Вялікая колькасць салдат, якія нарадзіліся і выраслі ў гарадах і вёсках Расіі, знайшлі свой апошні прытулак на капыльскай зямлі, вызваляючы яе ад фашысцкай навалы.
Замест уступу
Аднойчы, калі мы з васьмігадовым сынам праходзілі каля помніка воінам, загінуўшым пры вызваленні Капыля, што знаходзіцца па вуліцы Цімкавіцкай, ён прачытаў імёны на пліце і запытаў: «Мама, а хто гэтыя салдаты?» На жаль, я змагла расказаць толькі пра Краснабаева. Дзякуючы даследаванням, зробленым у свой час былым дырэктарам СШ №2 г. Капыля Багдановічам Б. К., мы зараз узгадаем некаторых салдат, ураджэнцаў Расіі, якія заплацілі сваім жыццём за свабоду нашага краю. Успомнім – і проста схілім галовы.
Архіпаў Пётр Фёдаравіч, гвардыі яфрэйтар 36-га гвардыі мінамётнага палка. Загінуў 20-гадовым юнаком 6 ліпеня 44-га. Родам з Татарстана. Ён рос вясёлым хлапчуком, добра вучыўся, за што настаўнікі выказвалі словы ўдзячнасці яго матулі. На фронт пайшоў добраахвотнікам у 42-м. У лістах да маці пісаў, каб не хвалявалася за яго, абяцаў вярнуцца пасля перамогі жывым.
Дурасаў Міхаіл Мікалаевіч, рабочы з Масквы. Вайсковая часць, у якой ён служыў, была разбіта яшчэ ў самым пачатку вайны. Але патрыёт працягваў помсціць са зброяй у руках: адным з першых уліўся ў партызанскі рух на Капыльшчыне. Быў камандзірам дыверсійнай групы атрада імя Шчорса, падарваў на мінах сем эшалонаў. За мужнасць узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Ён неаднаразова падымаў партызан у контратакі. Для яго апошнім стаў Старыцкі бой 7 лістапада 1942 года: падарваўся на варожай міне. 1 ліпеня 1944 года цела Дурасава было перавезена ў Капыль і пахавана тут разам з іншымі вызваліцелямі.
[caption id="attachment_39889" align="aligncenter" width="580"]
На вахце памяці піянеры і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Пётр Пятровіч Малевіч[/caption]
Захараў Барыс Пятровіч, радавы 255-га палка ППА. Нарадзіўся ў г. Новачаркаску Растоўскай вобласці. Па-геройску загінуў 1 ліпеня 1944 года. Яму было ўсяго 19. Як пазней пісала яго матуля, ён быў вельмі здольны юнак, кожны клас заканчваў з пахвальнай граматай. З музычнай школы таксама меў падзякі, выдатна маляваў. Яго маці, васьмідзесяцігадовай Усціне Раманаўне, было вельмі цяжка, але ў 60-я яна прыязджала з Новачаркаска, каб наведаць магілу сына.
Збоеў Аксенцій Кузьміч, старшына. На Капыльшчыну трапіў у складзе ўсё таго ж 255-га палка ППА. Яму быў усяго 21 год, калі ён, ураджэнец г. Саратава, 1 ліпеня 1944-га загінуў на капыльскай зямлі.
Шчэкатураў Іван Мітрафанавіч, радавы, наводчык 255-га палка ППА. Аддаў сваё жыццё 1 ліпеня 44-га. На фронт ён трапіў са Смаленшчыны. Яго матуля, Соф’я Канстанцінаўна, звяртаючыся ў далёкія 60-я да вучняў СШ №1 г. Капыля, у сваім лісце шчыра дзякавала юнакам і дзяўчатам за тое, што яны захоўваюць памяць пра яе сына.
Краснабаеў Аляксандр Аляксандравіч, гвардыі старшы сяржант. Загінуў 7 ліпеня 1944 года. Група, у якую ўваходзіла сем чалавек і якую ўзначальваў гвардыі капітан Шаўчук, таксама масквіч, паехала ў разведку па дарозе. Ноччу, на ўскрайку адной з вёсак, салдатаў акружылі немцы. Быў прыняты няроўны бой. Цяжка параненыя Аляксандр Краснабаеў і капітан Шаўчук трапілі ў рукі ворагаў. Састарэлая жанчына, якая жыла ў зямлянцы недалёка ад таго месца, бачыла, як немцы доўга здзекаваліся з капітана, потым выстралілі ў жывот. Цяжка прыйшлося і Краснабаеву... Дарэчы, калі да нас, навучэнцаў СШ №2 г. Капыля, недзе ў 80-я прыязджала з Масквы яго жонка Ганна Іванаўна, яна расказвала, што Аляксандр быў вельмі добрым і ўважлівым сем’янінам, любіў сваіх дзвюх дачок.
Ламакін Андрэй Аляксеевіч, радавы. Загінуў таксама 1 ліпеня. Ажно са Стаўраполля прыходзілі ў наш горад лісты ад яго жонкі. Яна называла вучняў СШ №1 г. Капыля, якія ў 60-я гады ХХ стагоддзя праводзілі пошукавую работу, – «самымі дарагімі і блізкімі сваякамі!».
Спірын Фёдар Кузьміч, старшына. Родам з Пензенскай вобласці. Загінуў ужо пасля вызвалення Капыля 5 ліпеня 1944 года.
Чэкмянёў Рыгор Анатольевіч, родам са Стаўраполля, камандзір узвода артылерыйска-мінамётнага палка 30-й кавалерыйскай дывізіі, старшы лейтэнант. На другі дзень пасля вызвалення Капыля на невялікую групу нашых воінаў пайшлі ў атаку нямецкія пехацінцы (каля двух палкоў) пад прыкрыццём 12 цяжкіх танкаў. Чэкмянёў прымае рашэнне адсекчы пяхоту ад танкаў. Артылерысты і аўтаматчыкі з аддзялення прыкрыцця перакацілі гарматы на фланг. Па камандзе трапнымі выстраламі падбілі некалькі танкаў. Гітлераўцы адышлі. Бой быў кровапралітны. У момант, калі ворагі ў наступны раз пайшлі ў атаку, ва ўвесь рост падняўся камандзір Чэкмянёў. Гэта была апошняя яго атака… За праяўленыя мужнасць і гераізм Чэкмянёву было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Пасмяротна.
Чыркоў Раман Іванавіч, старшы сяржант. Загінуў таксама 1 ліпеня. З Арэнбургскай вобласці прыходзілі лісты ад яго дачкі Паліны Раманаўны.
Іваноў Фёдар Паўлавіч. У в. Каменка Біжбулякскага раёна Башкірскай АССР прыйшла пахавальная: камандзір батарэі гвардыі капітан Іваноў Фёдар Паўлавіч у баі за сацыялістычную Радзіму загінуў 1 ліпеня 1944 года. А нарадзіўся ён у 1922 годзе, скончыў сямігодку, педагагічнае вучылішча, паспеў папрацаваць настаўнікам. Перад вайной паступіў у зенітна-артылерыйскае вучылішча, якое скончыў ужо ў пачатку Вялікай Айчыннай і адразу ж быў накіраваны на фронт.
Дзіяна ТКАЧЭНКА
Фота Маргарыты САКОВІЧ
Выкарыстаны матэрыялы з «СП» за 1964, 1966 і 1975 гады.