Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

info

info

На такiх людзях i трымаецца наша вёска

18.10.2024
Зімова-стойлавы перыяд на жывёлагадоўчых фермах з’яўляецца надзвычай працаёмкім. Жывёлаводам, зоаветэрынарнай службе неабходна затрачваць нямала намаганняў, каб атрымліваць высакаякасную прадукцыю, не зніжаць прадукцыйнасць працы. Дадатковым грузам кла-дзецца на плечы і адчуванне высокай адказнасці, паколькі ў гэту пару менавіта жывёлагадоўля з’яўляецца для сельгаспрадпрыемстваў крыніцай паступлення грашовых сродкаў. Гэта добра разумеюць і на малочнатаварнай ферме “Сцяпуры” сельскагаспадарчага філіяла “Руднае”. Дарэчы, па выніках мінулага года МТФ трывала замацавалася ў першай дваццатцы раённай турнір-най табліцы, атрымаўшы 5431 кг малака ад кожнай каровы. Пры гэтым рэзультат 2009 года палепшыўся на 712 кг. Загадчыца фермы Алена Шкуцько ўпэўнена, што на добры рэзультат працавалі ўсе разам: “Наш калектыў, а гэта чатыры асноўныя і адна падменная даяркі, а таксама тры скотнікі, вельмі дружны. Яны добра ведаюць, што многае залежыць ад стараннасці кожнага на сваім рабочым месцы”. Тым не менш выніковасць працы жывёлаводаў складаецца з многіх фактараў: якасці і колькасці нарыхтаваных улетку кармоў, прафессійнасці і адказнасці ветэрынарнай службы, асемянатараў, забяспечанасці дойнага статка канцэнтратамі, кармавымі дабаўкамі і г. д. Алена Іосіфаўна ўпэўнена, што іх ферме ў гэтым пашчасціла: — Мы стараемся зрабіць рацыён дойнага статка (усяго на ферме налічваецца 148 кароў, на 14 больш, чым летась – М.С.) пажыўным і збалансаваным. Даём каровам сілас, сянаж, караняплоды, канцэнтраты, соевы шрот, патаку. Асаблівая ўвага навацельным каровам, якія атрымліваюць у тры дачы па 400 г канцэнтратаў на кілаграм малака. У асобным памяшканні ўтрымліваюцца сухастойныя каровы. Уся жывёла мае магчымасць для прагулак на свежым паветры. Асобна хацелася б узгадаць пра адказныя адносіны да сваіх абавязкаў нашага асемянатара Мікалая Сельвановіча. З яго прыходам у гаспадарку палепшыліся справы з узнаўленнем статка. Толькі за 19 дзён студзеня ў нас расцялілася 15 кароў, да канца месяца чакаем прыплоду яшчэ ад сямі. Выніковая праца сцяпурскіх жывёлаводаў не застаецца незаўважанай. Паводле слоў загадчыцы фермы, правядзенне Дзён жывёлавода ў гаспадарцы з удзелам дырэктара філіяла і галоўнага эканаміста – справа звычайная. Напрыклад, на падвядзенне вынікаў мінулага года прыязджалі і прадстаўнікі ААТ “Капыльскі райаграсервіс” на чале з яго дырэктарам Анатолем Чаркасом. Лепшаму аператару машыннага даення Яўгеніі Кухаравай у якасці заахвочвання былі выдзелены парасяты. Тут клапоцяцца і пра бытавыя ўмовы працы жывёлаводаў: ёсць магчымасць прыняць душ (устаноўлены кацёл, які працуе на цвёрдым паліве), у так званым чырвоным кутку – ён жа кабінет загадчыцы – можна адпачыць, вывучыць вывешаную інфармацыю. Знаёмства з калектывам МТФ прадоўжылася непасрэдна на рабочых месцах даярак. Як аказалася, у гэты дзень працавалі Наталля Гуцановіч, Яўгенія Кухарава, Святлана Яроменка і Валянціна Толсцік. Пасля фота на памяць завязалася гутарка з лідарам. Яўгенія Кухарава, як аказалася, у сельскую гаспадарку прыйшла параўнальна нядаўна. Літаральна шэсць-сем гадоў таму яна працавала ў гандлі. Аднак вырашыла, што яе тадышнія заробкі і блізка не стаяць з тымі, што можна атрымаць у сельгаспрадпрыемстве. Спачатку даглядала цялят, затым прыняла групу кароў. Безумоўна, працу на ферме лёгкай не назавеш. І жанчына хутка з гэтым згаджаецца, але тут жа хітравата ўсміхаецца: “А ў мяне муж – першы памочнік. Падвозчыкам на ферме працуе. У нас, калі так можна сказаць, сямейны падрад”. Міхаіл Жылко, як расказаў ён сам, мае стаж работы ў сельскай гаспадарцы больш за 40 гадоў. Праз год выйдзе на пенсію. Аднак дарогу на ферму забываць не збіраецца. “А куды ж я без яго!” – смяецца Яўгенія Сяргееўна. Сапраўды, на тыя 5093 кілаграмы, якія яна надаіла летась ад кожнай каровы сваёй групы, муж і жонка працавалі дружна, па-сямейнаму. А старацца ёсць для каго: на пятым курсе ўніверсітэта вучыцца іх малодшая дачка, падрастаюць двое ўнукаў у сям’і старэйшай. І ўсім хочацца дапамагчы… Па вялікім рахунку, менавіта на такіх старанных працаўніках, якія імкнуцца выконваць сваю справу як мага лепш, каб атрымаць за яе добрыя грошы і дапамагчы, чым могуць, сваім крывіначкам, і трымаецца наша вёска. Маргарыта САКОВІЧ НА ЗДЫМКАХ:1. Загадчыца фермы А. Шкуцько (злева) з  даяркамі  Н. Гуцановіч, Я. Кухаравай, С. Яроменкай і В. Толсцік.  2. Працуюць у згодзе муж і жонка М. Жылко і Я. Кухарава. Фота аўтара

