Зімова-стойлавы перыяд на жывёлагадоўчых фермах з’яўляецца надзвычай працаёмкім. Жывёлаводам, зоаветэрынарнай службе неабходна затрачваць нямала намаганняў, каб атрымліваць высакаякасную прадукцыю, не зніжаць прадукцыйнасць працы. Дадатковым грузам кла-дзецца на плечы і адчуванне высокай адказнасці, паколькі ў гэту пару менавіта жывёлагадоўля з’яўляецца для сельгаспрадпрыемстваў крыніцай паступлення грашовых сродкаў.
Гэта добра разумеюць і на малочнатаварнай ферме “Сцяпуры” сельскагаспадарчага філіяла “Руднае”. Дарэчы, па выніках мінулага года МТФ трывала замацавалася ў першай дваццатцы раённай турнір-най табліцы, атрымаўшы 5431 кг малака ад кожнай каровы. Пры гэтым рэзультат 2009 года палепшыўся на 712 кг.
Загадчыца фермы Алена Шкуцько ўпэўнена, што на добры рэзультат працавалі ўсе разам: “Наш калектыў, а гэта чатыры асноўныя і адна падменная даяркі, а таксама тры скотнікі, вельмі дружны. Яны добра ведаюць, што многае залежыць ад стараннасці кожнага на сваім рабочым месцы”. Тым не менш выніковасць працы жывёлаводаў складаецца з многіх фактараў: якасці і колькасці нарыхтаваных улетку кармоў, прафессійнасці і адказнасці ветэрынарнай службы, асемянатараў, забяспечанасці дойнага статка канцэнтратамі, кармавымі дабаўкамі і г. д. Алена Іосіфаўна ўпэўнена, што іх ферме ў гэтым пашчасціла:
— Мы стараемся зрабіць рацыён дойнага статка (усяго на ферме налічваецца 148 кароў, на 14 больш, чым летась –
М.С.) пажыўным і збалансаваным. Даём каровам сілас, сянаж, караняплоды, канцэнтраты, соевы шрот, патаку. Асаблівая ўвага навацельным каровам, якія атрымліваюць у тры дачы па 400 г канцэнтратаў на кілаграм малака. У асобным памяшканні ўтрымліваюцца сухастойныя каровы. Уся жывёла мае магчымасць для прагулак на свежым паветры. Асобна хацелася б узгадаць пра адказныя адносіны да сваіх абавязкаў нашага асемянатара Мікалая Сельвановіча. З яго прыходам у гаспадарку палепшыліся справы з узнаўленнем статка. Толькі за 19 дзён студзеня ў нас расцялілася 15 кароў, да канца месяца чакаем прыплоду яшчэ ад сямі.
Выніковая праца сцяпурскіх жывёлаводаў не застаецца незаўважанай. Паводле слоў загадчыцы фермы, правядзенне Дзён жывёлавода ў гаспадарцы з удзелам дырэктара філіяла і галоўнага эканаміста – справа звычайная. Напрыклад, на падвядзенне вынікаў мінулага года прыязджалі і прадстаўнікі ААТ “Капыльскі райаграсервіс” на чале з яго дырэктарам Анатолем Чаркасом. Лепшаму аператару машыннага даення Яўгеніі Кухаравай у якасці заахвочвання былі выдзелены парасяты. Тут клапоцяцца і пра бытавыя ўмовы працы жывёлаводаў: ёсць магчымасць прыняць душ (устаноўлены кацёл, які працуе на цвёрдым паліве), у так званым чырвоным кутку – ён жа кабінет загадчыцы – можна адпачыць, вывучыць вывешаную інфармацыю.
Знаёмства з калектывам МТФ прадоўжылася непасрэдна на рабочых месцах даярак. Як аказалася, у гэты дзень працавалі Наталля Гуцановіч, Яўгенія Кухарава, Святлана Яроменка і Валянціна Толсцік. Пасля фота на памяць завязалася гутарка з лідарам. Яўгенія Кухарава, як аказалася, у сельскую гаспадарку прыйшла параўнальна нядаўна. Літаральна шэсць-сем гадоў таму яна працавала ў гандлі. Аднак вырашыла, што яе тадышнія заробкі і блізка не стаяць з тымі, што можна атрымаць у сельгаспрадпрыемстве. Спачатку даглядала цялят, затым прыняла групу кароў. Безумоўна, працу на ферме лёгкай не назавеш. І жанчына хутка з гэтым згаджаецца, але тут жа хітравата ўсміхаецца: “А ў мяне муж – першы памочнік. Падвозчыкам на ферме працуе. У нас, калі так можна сказаць, сямейны падрад”. Міхаіл Жылко, як расказаў ён сам, мае стаж работы ў сельскай гаспадарцы больш за 40 гадоў. Праз год выйдзе на пенсію. Аднак дарогу на ферму забываць не збіраецца. “А куды ж я без яго!” – смяецца Яўгенія Сяргееўна. Сапраўды, на тыя 5093 кілаграмы, якія яна надаіла летась ад кожнай каровы сваёй групы, муж і жонка працавалі дружна, па-сямейнаму. А старацца ёсць для каго: на пятым курсе ўніверсітэта вучыцца іх малодшая дачка, падрастаюць двое ўнукаў у сям’і старэйшай. І ўсім хочацца дапамагчы…
Па вялікім рахунку, менавіта на такіх старанных працаўніках, якія імкнуцца выконваць сваю справу як мага лепш, каб атрымаць за яе добрыя грошы і дапамагчы, чым могуць, сваім крывіначкам, і трымаецца наша вёска.
Маргарыта САКОВІЧ
НА ЗДЫМКАХ:1. Загадчыца фермы А. Шкуцько (злева) з даяркамі Н. Гуцановіч, Я. Кухаравай, С. Яроменкай і В. Толсцік. 2. Працуюць у згодзе муж і жонка М. Жылко і Я. Кухарава.
Фота аўтара
Комментарии