Home

Слава працы

Только достоверные новости Копыльщины

admin_222

admin_222

У калысцы талентаў

21.10.2024

У першым абласным свяце дзіцячай творчасці, што адбылося ў Клецку ў пачатку чэрвеня, прынялі ўдзел і юныя майстры з Капыльшчыны.

Творчую майстэрню ткацтва прадстаўлялі вучні Ляшнянскай сярэдняй школы. Алена Каражанец, Алеся Шчэглік, Хрысціна Кавалеўская – члены гуртка “Суквецце” пры мясцовым сельскім Доме культуры. Дарэчы, кіраўнік гэтага творчага аб’яднання, Ніна Яўгенаўна Гарашчэня, атрымала званне лаўрэата конкурсу за арганізацыю пераемнасці і перадачу мясцовых традыцый падрастаючаму пакаленню. А дзяўчынкі праявілі сапраўдныя ўзоры ўмення, вырабляючы палавічок. За зберажэнне і творчае развіццё традыцый ткацтва званне лаўрэата атрымала Алеся, а Алена і Хрысціна сталі дыпламантамі.

Майстэрства вышыўкі прадэманстравала школьніца Марыя Ганчар, якая прадстаўляла Пацейкаўскі СДК, стала дыпламантам і таксама, як іншыя, была ўзнагароджана сувенірам. Ад Семежаўскага філіяла дзіцячай школы мастацтваў у свяце ўдзельнічалі Яніна Шчэрба, Кацярына Драгіна, Андрэй Трухан – юныя майстры гліняных вырабаў. Гэта іх першы ўдзел у такім вялікім конкурсе. І трэба адзначыць, што паспяховы.

Марыя ШЭІНА

ЗАТ "Жыліхава": апошні акорд касавіцы

21.10.2024

У шматгадовай практыцы галоўнага агранома закрытага акцыянернага таварыства “Жыліхава” Уладзіміра Ходзіна сёлетні год найбольш  спрыяльны для нарыхтоўкі кармоў.

— Травы выраслі добрыя, — гаворыць Уладзімір Іванавіч. — Гэтаму дапамагалі   дажджлівае на-двор’е, своечасовыя падкормкі мінеральнымі ўгнаеннямі. Апошняе слова заставалася за арганізацыяй работы, накіраванай на тое, каб паспець у аптымальныя тэрміны ўбраць вырашчанае.

І вось ён – апошні акорд касавіцы. Пазаўчора ва ўрочышчы “Лаўкі”, што знаходзіцца за дванаццаць кіламетраў ад Жыліхава на мяжы з Орлікаўскім лясніцтвам, у другой палове дня закончылі прасаваць сена. Адмахваючыся ад надакучлівых аваднёў, механізатары аглядвалі тэхніку, бо належала прайсці яшчэ 12 кіламетраў да мехдвара па зусім не простай, з калдобінамі дарозе. І адразу ж пачаўся дождж. Ці не адаб’ецца гэта на якасці корму? Галоўны аграном зазначае, што пасля дажджу рулон абветрыцца. Іншая справа, калі б сена не было яшчэ падабрана. Усяго ў гаспадарцы скошаны 105 гектараў сенажацей, 60 з якіх знаходзяцца ў “Лаўках”. З першага ўкосу нарыхтавана 300 тон высакаякаснага корму. І з другога павінны ўзяць яшчэ 200 тон. Травы адразу ж пускаюцца ў рост. Калі спадзе спякота, правядуць падкормку аміячнай салетрай — і ўраджай гарантаваны. Галоўнае, каб усё было зроблена ў свой час.

Наогул у гаспадарцы ўжо нарыхтавана на адну ўмоўную галаву жывёлы па 9,5  цэнтнера  кармавых адзінак, што на 4,2 ц больш, чым летась. У сянажныя ямы каля МТФ вёсак Жы-ліхава, Выгода, Гулевічы закладзена 3798 тон сенажу (80% да задання). У гаспадарцы прадумана падыходзяць да нарыхтоўкі гэтага віду корму. Вось і ў мінулым годзе не толькі змаглі зрабіць для сябе паўтарагадовы запас, але і прадаць сянаж некаторым гаспадаркам. І тысяча тон сенажу з мінулага года стала зусім не лішняй нават у сёлетні пашавы перыяд.

Вяртаючыся з аддаленага ўчастка, пад шум дажджу галоўны аграном называе прозвішчы тых, хто правёў работы з якасцю і ў тэрмін. На КЗР падбіралі травяную масу Фёдар Кіеня і Аляксандр Смоліч, якія штодзённа перавыконвалі даведзеныя заданні. На касьбе  вызначыліся Аляксандр Яцына і Уладзімір Мяцельскі, на зграбанні – Ігар Грыбок, прасаванні – Васіль Жданко, на адвозцы – Сяргей Валчок, Васіль Балвановіч, на трамбоўцы – Эдуард Артэнян, Аляксандр Мяцельскі, Мікалай Пашкевіч і іншыя.

Марыя ШЭІНА

НА ЗДЫМКАХ: 1. Галоўны аграном У. Ходзін; 2. Механізатары І. Грыбок і В. Жданко пакідаюць ўрочышча “Лаўкі”.

