У шматгадовай практыцы галоўнага агранома закрытага акцыянернага таварыства “Жыліхава” Уладзіміра Ходзіна сёлетні год найбольш спрыяльны для нарыхтоўкі кармоў.
— Травы выраслі добрыя, — гаворыць Уладзімір Іванавіч. — Гэтаму дапамагалі дажджлівае на-двор’е, своечасовыя падкормкі мінеральнымі ўгнаеннямі. Апошняе слова заставалася за арганізацыяй работы, накіраванай на тое, каб паспець у аптымальныя тэрміны ўбраць вырашчанае.
І вось ён – апошні акорд касавіцы. Пазаўчора ва ўрочышчы “Лаўкі”, што знаходзіцца за дванаццаць кіламетраў ад Жыліхава на мяжы з Орлікаўскім лясніцтвам, у другой палове дня закончылі прасаваць сена. Адмахваючыся ад надакучлівых аваднёў, механізатары аглядвалі тэхніку, бо належала прайсці яшчэ 12 кіламетраў да мехдвара па зусім не простай, з калдобінамі дарозе. І адразу ж пачаўся дождж. Ці не адаб’ецца гэта на якасці корму? Галоўны аграном зазначае, што пасля дажджу рулон абветрыцца. Іншая справа, калі б сена не было яшчэ падабрана. Усяго ў гаспадарцы скошаны 105 гектараў сенажацей, 60 з якіх знаходзяцца ў “Лаўках”. З першага ўкосу нарыхтавана 300 тон высакаякаснага корму. І з другога павінны ўзяць яшчэ 200 тон. Травы адразу ж пускаюцца ў рост. Калі спадзе спякота, правядуць падкормку аміячнай салетрай — і ўраджай гарантаваны. Галоўнае, каб усё было зроблена ў свой час.
Наогул у гаспадарцы ўжо нарыхтавана на адну ўмоўную галаву жывёлы па 9,5 цэнтнера кармавых адзінак, што на 4,2 ц больш, чым летась. У сянажныя ямы каля МТФ вёсак Жы-ліхава, Выгода, Гулевічы закладзена 3798 тон сенажу (80% да задання). У гаспадарцы прадумана падыходзяць да нарыхтоўкі гэтага віду корму. Вось і ў мінулым годзе не толькі змаглі зрабіць для сябе паўтарагадовы запас, але і прадаць сянаж некаторым гаспадаркам. І тысяча тон сенажу з мінулага года стала зусім не лішняй нават у сёлетні пашавы перыяд.
Вяртаючыся з аддаленага ўчастка, пад шум дажджу галоўны аграном называе прозвішчы тых, хто правёў работы з якасцю і ў тэрмін. На КЗР падбіралі травяную масу Фёдар Кіеня і Аляксандр Смоліч, якія штодзённа перавыконвалі даведзеныя заданні. На касьбе вызначыліся Аляксандр Яцына і Уладзімір Мяцельскі, на зграбанні – Ігар Грыбок, прасаванні – Васіль Жданко, на адвозцы – Сяргей Валчок, Васіль Балвановіч, на трамбоўцы – Эдуард Артэнян, Аляксандр Мяцельскі, Мікалай Пашкевіч і іншыя.
Марыя ШЭІНА
НА ЗДЫМКАХ: 1. Галоўны аграном У. Ходзін; 2. Механізатары І. Грыбок і В. Жданко пакідаюць ўрочышча “Лаўкі”.
Фота аўтара
Комментарии