуж за трактарыста з саўгаса «Доктаравічы» Анатоля Ларына. Разам працавалі ў сельскай гаспадарцы, гадавалі дваіх сыночкаў. Пачынала Ніна Іванаўна паляводам, а свой жывёлагадоўчы працоўны стаж адлічвала ўжо з 1976 года. Першы час былі сумненні: ці справіцца? Але перамагло імкненне стаць лепшай перадавой работніцай.
— Так, першыя дні на ферме аказаліся надзвычай цяжкімі, — успамінае Ніна Іванаўна. — Не хапала ведаў і практыкі. Але дапамаглі каштоўныя парады спецыялістаў, старэйшых даярак, асабістая ўпэўненасць ва ўласных сілах. Аднак доля даяркі была цяжкай. Гэта зараз малачко бяжыць па трубах, а раней мы ўсё рабілі самі. Кароў прыходзілася даіць па тры разы на дзень. Здавалася б, толькі прыйдзеш з фермы, а тут ізноў ісці трэба. Мы, жанчыны, самі цягалі цяжкія бітоны з малаком, самі на кані адвозілі іх. Я нават і водпускаў працоўных не брала: «не пускалі» кароўкі, да якіх прывыкла ставіцца з чалавечай дабрынёй. Калі крыху падраслі, пачалі дапамагаць на ферме сыны.
За працоўныя поспехі, уменне адстойваць уласную думку Ніна Іванаўна пэўны час з’яўлялася дэпутатам мясцовых Саветаў. А ў красавіку 83-га прымала ўдзел у гутарцы за круглым сталом, арганізаванай «Слава працы». Тэмай абмеркавання стала пытанне павелічэння вытворчасці прадуктаў жывёлагадоўлі ў пашавы перыяд. «Мы не можам пахваліцца цэхавай арганізацыяй утрымання статка, багатай кармавой базай, сучаснымі пабудовамі, умовамі адпачынку. Тым не менш за першы квартал я атрымала ад каровы па 1300 кілаграмаў малака. Цяпер дабіваюся пудовых надояў. Летам яны дасягнуць 20 кілаграмаў. Поспеху, акрамя фізіялагічных магчымасцей жывёлы, садзейнічаюць дыферэнцыраванае кармленне і проста чалавечыя адносіны да справы», — такія высновы зрабіла тады Ніна Іванаўна.
І з гонарам стрымала свае словы. Вынікам за 1983 год сталі такія паказчыкі: надаіла ў сярэднім ад каровы замацаванай групы па 5289 кілаграмаў малака. Гэта быў лепшы вынік у гаспадарцы. Ды і далей Ніна Іванаўна працягвала замацоўваць атрыманыя лічбы. Так, за першы квартал 1984 года па рашэнні Бюро раённага камітэта КП Беларусі, выканкама раённага Савета народных дэпутатаў, прэзідыума райкама прафсаюза работнікаў сельскай гаспадаркі і РК ЛКСМБ Ніна Ларына прызнана пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва з вынікам 1241 кілаграм малака ад каровы пры абавязацельстве 1150. А агульны вынік за зімова-стойлавы перыяд 1983–1984 гадоў склаў 2281 кілаграм малака ад каровы пры абавязацельстве 2500. І зноў Ніна Ларына была прызнана пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва.
[caption id="attachment_86581" align="aligncenter" width="840"]
■ Старшыня райвыканкама Сяргей Пілішчык і старшыня райсавета дэпутатаў Ірына Кісляк разам з Нінай Ларынай падчас яе щшанавання з нагоды занясення ў Кнігу працоўнай славы[/caption]
Усё ў тым жа 84-м го-дзе з мэтай актывізацыі сацыялістычнага спабор-ніцтва сярод аператараў машыннага даення кароў рэдакцыі газет трох раёнаў, што спаборнічалі паміж сабой, — «Сцяг Ільіча» Нара-Фамінскага раёна з Падмаскоўя, «Чырвоная зорка» Міронаўскага раёна Кіеўскай вобласці і «Слава працы» — устанавілі міжрэспубліканскі кубак «Прагрэс». Лідарам па выніках трох кварталаў стала Ніна Ларына. У разліку на карову яна надаіла па 4663 кілаграмы малака, што на 427 кілаграмаў больш, чым за такі ж перыяд летась. А 1 лістапада на флагштоку цэнтральнай сядзібы саўгаса ўзвіўся чырвоны сцяг у гонар Ніны Іванаўны. Ужо за 10 месяцаў яна надаіла 4979 кілаграмаў малака. А ў дні ўсенароднага святкавання Кастрычніцкай Рэвалюцыі Ларына значна пераўзышла пяцітысячны рубеж.
Такія сумленныя адносіны не заставаліся незаўважанымі, і сёння ў асабістай скарбонцы захоўваецца шмат узнагарод. Сярод іх ганаровае месца займаюць ордэн Працоўнай Славы ІІІ ступені, бронзавы медаль «За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі», «Диплом почета», які выдаў галоўны камітэт Выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР у 1984 годзе. А яшчэ як адзнаку за старанную добрасумленную працу Ніна Іванаўна атрымала аўтамабіль «Масквіч». Не аднойчы адзначалася жанчына значкамі «Ударнік пяцігодкі», «Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва», «Ударнік камуністычнай працы».
Дарэчы, гледзячы на працоўныя поспехі матулі, выраслі годнымі людзьмі сыны Віктар і Сяргей: першы працуе ў Слуцку ў энергетычнай сістэме, другі — вадзіцелем у Мінску. Да матулі прыязджаюць часта, заўсёды дапамогуць.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота Паўла ШЭІНА
Комментарии