Фота аўтара

Увага: прамая лінія (CMigrator copy 4)

21.10.2024
17 чэрвеня, у чацвер, адбудзецца прамая лінія з галоўным урачом УАЗ “Капыльская ЦРБ” Ірынай Уладзіміраўнай ГУЛЕВІЧ. Калі ў вас ёсць заўвагі ці прапановы па паляпшэнні  медыцынскага абслугоўвання, тэлефануйце, калі ласка, з 10 да 12 гадзін па нумары 55-1-33.

Літаратурнае свята ў Цімкавічах

21.10.2024

Сёлета адзначаецца 110-годдзе з дня нараджэння нашага земляка класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага.

З гэтай нагоды 19 чэрвеня бягучага года адбудзецца літаратурнае свята “Дзе прайшло маленства, там пачынаецца Радзіма”, у якім прымуць удзел беларускія літаратары, прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і сродкаў масавай інфармацыі.

Будуць падведзены вынікі творчага конкурсу на лепшы малюнак па творах К. Чорнага сярод школьнікаў раёна, пройдзе прэзентацыя фотавыставы “Родныя мае мясціны. Як мая душа рвецца туды”, якая стала вынікам фотапленэра, што быў праведзены 19-20 мая на Капыльшчыне з удзелам фотамайстроў клуба “Мінск” і беларускага грамадскага аб’яднання “Фотамастацтва”.

На свяце будзе арганізавана выстава майстроў народнай творчасці, якія пражываюць на тэрыторыі Цімкавіцкага сельскага Савета. Адбудуцца канцэрты выхаванцаў Капыльскай і Цімкавіцкай дзіцячых школ мастацтваў.

Дарэчы, да юбілею знакамітага земляка, а таксама да 65-й гадавіны Вялікай Перамогі ў Літаратурным музеі К. Чорнага ў студзені — маі праводзілася тэматычная экскурсія “Уклад Кузьмы Чорнага ў набліжэнне Перамогі” і прагляд у відэазапісе п’есы К. Чорнага “Базылевічава сям’я”, пастаўленай удзельнікамі тэатральнай студыі “Іскрынка”, што працуе пры музеі з 1997 года.

Дырэкцыя і настаўнікі Цімкавіцкай СШ, капыльскай  гімназіі  і  СШ №  2 г. Капыля ўспрынялі гэтыя дзве юбілейныя даты, як важныя ў нашым жыцці. І вучні 5-11 класаў Цімкавіцкай СШ, 7-11 класаў гімназіі № 1, 5-10 класаў СШ № 2, 5 і 8 класаў СШ № 3 г. Капыля паўдзельнічалі ў гэтым мерапрыемстве.

Да 110-годдзя з дня нараджэння К. Чорнага наведалі музей вучні Доктаравіцкай СШ, Камсамольскай і малодшых класаў СШ № 2 г. Капыля. Пасля экскурсіі яны паглядзелі інсцэніраваную аповесць К. Чорнага “Насцечка” і казку “Цветик-семицветик” у пастаноўцы ўдзельнікаў тэатра фланелеграфіі “Скарбонка прыгажосці”, які арганізаваны ў 2003 годзе пры музеі сумесна з Цімкавіцкай сельскай бібліятэкай.

Людміла НІЖЭВІЧ,

дырэктар Літаратурнага музея К. Чорнага

Небяспечнае лета

21.10.2024

Гарачае надвор’е, якое ўсталёўваецца апошнімі днямі, прыцягвае людзей да  вадаёмаў.  Зводкі АСВОДа па здарэннях на вадзе таксама становяцца “гарачымі”.

Напрыклад, толькі з 31 мая па 6 чэрвеня 2010 г. на водах Мінскай вобласці патанулі 7 чалавек, з іх двое дзяцей  (хлопчыкі 9 і 12 гадоў з Пухавіцкага і Салігорскага раёнаў). Сярод тапельцаў пяцёра мужчын у нецвярозым стане. Так, у Пухавіцкім раёне патануў 24-гадовы непрацуючы хлопец, у Слуцкім раёне – непрацуючы і працаўнік СВК “Вясейскі пакроў”, у г. Маладзечне – 42-гадовы непрацуючы, у Мінскім раёне на рыбалцы патануў мужчына пенсійнага ўзросту падчас прыступу эпілепсіі.

9 чэрвеня 2010 г. зменная група вадалазаў Салігорскай выратавальнай станцыі падняла з вады цела 13-гадовай дзяўчынкі ў г. Слуцку, якая напярэдадні купалася ў ачышчальных збудаваннях цукровага завода.

АВСОД заклікае: не пакідайце дзяцей без нагляду ля вады, не купайцеся ў адзіночку, нават калі ўмееце плаваць. Таксама звяртаемся да ўсіх кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, навучальных устаноў, дэпутатаў мясцовых Саветаў, усіх жыхароў раёна: давайце весці рашучую барацьбу за жыццё кожнага грамадзяніна, беражыце сябе і сваіх блізкіх, будзьце ўважлівы і асцярожны на вадзе і ля яе.

Марыя КАНЦЭЛЯРЧЫК,

старшыня Капыльскай РДГА АСВОД

Страница 167 из 228