Сімвалічна, што ў 2008 годзе, аб’яўленым Годам здароўя, быў створаны аграгарадок Пацейкі. З гэтага часу праблема здароўя працаўнікоў аграрнага комплексу набыла значную актуальнасць. Менавіта тады перад кіраўніцтвам СВК “Пацейкі” на чале з Валерыем Тароцькам паўстала задача, як прыцягнуць да актыўных заняткаў фізкультурай і спортам вясковую моладзь і людзей старэйшага ўзросту.
Сваёй спартыўнай залы ў гаспадарцы няма, таму месца для трэніровак было прапанавана Пацейкаўскай СШ, у якой вялікія і даўнія спартыўныя традыцыі: напрыклад, выпускніца Валянціна Скрабатун – бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Атланце. Але для заняткаў не хапала інвентару. Таму на пасяджэнні прафкама (старшыня Ала Тароцька) было прынята рашэнне аб набыцці спартыўнай формы і інвентару.
“Працуючы сумесна з навучальнай установай, удалося прыцягнуць да заняткаў спортам нямала моладзі, — падкрэсліла намеснік кіраўніка па ідэалагічнай рабоце Таццяна Прышчэпа. – Сведчанне таму – разнастайныя спаборніцтвы паміж бацькамі і вучнямі, перамогі ці прызавыя месцы ў раённых спартакіядах. Так, па выніках 2010 года ў чатырох відах спорту (шашкі, шахматы, настольны тэніс, тур-злёт) каманда з цяпер ужо ААТ “Прагрэс-2010” заняла першыя месцы ў раёне, што дазволіла стаць пераможцай агульнакаманднага заліку”.
Сярод самых актыўных удзельнікаў спаборніцтваў – Сяргей Севасцьяновіч, Пётр Агіевіч, Яўген Давы-дзенка, Настасся Гапановіч, Віктар Скрабец, Міхаіл Кляшэвіч, Іван Кляшэвіч, Лідзія Харытоненкава, Анатоль Вадап’ян, Анатоль Тукай, Марына Кандраценка, Уладзімір Лукашэвіч, Мікалай Няверка, Вікторыя Жэбіт, Алёна Кубрак, Міхаіл Яўсюк. Менавіта яны і іншыя ўдзельнікі спартыўнага жыцця з’яўляюцца прыкладам для жыхароў аг. Пацейкі і навакольных вёсак. Толькі сумеснымі намаганнямі гаспадаркі, сельскага Савета, сярэдняй школы можна прыцягнуць вяскоўцаў да заняткаў фізкультурай і спортам, адкрыць шлях да здаровага ладу жыцця, без якога нельга ўявіць далейшае жыццё вёскі.
Сяргей КОЗЕЛ
Фота Сяргея ЛАЗОЎСКАГА