Гарачае надвор’е, якое ўсталёўваецца апошнімі днямі, прыцягвае людзей да вадаёмаў. Зводкі АСВОДа па здарэннях на вадзе таксама становяцца “гарачымі”.
Напрыклад, толькі з 31 мая па 6 чэрвеня 2010 г. на водах Мінскай вобласці патанулі 7 чалавек, з іх двое дзяцей (хлопчыкі 9 і 12 гадоў з Пухавіцкага і Салігорскага раёнаў). Сярод тапельцаў пяцёра мужчын у нецвярозым стане. Так, у Пухавіцкім раёне патануў 24-гадовы непрацуючы хлопец, у Слуцкім раёне – непрацуючы і працаўнік СВК “Вясейскі пакроў”, у г. Маладзечне – 42-гадовы непрацуючы, у Мінскім раёне на рыбалцы патануў мужчына пенсійнага ўзросту падчас прыступу эпілепсіі.
9 чэрвеня 2010 г. зменная група вадалазаў Салігорскай выратавальнай станцыі падняла з вады цела 13-гадовай дзяўчынкі ў г. Слуцку, якая напярэдадні купалася ў ачышчальных збудаваннях цукровага завода.
АВСОД заклікае: не пакідайце дзяцей без нагляду ля вады, не купайцеся ў адзіночку, нават калі ўмееце плаваць. Таксама звяртаемся да ўсіх кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, навучальных устаноў, дэпутатаў мясцовых Саветаў, усіх жыхароў раёна: давайце весці рашучую барацьбу за жыццё кожнага грамадзяніна, беражыце сябе і сваіх блізкіх, будзьце ўважлівы і асцярожны на вадзе і ля яе.
Марыя КАНЦЭЛЯРЧЫК,
старшыня Капыльскай РДГА АСВОД
Комментарии