Згодна з графікам, з 24 лістапада праходзяць сустрэчы старшыні Капыльскага райвыканкама Анатоля Жданені з працоўнымі калектывамі РБУ «Універсалрамбуд», СВК «Ціміразеўскі» і «Каменскі», а таксама адбыліся чарговыя выезды інфармацыйна-прапагандысцкіх груп.
На мінулым тыдні група на чале са старшынёй райсавета дэпутатаў Марыяй Сандрозд сустрэлася з працаўнікамі СВК “Душава”, а на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Алай Раманоўскай – з калектывам Капыльскага райспажыўтаварыства. 3 снежня ІПГ пад кіраўніцтвам першага намесніка старшыні райвыканкама Ірыны Кісляк выехала ў КСУП “С “Лясное”.
Падчас сустрэч падводзіліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за апошнія пяць гадоў, акцэнтавалася ўвага на важных палітычных падзеях, а таксама выслухоўваліся разнастайныя пытанні. У іх ліку – рамонт аварыйнага моста праз р. Выня і дарогі Ржаўка – Дарагавіца – Печураны, якасць будаўніцтва новых дамоў у в. Душава. У г. Капылі выказаны прапановы па будаўніцтве дзіцячай пляцоўкі і рынку, у аг. Быстрыца – па рамонце прыдамавых тэрыторый. Узнята пытанне па рабоце Лясноўскага СДК.
Маладзёжныя ІПГ наведалі калектывы банкаў.
Сяргей КОЗЕЛ
Прадпрыемства, на якім працуе дэлегат народнага сходу, лічыцца правафланговым сярод будаўнічых арганізацый раёна. Па выніках работы за 2009 год выйшла пераможцам раённага спаборніцтва. І сёння не зніжае тэмпаў: за дзесяць месяцаў аб’ём будаўніча-мантажных работ, выкананых уласнымі сіламі, у параўнанні з мінулым годам узрос на 103,3%, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 5,9%. Не менш складаныя і адказныя задачы стаяць перад калектывам і на будучы год. І іх вырашэнне залежыць ад старання ўсяго калектыву і кожнага працаўніка.
У 1978 годзе, пасля заканчэння Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, прыйшоў Мікалай на працу ў Міжкалгасбуд (тагачасная назва прадпрыемства). Прызначылі маладога спецыяліста на адказны ўчастак – майстрам на будаўніцтва МП “Капыльскае”. Праз некаторы час працоўны калектыў адправіў яго на службу ў рады Савецкай Арміі, а калі тая скончылася, то думкі, дзе працаваць, не было: ён зноў вярнуўся ў свой калектыў. І напрацягу 32 гадоў не здрадзіў прадпрыемству, хаця яно ў гады перабудовы і эканамічнай нестабільнасці было, часам, і не ў лепшым стане. Лёгкіх грошай Мікалай ніколі не шукаў, ведаў, што спадзявацца трэба на сябе, на свае веды і адносіны да справы. Такую загартоўку ён атрымаў у сям’і яшчэ з маленства: бацька і маці, якія ўсё жыццё аддалі сельскай гаспадарцы, стварылі цвёрды падмурак у характары сына.
Сёння ў падпарадкаванні М. М. Кульбіцкага 21 чалавек. Ёсць такія, з кім працуе больш за 20 гадоў, ёсць і маладыя рабочыя. Адносіны з усімі склаліся самыя лепшыя. Мікалай Мікалаевіч і пакажа, і карысную параду дасць, і падбадзёрыць, і дапаможа. Па натуры — мэтанакіраваны, сумленны, вы-хоўвае такія ж рысы характару і ў сваіх падначаленых. Падсобная вытворчасць складаецца з цэха жалезабетонных вырабаў, участка малой механізацыі, сталярна-механічнага цэха. Задача калектыву — забяспечыць стабільную работу прадпрыемства. І гэта ўдаецца, бо высакакласны спецыяліст, майстар сваёй справы Мікалай Кульбіцкі з усімі заданнямі спраўляецца выдатна, таму і не меў ніколі нараканняў ад кіраўніцтва. На працу заўсёды ідзе з задавальненнем – душа ляжыць да любімай справы. Увесь яго працоўны шлях быў звязаны і з актыўнай грамадскай дзейнацю: узначальваў камсамольскую арганізацыю, быў членам КПСС і прафкама, добраахвотнай народнай дружыны, вылучаўся дэпутатам райсавета. Як умее працаваць, так умее і наладзіць свой адпачынак. Яго хобі – паляванне, любоў да родных мясцін. Калі казаць пра сямейнае жыццё, то і яно склалася ўдала. Жонка і дачка лічаць яго апорай у жыцці, у сям’і заўсёды былі і ёсць паразуменне і павага.