У РЦК адбылася ўрачыстасць, прымеркаваная да Дня выратавальніка

18.10.2024
У РЦК адбылася ўрачыстасць, прымеркаваная да Дня выратавальніка. У фае была арганізавана выстава дзіцячых малюнкаў на пажарную тэматыку. Экспанаваліся разнастайныя пажарныя апавяшчальнікі, вогнетушыцелі, прадметы нагляднай агітацыі, якія прадставіла УП “Нясвіжская пажарна-выратавальная справа” РДГА  “Беларускае добраахвотнае пажарнае таварыства”. Пасля ў глядзельнай зале супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, ветэраны службы, госці прымалі віншаванні з прафесійным святам ад начальніка Капыльскага РАНС Аляксандра Бобрыка. За дасягненні высокіх паказчыкаў у службовай дзейнасці распараджэннем старшыні райвыканкама былі аб’яўлены Падзякі начальніку  ПАВП №14 в. Бучаціна Сяргею Лук’янаву, камандзіру аддзялення ПАВЧ №2 аг. Цімкавічы Аляксандру Салодкаму, вадзіцелю ПАВП №15 в. Сл.-Кучынка Сяргею Суботніку, якія ім уручыў кіраўнік спраў Віктар Плашкевіч. Таксама, згодна з загадам Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь, граматамі і грашовымі прэміямі ўзнагароджаны начальнік РАНС Аляксандр Бобрык, камандзір ПАВЧ №1 г. Капыля Віктар Юха, вадзіцель ПАВЧ №2 аг. Цімкавічы Аляксандр Астахаў, вадзіцель ПАВЧ №1 г. Капыля Аляксандр Ляхаў. Словы віншавання прагучалі ад ветэрана службы, былога начальніка Капыльскага РАНС Мікалая Тарасюка, дырэктара УП “Нясвіжская пажарна-выратавальная справа” Людмілы Бутэр. Вясёлыя і жартоўныя музычныя і танцавальныя нумары дарылі віноўнікам урачыстасці ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці РЦК. Сяргей ЛАЗОЎСКІ НА ЗДЫМКУ: А. Салодкі, С. Лук’янаў, С. Суботнік. Фота аўтара  

Увага: прамая лінія (CMigrator copy 9)

18.10.2024
25 студзеня, у аўторак, з 10 да 12 гадзін адбудзецца прамая лінія з начальнікам фонда сацыяльнай абароны насельніцтва Людмілай Аляксандраўнай ЖУКАВАЙ. Патэлефанаваўшы ў вызначаны час па нумары 55-7-18, вы зможаце атрымаць кампетэнтныя адказы на пытанні, што тычацца назначэння дапамог па часовай непрацаздольнасці, сем’ям, што выхоўваюць дзяцей, і інш.

Па тэрыторыі Капыльшчыны пройдзе “Зорны паход”

18.10.2024
З 25 па 28 студзеня па Капыльшчыне пройдзе 46-ы зорны паход студэнтаў і выкладчыкаў Белдзяржпедуніверсітэта імя М. Танка па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. Зводны атрад “Трылогія” факультэта псіхалогіі і факультэта беларускай і рускай філалогіі падрыхтаваў канцэртную праграму, майстар-класы, трэнінгі, гульнёвыя праграмы. Адным з асноўных момантаў стане прафарыентацыйная работа. А 27 студзеня ў 14 гадзін у РЦК адбудзецца сустрэча старшаклас-нікаў са студэнтамі і выкладчыкамі навучальнай установы з прэзентацыяй універсітэта, факультэтаў, ток-шоу, прафарыентацыйнай дыягностыкай. Сяргей КОЗЕЛ

Абмеркавалі арыенціры

18.10.2024
Адзіны дзень інфармавання насельніцтва прайшоў у раёне ў мінулы чацвер. Як паведамілі ў аддзеле ідэалагічнай работы райвыканкама, 80 дакладчыкаў інфармацыйных груп сустрэліся з працоўнымі калектывамі горада і раёна, дзе абмеркавалі асноўныя арыенціры сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў першым годзе новай пяцігодкі, а таксама выслухалі надзённыя пытанні насельніцтва. Сяргей КОЗЕЛ
Страница 978 из 1058