Аграэкатурызм — бізнес для капылян яшчэ новы, і для мясцовых жыхароў яго функцыянальнае значэнне больш зразумелае па другой частцы слова. Тым не менш, развіццю гэтага напрамку ў раёне адводзіцца асаблівае месца. Самае цяжкае тут — знайсці звёны, што ў сукупнасці стануць адзіным ланцужком, імя якому — турыстычны прадукт. Першым такім прадуктам стаў “зялёны маршрут” “Міжрэчча Мажы і Морачы”, які ўвабраў у сябе ўсе разынкі аграгарадка Семежава. Плюсы і мінусы турыстычнага прадукта вывучалі спецыялісты Капыль-скага раённага краязнаўчага музея, раённага цэнтра дзіцячага турызму і краязнаўства, РК ГА “БРСМ”, аддзела па справах моладзі.
“Зялёны маршрут” – спосаб вандравання, які дазваляе пешшу або на транспарце, які не забруджвае навакольнае асяроддзе, пазнаёміцца з мясцовымі прыроднымі, культурнымі, гістарычнымі мясцінамі. Такія турыстычныя маршруты становяцца вельмі папулярнымі ва ўсім свеце.
Яшчэ да прыбыцця ў Семежава ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі брашуры, якія з’яўляюцца своеасаблівымі даведнікамі па пунктах следавання турыстаў. Адразу пачалося абмеркаванне напрамкаў экскурсій для навучэнскай моладзі раёна, што можна праводзіць і па дарозе на аграгарадок. Тут жа ўзгадалі два выдатныя помнікі архітэктуры — царкву Святога Георгія в. Лешня і Спаса-Узнясенскую царкву в. Кіявічы, якія знаходзіліся на шляху да аграгарадка. Ля першага прыпынку “зялёнай вандроўкі” да капылян далучылася велагрупа мясцовых школьнікаў са сваім кіраўніком Алегам Шчэрбам, які вядзе гурток па велатурызме раённага цэнтра дзіцячага турызму і краязнаўства. Юныя, але ўжо дастаткова вопытныя вандроўнікі дапамагалі ў пракладванні курсу следавання.
Зразумела, што трэніровачны “зялёны маршрут” браў пачатак у цэнтры населенага пункту, дзе размешчаны шчыт з падрабязнай картай следавання. Але, падкрэслілі пасля абмеркавання прысутныя, немясцоваму чалавеку ўсё роўна патрэбны ўказальнікі. Аформленыя ў бела-зялёных колерах, яны былі ў групы з сабой… Дзе і як іх прымацоўваць — вырашалі агульна. Але, следуючы па маршруце, было зразумела, што неабходна паставіць яшчэ дадатковыя ўказальнікі. Прычым, на мой погляд, іх неабходна ставіць на адлегласці, якая б дазваляла не заблукаць у пошуку чарговага прыпынку. Тут жа прыйшлі яшчэ да адной немалаважнай акалічнасці: паколькі вандраваць па “зялёным маршруце” можна не толькі пешшу, але і ў складзе велагрупы, то трэба яшчэ мець у Семежаве пункт пракату гэтага транспарту, а для аматараў сплаву па рацэ — пракат лодак і водных веласіпедаў, якія ў прастамоўі завуцца катамаранамі.
Яшчэ адзін пункт, які проста немагчыма абысці, — раённы Цэнтр ткацтва. Тут не толькі паглядзець на тканыя вырабы можна, але і ўбачыць працэс стварэння цуда-ручнікоў. А яшчэ лепш — навучыцца самому гэтай няпростай навуцы. Пад умелым кіраўніцтвам майстроў установы культуры задача вырашальная.
Накіроўваемся на месца, дзе калісьці стаяла мясцовая Свята-Пакроўская царква (ХІХ ст.). На жаль, яна не захавалася да нашых часоў, але застаўся велізарны помнік – “дубок”, які разме-шчаны на тэрыторыі былога храма. Як толькі ні спрабавалі калісьці “выдраць” яго з зямлі: і выкопвалі, і магутнымі машынамі выцягнуць хацелі — а не даўся-такі гэты волат! Ды і навошта яго было “выкарчоўваць”: гэта ж помнік, прычым двойчы… Захаваўся нават і разборлівы надпіс на ім.
