Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

47

КАЛІ СПРАВА ПА ДУШЫ

04.12.2010
Дэпутаты і вучоныя, настаўнікі і ўрачы, ваенныя і артысты, дырэктары, рабочыя і працаўнікі сельскай гаспадаркі 6-7 снежня прыйдуць у залу Палаца Рэспублікі для таго, каб уважліва выслухаць, а потым падказаць, параіць, даць канкрэтны наказ уладзе, якая, прымаючы адказнае рашэнне па дзяржаўным і эканамічным будаўніцтве, раіцца з народам. У ліку дэлегатаў IV Усебеларускага народнага сходу і загадчык падсобнай вытворчасці ДУП «ПМК-194» Мікалай Мікалаевіч Кульбіцкі. Прадпрыемства, на якім працуе дэлегат народнага сходу, лічыцца правафланговым сярод будаўнічых арганізацый раёна. Па выніках работы за 2009 год выйшла пераможцам раённага спаборніцтва. І сёння не зніжае тэмпаў: за дзесяць месяцаў аб’ём будаўніча-мантажных работ, выкананых уласнымі сіламі, у параўнанні з мінулым годам узрос на 103,3%,  рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі склала 5,9%. Не менш складаныя і адказныя задачы стаяць перад калектывам і на будучы год. І іх вырашэнне залежыць ад старання ўсяго калектыву і кожнага працаўніка. У 1978 годзе, пасля заканчэння Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума, прыйшоў Мікалай на працу ў Міжкалгасбуд (тагачасная назва прадпрыемства). Прызначылі маладога спецыяліста на адказны ўчастак – майстрам на будаўніцтва МП “Капыльскае”. Праз некаторы час працоўны калектыў адправіў яго на службу ў рады Савецкай Арміі, а калі тая скончылася, то думкі, дзе працаваць, не было: ён зноў вярнуўся ў свой калектыў.  І напрацягу 32 гадоў не здрадзіў прадпрыемству, хаця яно ў гады перабудовы і эканамічнай нестабільнасці было, часам, і не ў лепшым стане. Лёгкіх грошай Мікалай ніколі не шукаў, ведаў, што спадзявацца трэба на сябе, на свае веды і адносіны да справы. Такую загартоўку ён атрымаў у сям’і яшчэ з маленства: бацька і маці, якія ўсё жыццё аддалі сельскай гаспадарцы, стварылі цвёрды падмурак у характары сына. Сёння ў падпарадкаванні М. М. Кульбіцкага 21 чалавек. Ёсць такія, з кім працуе больш за 20 гадоў, ёсць і маладыя рабочыя. Адносіны з усімі склаліся самыя лепшыя. Мікалай Мікалаевіч і пакажа, і карысную параду дасць, і падбадзёрыць, і дапаможа. Па натуры — мэтанакіраваны, сумленны,  вы-хоўвае такія ж рысы характару і ў сваіх падначаленых. Падсобная вытворчасць складаецца з цэха жалезабетонных вырабаў, участка малой механізацыі, сталярна-механічнага цэха. Задача калектыву — забяспечыць стабільную работу прадпрыемства. І гэта ўдаецца, бо высакакласны спецыяліст, майстар сваёй справы Мікалай Кульбіцкі з усімі заданнямі спраўляецца выдатна, таму і не меў ніколі нараканняў ад кіраўніцтва. На працу заўсёды ідзе з задавальненнем – душа ляжыць да любімай справы. Увесь яго працоўны шлях быў звязаны і з актыўнай грамадскай дзейнацю: узначальваў камсамольскую арганізацыю, быў членам КПСС і прафкама, добраахвотнай народнай дружыны, вылучаўся дэпутатам райсавета. Як умее працаваць, так умее і наладзіць свой адпачынак. Яго хобі – паляванне, любоў да родных мясцін. Калі казаць пра сямейнае жыццё, то і яно склалася ўдала. Жонка і дачка лічаць яго апорай у жыцці, у сям’і заўсёды былі і ёсць паразуменне і павага. Мікалай Мікалаевіч Кульбіцкі жыве з верай у будучыню і цвёрдым намерам ажыццявіць усе свае мары, галоўная з якіх, каб у наступнай пяцігодцы прадпрыемства змагло правесці мадэрнізацыю сваёй матэрыяльна-тэхнічнай базы, а маладыя спецыялісты не шукалі вялікіх заробкаў у сталіцы, а ўзводзілі камфортнае жыллё і прамысловыя аб’екты на капыльскай зямлі. Любоў  ПЯТРОВА Фота  аўтара

info Автор:
Поделиться

Комментарии

Вы можете оставить свой комментарий. Все поля обязательны для заполнения, ваш email не будет опубликован для других пользователей