Мікалай Мікалаевіч Кульбіцкі жыве з верай у будучыню і цвёрдым намерам ажыццявіць усе свае мары, галоўная з якіх, каб у наступнай пяцігодцы прадпрыемства змагло правесці мадэрнізацыю сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базы, а маладыя спецыялісты не шукалі вялікіх заробкаў у сталіцы, а ўзводзілі камфортнае жыллё і прамысловыя аб’екты на капыльскай зямлі.
Любоў ПЯТРОВА
Фота аўтара
Погляды моладзі Капыльшчыны выказвае першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Наталля Гарбацэвіч:
— З радасцю адзначыла ў Асноўных палажэннях важны для ўсёй беларускай моладзі факт: у праекце праграмы значнае месца адводзіцца маладзёжнай палітыцы: стварэнню ўмоў для прафесійнага росту, актыўнага прыцягнення ва ўсе сферы жыцця. Прыемна адзначыць, што і надалей будзе ўдасканальвацца сістэма адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі, выхавання моладзі, будзе расці яе роля ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці грамадства. Спадзяёмся, што будзе аказана садзейнічанне ў прафесійнай арыентацыі і працаўладкаванні маладых грамадзян, падтрымцы прадпрымальніцкай ініцыятывы, пашырэнні дзяржаўных гарантый і льгот для маладых спецыялістаў, вырашэнні іх жыллёвых і бытавых праблем. Прыдае аптымізму і тое, што праграмай намечаны працяг палітыкі дзяржаўнай падтрымкі таленавітай і адоранай моладзі, маладых сем’яў.
Безумоўна, асабліва важным з’яўляецца захаванне і ўмацаванне здароўя маладых людзей, што ўплывае на дэмаграфічную сітуацыю ў рэспубліцы. Фарміраванне здаровага ладу жыцця моладзі з’яўляецца абавязковым, і для гэтага ў нашай краіне робіцца многае.
Лічу, што ўсе напрамкі праграмы рэальны і ажыццявімы. Вядома, што ад моладзі залежыць будучае краіны. Нездарма абрэвіятура “БРСМ” расшыфроўваецца не толькі як Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, але і Будучае Радзімы Ствараць Маладым. Мой заклік да моладзі Капыльшчыны: дзейнічайце, тварыце, і дзяржава заўсёды падтрымае ініцыятыўных, актыўных, неабыякавых маладых людзей!
Запісаў Сяргей КОЗЕЛ
У мінулы аўторак актавая зала СШ № 2 г. Капыля ператварылася ў імправізаваны выбарчы ўчастак. Розніца была толькі ў тым, што за дзеяннямі ўчастковай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Камсамольскага гарадскога ўчастка для галасавання №19 назіралі дзесяткі вачэй.
У ролі гледачоў выступілі старшыні і сакратары ўчастковых камісій, назіральнікі, якія там будуць працаваць падчас выбараў, а таксама старшыні сельскіх Саветаў Капыльшчыны. Праходзіла, так бы мовіць, генеральная рэпетыцыя важнай палітычнай падзеі. Такая вучоба спатрэбілася, каб дасканала засвоіць усе патрабаванні Выбарчага кодэкса і выключыць узнікненне прыкрых памылак у ходзе выбараў.
Самымі строгімі экзаменатарамі выступілі старшыня раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Іван Бабко і сакратар Сяргей Цвірко. Не менш уважлівымі і дасведчанымі аказаліся і гледачы, якія трапна прымячалі недакладанасці ў дзеяннях членаў участковай камісіі. А тым было няпроста, паколькі даводзілася “разруліваць” такія мудрагелістыя сітуацыі, што дапамагчы магло толькі дакладнае веданне Выбарчага кодэкса.
Гэтыя дзве гадзіны, якія ішло мерапрыемства, безумоўна, будуць карыснымі для прысутных і паспрыяюць таму, каб важная палітычная кампанія прайшла на высокім арганізацыйным узроўні і не выклікала ніякіх сумненняў у тых, хто будзе ўважліва назіраць за ёй.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКУ: ідзе ўмоўнае галасаванне.
Фота аўтара