Набраўшы ў пластыкавыя бутэлькі вады для юшкі, якая чакала ўдзельнікаў мерапрыемства ў канцы маршруту, едзем далей да наступнага прыпынку — дома-музея земляка Героя Беларусі Міхаіла Высоцкага. Фотаздымкі са знакамітым стваральнікам легендарных МАЗаў, мініяцюрныя копіі яго машын, відэафільм і рэчы, якія занялі пачэснае месца ў экспазіцыі музея, прыйдуцца даспадобы не толькі малодшым школьнікам, але і людзям больш сталага ўзросту.
Да пчальніка, што належыць ААТ “Семежава”, дабраліся даволі хутка — ціхае месца на ўскрайку лесу, нават не адразу заўважыш. Пчалярства, як старажытнае і дзесьці крыху магічнае рамяство, таксама прыцягвае турыстаў. Прайсціся па пчальніку, паглядзець на працэс збору мёду і самому паўдзельнічаць у гэтым будзе цікава як для замежных гасцей, так і для беларускіх вандроўнікаў. А калі пчол вы ўсё ж такі баіцеся, то спакойна можаце проста купіць слоічак-другі мёду. Для патрабавальных турыстаў тут знойдзецца і месца для адпачынку, і кухня па душы.
Апісваць прыгажосць семежаўскага водаканала — марна траціць час. Як кажуць, лепш адзін раз убачыць… Словамі не перадаць, якая наўкола прыгажосць: салаўіныя пошчакі, узмах крылаў белых і шэрых чапляў, ды проста шэпат дрэў над стромкімі берагамі. Усё гэта — рака Морач, якая нібы маўклівы спадарожнік “суправаджала” большасць нашага вандравання. Калі па-шчасціць уважлівым вандроўнікам, тут можна ўбачыць рэдкіх птушак, занесеных у Чырвоную Кнігу, пасачыць за будоўляй бабровых плацін. Заўзятым рыбакам асабліва даспадобы прый-дзецца ранішняя ці вячэрняя рыбалка. А якую смачную юшку вы зварыце са шчупакоў, акунёў ці карасёў!
Падобнае на гіганцкага вужа, старое русла Мажы “віляла” пруткім целам і нібы вабіла за сабой, хаваючыся ўдалечыні зараснікаў некранутай чалавекам прыроды.
Гідралагічны заказнік “Марачанскі”, аб правілах наведвання якога раскажа інфармацыйны шчыт, доты часоў Другой сусветнай, помнікі Вялікай Айчыннай вайны (многія з іх унесены ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей), сядзібна-паркавы комплекс “Макраны” другой паловы ХVІІІ ст. з рэшткамі малочнага завода, царквы, капліцы-пахавальніцы, грабавай алеі да панскага вадаёма, — усе гэтыя аб’екты таксама прыйдуцца даспадобы аматарам здаровага адпачынку.
“Разведка” па семежаўскім “зялёным маршруце” ў чарговы раз даказала: паказаць ёсць шмат чаго! Плюсамі з’яўляюцца таксама калядны абрад “Цары”, уключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, абласное свята па ткацтве “Млечны шлях ад рук бабулі”, іншыя культурныя падзеі і гістарычныя месцы. Але ёсць і мінусы. Акрамя недахопаў, пералічаных вышэй, можна назваць адсутнасць аграсядзібы для начлегу турыстаў, экскурсавода па маршруце следавання і, адпаведна, яго кантактных тэлефонаў, прыстойнага кафэ, дзе можна было б і паснедаць, і павячэраць.
Патэнцыял у Семежава ў гэтым напрамку больш чым багаты. Таму “зялёны маршрут” “Міжрэчча Мажы і Морачы”, упэўнены, пры гаспадарскім падыходзе прыцягне шмат аматараў экалагічнага турызму.
Сяргей ЛАЗОЎСКІ
Фота аўтара
На здымках:
Ля інфармацыйнага шчыта ў цэнтры Семежава
Велагрупа семежаўскіх школьнікаў
Ідзе абмеркаванне напрамкаў маршруту
Рака Мажа