Вясёлае лета
Разнастайныя па форме і змесце забаўляльныя мерапрыемствы праводзяцца ў Лясноўскім цэнтры культуры і вольнага часу (на здымку). Падчас акцыі «Навядзём парадак разам» дзеці з вялікім задавальненнем дапамаглі ва ўборцы тэрыторыі, убаку не засталіся нават самыя маленькія. Для вяскоўцаў прайшла «Гадзіна настольных гульняў», а таксама праграма «Добра, калі з раніцы пачынаецца гульня». На свежым паветры час прайшоў хутка і весела. У канцы праграмы хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі салодкія прызы.
Наводзіцца парадак
На тэрыторыі сельсавета спілавана два аварыйныя дрэвы ў в. Выня. Праводзяцца работы па абкошванні населеных пунктаў Пясочнае, Лугавая, Леткаўшчына, Лясное, Бабоўня і Лоцвіны. Працягваецца навядзенне парадку на могілках у Пясочным і Лугавой.
Добры настрой
Добрым настроем у Лоцвінскім цэнтры аматарскай творчасці зарадзіліся юныя жыхары і госці в. Лоцвіны, якія ўдзельнічалі ў вясёлай размінцы «Каб не хварэла спінка». Шукалі адказы ў кнігах на пытанні інтэлектуальнай віктарыны па розных галінах ведаў. Азнаёміліся з выставай «Генацыд. Без тэрміна даўнасці».
Вас выклікае... пункт аховы
На пасяджэнне савета грамадскага пункта аховы правапарадку было выклікана восем чалавек, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Узроставага «цэнзу» няма – у катэгорыю нядобранадзейных трапляюць як маладыя хлопцы і дзяўчаты, так і людзі сталага ўзросту. З кожным з парушальнікаў праведзена прафілактычная гутарка.
Без панікі!
На тэрыторыі сельсавета праводзіцца работа па ліквідацыі парушэнняў пры карыстанні зямлёй. Згодна з данымі аэрафотаздымкаў, выяўлены ўчасткі зямлі, якімі грамадзяне карыстаюцца незаконна. Вяскоўцы запрашаюцца ў сельвыканкам, дзе прадстаўнік аддзела землеўпарадкавання на геапартале зямельна-інфармацыйнай сістэмы Рэспублікі Беларусь паказвае месцы незаконнага землекарыстання і прапануе ліквідаваць парушэнне: адмовіцца ад занятага ўчастка або напісаць заяву на яго далейшае выкарыстанне.
Час актыўнага адпачынку
Кожны тыдзень у Жыліхаўскім СДК збіраецца вясёлая кампанія вяскоўцаў, для якіх праводзяцца розныя мерапрыемствы (на здымку). Так, прайшла дзіцячая дыскатэка «Калі ўсім весела», гульнёвы атракцыён «Трапны стралок», а таксама гадзіна настольных гульняў «Прыйсці першым да фінішу», падчас якой падлеткі выбралі для сябе гульню ў шашкі. А ў рамках праграмы «Міншчына маладзёжная» жыхары аграгарадка прыйшлі на танцавальнае рандэву «Уключы свой рытм», каб патанчыць, пагутарыць і адпачыць пасля цяжкага працоўнага тыдня.
Каб пазбегнуць бяды
На жаль, не ўсе грамадзяне клапоцяцца пра сваю бяспеку і бяспеку блізкіх людзей, многія дапускаюць парушэнні элементарных правіл, што часта прыводзіць да трагічных наступстваў. З мэтай выявіць факты, якія ўяўляюць пагрозу для жыццядзейнасці чалавека, і садзейнічаць іх ліквідацыі, на тэрыторыі сельсавета праводзіцца абследаванне домаўладанняў. У цэнтры ўвагі – адзінокія і адзінока пражываючыя пажылыя грамадзяне, сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна-небяспечным становішчы, вяскоўцы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і злоўжываюць спіртнымі напоямі.
Як адзначыла старшыня Бучацінскага сельвыканкама Святлана Сташаніна, за ліпень абследавана каля трыццаці такіх сем’яў: з імі праведзены прафілактычныя размовы аб недапушчэнні дзеянняў, якія могуць стварыць прычыны і ўмовы для гібелі і траўматызму людзей.
В Беларуси в 2024/2025 учебном году в каждом учреждении образования вводится обязательная школьная форма.
Хотите узнать, где выгодно к новому учебному году купить тетрадь, ручку и дневник?.. Читайте наш материал!